Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэская студэнтка пералічыла грошы беларускім палітвязьням


Тэрэза Райхелава, фота сайту "Грамадзянская Беларусь".
Тэрэза Райхелава, фота сайту "Грамадзянская Беларусь".
На дабрачынны рахунак, створаны дзеля падтрымкі ахвяраў палітычных рэпрэсій у Беларусі каля 15 000 чэскіх крон (каля 780 даляраў) пералічыла навучэнка праскай Арцыбіскупскай гімназіі Тэрэза Райхелава, піша сайт «Грамадзянская Беларусь».

Тэрэза перамагла ў конкурсе Бібліятэкі Вацлава Гавэла на найлепшае вучнёўскае эсэ на тэму «Як вы ўяўляеце сабе будучага чэскага прэзыдэнта?»

«Грамадзянская Беларусь»: Што Вас падштурхнула да рашэньня ахвяраваць сваю ўзнагароду за перамогу ў літаратурным конкурсе на падтрымку беларускага дысыдэнцкага руху?

Тэрэза Райхелава: Непасрэдна «Вясна» была абраная ў выніку зьбегу абставінаў: незадоўга да гэтага рэжым Лукашэнкі канфіскаваў іхні офіс, а я не разьлічвала на атрыманьне гэтых грошай, таму мне гэта здалося лягічным крокам.

Але, шчыра кажучы, я ня ведаю, чаму пачала сачыць за Ўсходняй Эўропай. Не памятаю. Цяпер, думаючы пра гэта, я знаходжу розныя аргумэнты, чаму мне варта грунтоўна цікавіцца дзяржавамі былога савецкага блёку, але гэта хутчэй вынікі нейкай рацыяналізацыі постфактум, чым усьведамленьня сапраўднага тагачаснага імпульсу...

«Грамадзянская Беларусь»: Што Вы ўяўляеце сабе пад азначэньнем «Усходняя Эўропа»? Якое вашае стаўленьне да яе?

Тэрэза Райхелава: Рэгіянальна я ўяўляю сабе Беларусь, Украіну, Армэнію, Азэрбайджан, Грузію, Малдову, Прыднястроўе, Паўднёвую Асэтыю, Нагорны Карабах, Абхазію — краіны з досьведам савецкага камунізму, якія, гэтаксама як і Цэнтральная Еўропа, намагаюцца вызначыць саміх сябе ў дэмакратычным сьвеце пасьля халоднай вайны. А мяжу паміж Усходняй і Цэнтральнай Эўропай для мяне галоўным чынам вызначае бадай што тое, што адбывалася пасьля распаду Савецкага Саюза ў дзевяностых гадах.

нас, грамадзянаў Чэхіі, як і ўсю Цэнтральную Эўропу, зь ёй зьвязвае пэўная частка нашай сёньняшняй культуры
Мае адносіны да яе — як гэта сказаць — яны не асабістыя, не на ўзроўні кроўных ці сяброўскіх повязяў ва Ўсходняй Эўропе. Хутчэй мне здаецца, што нас, грамадзянаў Чэхіі, як і ўсю Цэнтральную Эўропу, зь ёй зьвязвае пэўная частка нашай сёньняшняй культуры. Праз дваццаць гадоў выяўляецца, што «рэвалюцыя» і «зьвядзеньне рахункаў з камуністычнай мінуўшчынай» — не такая простая рэч, і мне здаецца, што нас (я маю на ўвазе сваё «пасьлялістападаўскае» пакаленьне) крыху падштурхоўваюць да таго, каб мы разам з камунізмам адрынулі і нашых усходніх «суседзяў» і як мага хутчэй скапіявалі Захад, ня маючы грамадзкага падмурку для будаваньня заходніх інстытутаў. Мы гэтак жа, як і Ўсходняя Эўропа, шукаем нацыянальную ідэнтычнасьць, і было б больш справядліва ўлучыць у яе непрыемную гісторыю і досьвед, а не ігнараваць іх і рабіць выгляд, нібыта нічога не было, нібыта нашая дэмакратыя такая ж разьвітая, як у Англіі, і таму мы пяроймем у іх усё — і гатова. Усе параўнаньні, напрыклад, чэскага і брытанскага парлямэнту або чэскіх і амэрыканскіх СМІ ня маюць сэнсу. Таму для мяне Ўсходняя Еўропа — гэта галоўны рэгіён, на які трэба зважаць, калі мы хочам зразумець, хто мы і што ды як нам трэба рабіць.

«Грамадзянская Беларусь»: На сёньняшні дзень значная частка маладых людзей не надта цікавіцца грамадзкім жыцьцём. Якія фактары, на Ваш погляд, дапамагаюць фармаваць у маладым пакаленьні актыўную грамадзкую пазыцыю ўвогуле і якія акалічнасьці адыгралі ролю ў Вашым выпадку?

я пажадала б такога прэзыдэнта, які не дазваляе сабе зьнішчаць годнасьць сваёй пасады ўласнымі эмоцыямі і забабонамі і які будзе ставіць каштоўнасьці канстытуцыйнай дэмакратыі і правоў чалавека вышэй за інтарэсы гандлю з Расеяй
Тэрэза Райхелава: Цяжка сказаць. У Празе я бачу адваротную сытуацыю. Мне здаецца, што палітыкай цікавіцца абсалютная большасьць, але як з гэтым у іншых месцах, не ведаю. Я маю на ўвазе тое, што большасьць маладых людзей у маім атачэньні цікавіцца палітыкай, але ня хоча мець зь ёй нічога агульнага ў сэнсе ўступленьня ў палітычныя партыі або ініцыятывы. Можа быць, гэта адбываецца таму — ці прынамсі ў мяне было так — што гэта бег на доўгую дыстанцыю. У выпадках кароткатэрміновых акцыяў, як, напрыклад, вясновая перадвыбарная кампанія Карла Шварцэнбэрга, узьнялася вялізная хваля актыўнай падтрымкі і цікавасьці.

"Грамадзянская Беларусь": У літаратурным конкурсе Вы ўдзельнічалі з тэкстам на тэму «Як вы ўяўляеце сабе будучага чэскага прэзідэнта». Якога прэзыдэнта Вы б пажадалі Беларусі?

Тэрэза Райхелава: Ох! Я не адчуваю сябе ў праве ў рэальнасьці пажадаць Беларусі такога прэзыдэнта, які б быў даспадобы мне. Але я асабіста пажадала б ім такога прэзыдэнта, які не дазваляе сабе зьнішчаць годнасьць сваёй пасады ўласнымі эмоцыямі і забабонамі і які будзе ставіць каштоўнасьці канстытуцыйнай дэмакратыі і правоў чалавека вышэй за інтарэсы гандлю з Расеяй.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG