Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забраць машыну са штрафстаянкі: бясплатна, зморам


Апошнім часам прыкметны розгалас набываюць выпадкі канфліктаў і непаразуменьняў паміж насельніцтвам і міліцыяй — шмат хто з грамадзян ставіць пад сумнеў кампэтэнтнасьць міліцыянтаў, заяўляючы пра гэта як у віртуальнай прасторы, так і ў судах.

Ці рэальна аспрэчыць дзеяньні людзей у пагонах і колькі гэта будзе каштаваць у выпадку паразы?

Гвалт у сьледчых ізалятарах, паляваньне на аўтараў запісаў у сацыяльных сетках, затрыманьні тых, хто «няправільна» трактаваў побыт у спальных раёнах, «крышаваньне» прастытутак за адпаведныя паслугі. Такія загалоўкі можна было сустрэць на навінных рэсурсах цягам апошніх дзён. Ёсьць і рэальныя прозьвішчы: памёр на Валадарцы з прыкметамі фізычнага гвалту Ігар Пцічкін, аштрафавалі на 7 мільёнаў рублёў за «абразу» міліцыянтаў тэатральнага дзеяча Андрэя Карэліна, асудзілі на 7 сутак аматара відэахронікі Руслана Мірзоева. Безыменным застаўся толькі лейтэнант, які спрыяў працы прастытутак.

Большасьць людзей не рызыкуе выказваць незадаволенасьць на адрас сілавікоў — маўляў, абыдзецца сабе даражэй. Таму спраўна плацяць штрафы, ідуць па тэлефонным званку ў аддзяленьні, маўчаць, калі іх там прыніжаюць. Аднак ёсьць і тыя, хто гатовы даводзіць сваю праўду.

Мянчук Аляксандар Ляшчэня быў пазбаўлены пасьведчаньня кіроўцы за два перавышэньні хуткасьці цягам году. Калі гнаў паказаць пакупніку машыну, якая на бліжэйшыя паўгода была ўжо непатрэбная, яго спыніў экіпаж Дзяржаўтаінспэкцыі. За язду без правоў на хлопца склалі адміністрацыйны пратакол, а аўтамабіль транспартавалі на так званую штрафстаянку. Пасьля гэтага распачалося доўгае супрацьстаяньне грамадзяніна Ляшчэні зь міліцэйскім падразьдзяленьнем:

«Паводле іхніх правілаў, калі машына трапляе на штрафстаянку, я павінен прыйсьці ў ДАІ і сплаціць штраф, што ехаў без правоў. Мне даюць паперку, я яе нясу на штрафстаянку, пасьля чаго вяртаюць машыну — з умовай, што аплачу колькасьць дзён, якія ў іх аўто прастаяла. Цягам двух тыдняў я зьбіраў грошы, бо штраф склаў ажно 2 мільёны рублёў. Але трэба было яшчэ плаціць за паслугі стаянкі. Фішка ў чым: калі я туды прыйшоў, мне сказалі: ОК, давай паперку, плаці за два тыдні прастою і забірай машыну. Сума тым часам вылецела нармальная — яшчэ 2 мільёны. Зразумела, мне гэта не спадабалася, і я плаціць не хацеў. За якія, уласна кажучы, паслугі? Шмат чаго начытаўся на беларускіх форумах, на расейскіх, зразумеў, што да чаго і як сябе паводзіць. І калі пачаў паглыбляцца ў нюансы, зрабіў нечаканае адкрыцьцё: аказалася, што ў Беларусі такога афіцыйнага паняцьця, як штрафстаянка, няма ўвогуле!»
Аказалася, што ў Беларусі такога афіцыйнага паняцьця, як штрафстаянка, няма ўвогуле!

Насамрэч існуюць ахоўныя стаянкі, якія паводле дамоваў зь міліцыяй выкарыстоўваюцца для захаваньня арыштаваных аўтамабіляў. З улікам новых акалічнасьцяў Аляксандар цалкам зьмяніў стратэгію барацьбы:

«Кажу ім: хлопцы, вельмі добра. Паказвайце мне дамову, якую я з вамі нібыта заключыў на захаваньне транспартнага сродку, паказвайце суму, зыходзячы зь якой я нешта вам вінен, і я заплачу, няма пытаньняў. Яны ашалелі: ды ты што сабе дазваляеш? Ты парушыў правілы, тваю машыну даішнікі прывезьлі на штрафстаянку, а ты нам яшчэ нешта прад’яўляеш? У нас ёсьць прэйскурант, плаці па ім, і ўсё. Узялі, як кажуць, на понт. Але паколькі няма ў нас штрафстаянак і няма ў мяне зь імі ніякай дамовы, то я ім нічога і ня вінен. Так, мабыць, ёсьць у міліцыі дамова са стаянкай, маю машыну забрала ДАІ і адвезла на іхнюю штрафстаянку — дык няхай яны паміж сабой і разьбіраюцца! Я дазволу і згоды на гэта не даваў і плаціць за штрафстаянку, тым больш без адпаведнай дамовы, не зьбіраюся».

Наступны месяц пазбаўлены правоў кіроўца спраўна атрымліваў праз пошту лісты з патрабаваньнем аплаты штрафу, на якія, аднак, не рэагаваў. Пеня за стаянку тым часам расла, дасягнуўшы непад’ёмных памераў — за кожныя суткі прырастала 70 тысяч рублёў. Плюс 400 тысяч за паслугі эвакуатара. Але, як кажа Аляксандар Ляшчэня, у ягоным выпадку справа не дайшла нават да суду — штодзённае цытаваньне пунктаў кодэксаў, законаў і ведамасных дакумэнтаў зламала апанэнтаў:

«У адзін дзень, калі наша спрэчка дасягнула апагею і калі я на іх нават выклікаў іхняе ж ДАІ, я чарговым разам пацікавіўся: ну, што, дакладна машыну ня вернеце? Не, кажуць. Але калі разьвярнуўся сыходзіць, мяне раптам дагнаў ахоўнік са словамі — трымай ключы і валі адсюль. Фактычна я іх узяў зморам, хоць усё ішло да суду. На разьвітаньне толькі сказаў: вось бачыце, усё роўна па-мойму выйшла — замест таго, каб адразу так зрабіць. Узяў машыну і зьехаў. Таму, людзі, задумайцеся, куды вы аддаяце машыну, паглядзіце прынамсі па дакумэнтах, паглядзіце на пашпарт аб’екту. Ды там нідзе нават не пазначана слова „штрафстаянка“, там фігуруе „стаянка, якая ахоўваецца“. Гэта, як кажуць, трэба ўмець чытаць дробны шрыфт, зь яго можна шмат чаго карыснага пачарпнуць».

З уласнага досьведу спадар Ляшчэня заклікае не складаць бездапаможна рукі, калі тыя ж праваахоўныя органы намагаюцца скарыстаць вашу непадрыхтаванасьць. І калі ня ўдасца, як у ягоным выпадку, узяць на змор, то ня лішне паспрабаваць дабіцца справядлівасьці праз суд:
Хоць людзі і прывозілі ў суд дакладныя доказы, але справа адхілялася

«Можна і так, і гэтак, усё залежыць ад настойлівасьці і падрыхтаванасьці чалавека. Я шмат кантактаваў зь людзьмі, якія дакладна гэтак жа спрабавалі адстойваць свае правы, але ў некаторых не атрымлівалася толькі з-за таго, што, груба кажучы, у іхніх апанэнтаў былі занадта высокія падвязкі. То бок, хоць людзі і прывозілі ў суд дакладныя доказы, але справа адхілялася. Як тлумачылі ў кулюарах, проста чалавек вельмі высокага палёту: пры ДАІ, пры судах і г.д. Але саміх па сабе спробаў супрацьстаяць сыстэме ня так і мала: хтосьці з-за няправільнай паркоўкі судзіўся, хтосьці аспрэчваў перавышэньне хуткасьці. Камусьці падфарціла і пра яго забываліся. Але насамрэч выпадкаў дастаткова шмат, калі незаслужана караюць. Дакладней, няправільна, непразрыста ў Беларусі гэта часта адбываецца, скажам так».

Сёлета кіроўцаў у Беларусі «абклалі» з усіх бакоў. Камэры відэа- і фотафіксацыі ўсталяваныя на галоўных аўтатрасах і на менскай кальцавой дарозе, машыны ДАІ абсталяваныя партатыўнымі прыстасаваньнямі, якія даюць магчымасьць пэленгаваць цэль проста на хаду, паўторнае парушэньне пагражае пазбаўленьнем пасьведчаньня, а штрафы ўжо дасягнулі эўрапейскіх памераў — што характэрна, пры самых нізкіх заробках у рэгіёне. Да таго ж ад восені язда падшафэ абернецца канфіскацыяй транспартнага сродку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG