Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Папа Францішак адчувае сваю місію, таму ён можа і павінны гэтак казаць»


Папа Францішак
Папа Францішак
Папа рымскі Францішак у інтэрвію замежным каталіцкім мэдыям заявіў, што царква занадта засяроджваецца на пытаньнях абортаў, аднаполых шлюбаў і кантролю за нараджальнасьцю. А таксама што хрысьціяне павінны удзельнічаць у палітыцы. Гэтыя выказваньні пантыфіка камэнтуюць вернікі і прадстаўнікі каталіцкага касьцёлу ў Беларусі.

Пісьменьніца і рэдактарка каталіцкага дзіцячага часопіса «Маленькі рыцар Беззаганнай» Ірына Жарнасек мяркуе, што папа Францішак падае прыклад жывога касьцёла, блізкага да жыцьця людзей:

«Цяперашні папа рымскі Францішак мне вельмі сымпатычны, і я зьвязваю зь ім спадзяваньні на сур’ёзнае абнаўленьне ў касьцёле. Мы часта любім трэсьціся толькі над захаваньнем традыцыяў, нам падаецца гэта вельмі важным. А разам з тым гэта патыхае ўжо мярцьвячынай — гэта я агулам пра жыцьцё кажу. Зрэшты, гэты папа ўжо сябе паказаў: чалавек жывой веры, не баіцца глядзець на трушчобы, на розныя балючыя пытаньні, выказвацца пра іх. Ня ведаю, ці памыляецца альбо не ў гэтых пытаньнях, але зь іншага боку — калі толькі забараняць, не пушчаць, нічога не дазваляць, то таксама гэтак нельга. Бо жыцьцё ж — яно шматграннае».

Кінарэжысэр, заснавальнік каталіцкага кінафэстывалю «Магніфікат» Юры Гурулёў перакананы, што выказваньні папы Францішка прадыктаваныя ягоным місійным пакліканьнем:

«Мне падабаецца гэты чалавек ужо таму, што, да прыкладу, пасьля Яна Паўла ІІ да папы рымскага нават біскупам было складана трапіць. А гэты чалавек сапраўды просты, і ў яго могуць быць таксама і свае правілы ў стаўленьні да жыцьця. Таму мне падаецца, што гэтым выказваньням ня варта і дзівіцца. А што тычыцца палітыкі, то ў цяперашняй сытуацыі ад гэтага ўвогуле нікуды ня дзецца. Так, у вярхах духоўныя герархі кажуць, што ня трэба займацца палітыкай. А тым часам — усе ў палітыцы. Альбо, як Ян Павал змагаўся з камунізмам у адкрытую? Проста папа Францішак адчувае ў сабе сваю місію. Таму ён можа і павінны гэтак казаць».

Ксёндз Юры Барок кажа, што выказваньні папы Францішка добра прадуманыя і ўзважаныя:
Перадусім у чалавеку мы павінны бачыць аблічча Божае, ягоную чалавечую годнасьць

«Адносна сэксуальных меншасьцяў пагаджаюся з пантыфікам, бо ўрэшце рэшт — Эвангельле нам кажа, што мы павінны быць міласэрднымі, мы павінны любіць, мы павінны шукаць дыялёгу. Папа ні ў якім выпадку ня робіць ніякай прамоцыі, але адначасна кажа, што ня важна, якую сэксуальнасьць мае чалавек. Перадусім у чалавеку мы павінны бачыць аблічча Божае, ягоную чалавечую годнасьць. Тут няма чаго запярэчыць, бо жыцьцё чалавека шмат больш шырокае, і таксама нельга зрэдукаваць пасланьне Хрыста толькі на змаганьне з абортамі. Таму мне падаецца, што заўвага папы Францішка цалкам слушная і ўзважаная. Мне падаецца, што большасьць людзей абсалютна падзяляе гэтае стаўленьне і ягоную ацэнку.

Ну і адносна палітыкі, што добры католік павінны ўмешвацца ў палітыку, павінны займаць пазыцыю. Тут таксама не запярэчыш, бо ўсё сацыяльнае вучэньне касьцёла і дакумэнты, прынятыя Другім Ватыканскім, ніхто не адмяняў. Папа толькі чарговы раз падкрэсьліў, што так — нічога не зьмянілася, чалавек павінны быць заангажаваны ў гэтыя сацыяльныя працэсы. Бо словы Эвангельля застаюцца актуальнымі і сёньня: кесару трэба даць толькі кесарава, а Богу Божае. І чалавек, тым больш хрысьціянін, павінны займаць актыўную грамадзянскую пазыцыю. Таму папа падцьвердзіў тое вучэньне, якое мы часам ігнаруем, а пэўным колам гэта выгадна — забыць, не зьвяртаць увагі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG