Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пётра Садоўскі: «Кніжка Навумчыка — гэта дакумэнтальны рэпартаж»


Чарговы том кніжнай сэрыі Бібліятэка Свабоды прэзэнтуецца ў Менску 16 верасьня а 18-й на сядзібе БНФ (вул. Чарнышэўскага, 3). Яго склалі ўспаміны журналіста і палітыка Сяргея Навумчыка пра пераломны ў найноўшай беларускай гісторыі год — 1991-ы, калі краіны стала незалежнай. Пра кнігу Сяргея Навумчыка «Дзевяноста першы» гаворыць ягоны былы калега па Вярхоўным Савеце XII скліканьня, першы амбасадар незалежнай Беларусі ў Нямеччыне Пётра Садоўскі.

«Сяргеевы дзьве папярэднія кніжкі я чытаў. Павінен сказаць, што вось гэтая апошняя мне спадабалася найбольш.

Па-першае, вельмі добрая, дынамічная, кароткая назва. Тут мне ўзгадваецца і Віктор Гюго зь яго „Дзевяноста трэцім годам“, і Джордж Оруэл зь ягоным „1984“, і нават пра наш „першы мікрафон“ нешта тут чытаецца. Ну — гэта мае асабістыя такія асацыяцыі.

Канечне, каштоўнасьць кніжкі ў тым, што тут ідуць цытацыі з пратаколаў, нейкіх лістоў, заяваў. Па жанры я б вызначыў кніжку як нейкі дакумэнтальны рэпартаж.

Калі ж гаварыць непасрэдна пра дзевяноста першы год — гэта быў адзін з самых важнейшых гадоў нашай дзейнасьці ў Вярхоўным Савеце. Я ня ведаю, што плянуе далей Сяргей. Ці ён будзе кожны год так апісваць, або гэта проста ўзяў адзін вось такі нейкі слуп — дзевяноста першы год. І нейкія там яму рабіць пажаданьні, заўвагі, я лічу, увогуле было б некарэктна. Трэба з павагай ставіцца да аўтара. Ён напісаў тое, што хацеў, тое, што адпавядае яго бачаньню, яго эмоцыям, яго стылю. Тут у мяне такіх заўваг і быць ня можа.

У мяне погляд трошачкі, можа, іншы на тыя падзеі, паколькі я быў членам Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету, адзіным з усёй апазыцыі нашай. І некаторыя рэчы мне, канечне, трошкі бачацца па-іншаму. Я пісаў нешта падобнае ў кніжцы, якая называецца „Мой шыбалет“.

Увогуле, вось гэтыя дзёньнікавыя запісы Сяргея Навумчыка дазволілі яму пазьбегнуць так званых абэрацыяў памяці. Калі чалавек піша ўспаміны і калі ў яго няма канкрэтных храналягічных запісаў падзеяў, у яго можа нешта паблытацца, нешта адно на другое наслаіцца. У гэтым сэнсе — у Навумчыка выдатны тэкст».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG