Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэрмін зьняволеньня Саракашыша працягнулі


СІЗА КДБ
СІЗА КДБ

Утрыманьне пад вартай грамадзяніна Расеі Георгія Саракашыша — былога дырэктара cочынскага санаторыя «Беларусь», які належыць кіраўніцтву спраў прэзыдэнта — працягнулі да 21 кастрычніка.

«21-га кастрычніка будзе ўжо 10 месяцаў, як бацька пад вартай. Тлумачаць коратка, што ідзе сьледзтва. І ўсё. Але не заўважна, як і дзе тое сьледзтва ідзе», — сказаў карэспандэнту Свабоды сын Георгія Саракашыша Канстанцін.

«Тым больш што на фоне апошніх падзей і чарговых такіх жа арыштаў, таго ж Баўмгертнэра, ім наагул не да гэтай справы», — адзначыў Канстанцін Саракашыш.

Ён апавёў, што адвакаты маюць доступ да бацькі.

Тым часам санаторый «Беларусь» прайграе справы ў арбітражным судзе Краснадарскага краю. Адна з апошніх зьвязаная з устаноўкай у сочынскім санаторыі «Беларусь» апаратуры для праслухоўваньня, якую выявіла ўправа ФСБ Расеі па Краснадарскім краі.

У санаторыі, які належыць Кіраўніцтву спраў прэзыдэнта Беларусі, без адпаведнай ліцэнзіі й дазволу былі ўсталяваныя тэхнічныя сродкі СОРМ для правядзеньня апэратыўна-вышуковых мерапрыемстваў пры дапамозе тэлефоннай сувязі.

Грамадзянін Расеі Георгі Саракашыш, які ў сьнежні мінулага году быў таемна затрыманы беларускімі спэцслужбамі падчас камандзіроўкі ў Менску, падазраецца ў крадзяжы шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі.

Новым дырэктарам санаторыя «Беларусь» прызначаны Ўладзімер Рыжанкоў, які кіраваў дэпартамэнтам гуманітарнай дзейнасьці ў Кіраўніцтве спраў прэзыдэнта, быў начальнікам мэдычнага ўпраўленьня комплексу «Менск-Арэна».

Пад перасьлед трапіў і намесьнік Саракашыша, беларус Аляксандар Кізім. Былы першы намесьнік кіраўніка спраў прэзыдэнта Анатоль Дазораў быў звольнены яшчэ на пачатку году. Потым пайшоў у адстаўку і кіраўнік спраў прэзыдэнта Мікалай Корбут, які, паводле неафіцыйнай інфармацыі, трапіў нават пад хатні арышт. На яго месца прызначаны Віктар Шэйман.

Санаторый «Беларусь» месьціцца ў горадзе Сочы на ўзьбярэжжы Чорнага мора. Там ня раз адпачываў кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка. У гэты санаторый таксама атрымліваюць пуцёўкі чыноўнікі, прамыслоўцы, спартоўцы, сябры прафсаюзаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG