Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэхія афіцыйна прызнала беларусаў


Пікет ля беларускай амбасады ў Празе
Пікет ля беларускай амбасады ў Празе

У сераду чэскі ўрад прызнаў беларусаў і віетнамцаў афіцыйнымі нацыянальнымі меншасьцямі і пастанавіў прызначыць прадстаўнікоў абедзьвюх супольнасьцяў у Дзяржаўную раду па нацыянальных меншасьцях.

У Чэхіі прызнаньне нацыянальнай меншасьцю аўтаматычна дае права на дзяржаўную падтрымку сваёй мовы і культуры. Дагэтуль статус меншасьці мелі 12 нацыянальнасьцяў: баўгары, харваты, вугорцы, немцы, палякі, славакі, сэрбы, цыганы, русіны, рускія, грэкі, украінцы.

Урад вырашыў пашырыць Раду нацыянальных меншасьцяў на прапанову міністра замежных справаў Карла Шварцэнберга і камісара па правах чалавека Монікі Шымункавай. Абедзьве супольнасьці дамагаліся афіцыйнага прызнаньня некалькі гадоў. Беларусаў ад грамадзкага аб’яднаньня «Пагоня» будзе прадстаўляць Адам Каліта.

Статус меншасьці ў Чэхіі дае магчымасьці нацыянальным супольнасьцям для разьвіцьця іх культуры, традыцый і мовы. У рэгіёнах з кампактным пражываньнем віетнамцаў альбо беларусаў іх дзеці маглі б вучыцца па-віетнамску ці па-беларуску. Афіцыйны статус забясьпечвае для членаў меншасьцяў права карыстацца сваёй мовай ў афіцыйных установах і судах.

Меншасьці павінны адпавядаць двум асноўным умовам: іх супольнасьць павінна гістарычна дзейнічаць на тэрыторыі Чэхіі (дакладны час законам ня вызначаны), і мець дастатковую колькасьць чальцоў з чэскім грамадзянствам (іх колькасьць таксама ня вызначана).

«Наша суполка «Пагоня» дамагалася гэтага цягам апошніх трох гадоў. Быў зроблены велізарны гістарычны аналіз пры падтрымцы чэскіх гісторыкаў. Працэс прызнаньня быў няпростым, але мы нарэшце дамагліся гэтага, — сказаў «Свабодзе» сябра суполкі Віталь Цімошчанка.

Беларусы маюць сувязі з чэскімі землямі пачынаючы з 16 стагодзьдзя. Вялікая хваля беларускай эміграцыі ў Чэхаславаччыну адбылася ў 20-х гадах мінулага стагодзьдзя ў сувязі з прыходам бальшавікоў. Другая значная эміграцыя адбываецца ў апошнія дваццаць гадоў. Цяпер у Чэхіі афіцыйна зарэгістравана некалькі тысяч беларусаў. Яны прыяжджаюць сюды ў асноўным па эканамічных і палітычных прычынах, значная частка грамады — студэнты.

Віетнамцы прыяжджалі ў Чэхаславаччыну ў асноўным на вучобу, асноўная іх міграцыя пачалася пасьля 1989 году. У Чэхіі іх легальна пражывае каля 65 000.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG