Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьезд славістаў: ці апраўдаюцца спадзяваньні?


Міжнародны зьезд славістаў
Міжнародны зьезд славістаў

У Менску завяршыўся ХV Міжнародны зьезд славістаў, які ў Беларусі прайшоў упершыню.

Каля 600 дасьледчыкаў цягам тыдня абмяркоўвалі навуковыя пытаньні, зьвязаныя са славянскімі мовамі і літаратурамі ў розных краінах сьвету. Беларускія навукоўцы спадзяюцца, што вынікам форуму стане большая ўвага дзяржавы да праблемаў нацыянальнай культуры.

Яшчэ на пачатку зьезду ўдзельнікі форуму ад беларускай дэлегацыі выказвалі спадзяваньні, што міжнародная навуковая супольнасьць, акрамя пытаньняў агульнаславянскіх, засяродзіць увагу на праблемах беларускай мовы, літаратуры і культуры. Практычная арганізацыя зьезду — яшчэ адзін важны складнік прадстаўнічага форуму. У Менску яе забясьпечвалі вышэйшыя ўладныя структуры, такія, як урад, Нацыянальная акадэмія навук, Менгарвыканкам. Тут безь недахопаў таксама не абышлося, кажа яшчэ адзін удзельнік, пісьменьнік Васіль Якавенка:

Васіль Якавенка
Васіль Якавенка
«Зьезд быў нібыта закрытым. Да прыкладу, мне нават не дасталося праграмы. Я быў запрошаны, лічыў сябе ўдзельнікам, але пасьля высьветлілася, што праграма і ўсе дакумэнты зьезду выдаюцца толькі дакладчыкам. Калі казаць пра першыя паседжаньні, уступныя словы і даклады, то там яскрава гучала думка, што ў нас усё добра, усё разьвіваецца: культура, мова, а таму зьезд і было вырашана правесьці ў Беларусі, што яна мае станоўчы вопыт. Вопыт у нас ёсьць, але з адмоўным знакам, асабліва ў галіне мовы і культуры агулам. Інакш і не магло быць, бо зьезд праходзіў пры ўдзеле і пад патранажам уладаў. Тым ня менш я сустракаўся зь нямецкімі калегамі, а яны даволі добра ведаюць сытуацыю, дык вось яны канстатавалі, што ўлады недастаткова ўвагі аддаюць разьвіцьцю беларускай мовы. Вось гэтая заўвага надзвычай актуальная. Таму гэты зьезд мог бы ўзбагаціць нас дадатковым вопытам і практыкамі. Але ў нас не прывыклі — найперш улады — прымаць пад увагу тое, што адбываецца ў сьвеце, што ў нас павінна быць, і рабіць нейкія карэктывы. У нас гэта ўсё ўжо даўно і назаўсёды вырашана. Таму, калі адбываецца распад беларускай мовы, то ў вярхах пра гэта і клопат невялікі».

На тое, што Міжнародны зьезд славістаў перадусім мае прынесьці плён у пэрспэктыве, спадзяецца і госьць форуму, паэт Генадзь Бураўкін:

Генадзь Бураўкін
Генадзь Бураўкін
«Гэтая падзея вельмі важная, бо ёсьць магчымасьць вачыма нашых сяброў, а ўсе дэлегаты і ўдзельнікі — бясспрэчна нашы сябры і сябры беларускай мовы, культуры і гісторыі, — паглядзець, як разьвіваецца наша беларуская літаратура, культура і што нас чакае ў будучыні. Мне падаецца, што вельмі важнымі былі выступы, якія ўсе высока ацэньвалі магчымасьці беларускай мовы. Па-другое, усе яны з трывогай казалі, што ў разьвіцьці беларускай мовы, дзяржаўнай мовы беларусаў ёсьць штосьці трывожнае. Калі з адказнасьцю думаць пра будучыню Беларусі, то гэта павінна вымусіць высокіх чыноўнікаў — перадусім Міністэрства культуры, адукацыі — задумацца. Магчыма, за тымі заліхвацкімі заявамі пра росквіт, пра разьвіцьцё розных праграм хаваюцца вельмі непрыемныя рэчы, якія яшчэ магчыма выправіць. І ў гэтым зацікаўленыя ня толькі мы, а ўвесь славянскі сьвет. Таму вось гэты зьезд павінен вымусіць наша высокае дзяржаўнае чынавенства задумацца пра тую нацыянальную палітыку, якая праводзіцца ў нашай беларускай нацыянальнай дзяржаве. А таксама пра тое месца, якое ва ўсім гэтым займае беларуская нацыянальная мова».

Міжнародныя зьезды славістаў — буйныя навуковыя форумы, прысьвечаныя праблемам разьвіцьця славянскіх моваў, літаратураў, культураў, фальклёру ў іх узаемадзеяньні. Такія форумы праводзяцца з 1929 году кожныя пяць гадоў у розных славянскіх краінах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG