Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Напад на Вячаслава Шэлега: «Міліцыя праводзіць разбор»


Вячаслаў Шэлег
Вячаслаў Шэлег

Сябра аргкамітэту дзеля стварэньня партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Вячаслаў Шэлег зьняў пабоі пасьля інцыдэнту, які адбыўся ля Ўпраўленьня ўнутраных спраў Бабруйскага гарвыканкаму ўвечары 8 жніўня.

Як сьцьвярджае актывіст, міліцыянт у цывільнай вопратцы напаў на яго, калі ён прыпаркаваў свой аўтамабіль на міліцэйскай паркоўцы. Ува ўпраўленьні ўнутраных спраў прызнаюць, што такі інцыдэнт насамрэч адбыўся, аднак камэнтаваць яго адмаўляюцца.

Як кажа Вячаслаў Шэлег, да міліцыі ён прыехаў, каб забраць жонку Марыю з допыту ў справе зьбіцьця дачкі Натальлі. Жанчына — інвалід другой групы. Актывіст прызнае, што заехаў на паркоўку пад знак «Рух забаронены». Ён даводзіць, што машын на паркоўцы не было, і тлумачыць парушэньне правілаў тым, што да гэтай паркоўкі лягчэй было дабрацца жонцы, якой цяжка хадзіць. Пасьля таго, як ён прыпаркаваўся, на яго і напаў чалавек у цывільным.

«Невядомы кінуўся на машыну з кулакамі. Пачаў біць па шкле. Ён быў у шортах і майцы. Я выйшаў. Ён пачаў крычаць на мяне і ламаць мне рукі. Трос загрудкі. Прасіў другіх супрацоўнікаў заваліць мяне на асфальт. Крычаў, што ён — міліцыя. Потым прыехалі супрацоўнікі ДАІ і склалі пратакол. Так, я на паркоўку заехаў пад знак», — падае сваю вэрсію здарэньня Вячаслаў Шэлег.

Даведацца пра інцыдэнт ва ўпраўленьні ўнутраных спраў Бабруйскага гарвыканкаму не ўдалося. Супрацоўнік управы праз тэлефон паведаміў:

«Канечне ж, я ведаю пра гэты інцыдэнт, але на дадзены момант я не гатовы яго камэнтаваць. Мы пакуль праводзім разбор».

Тым часам Вячаслаў Шэлег прайшоў працэдуру зьняцьця пабояў. Ён заяўляе, што ў яго зафіксаваныя сінякі на абодвух плячах. Што да здарэньня, то спадар Шэлег ня можа патлумачыць, з чым зьвязаныя агрэсіўныя паводзіны, як высьветліў актывіст, усё ж супрацоўніка міліцыі. Той прад’яўляў пасьведчаньне, аднак разгледзець адразу імя міліцыянта Шэлег ня змог. Даведаўся пазьней.

Шэлег: «Барысенка Андрэй Валянцінавіч. Я да яго падыходзіў і казаў, што буду пісаць скаргу. Ён адразу адмовіўся называцца, але з другой спробы ўсё ж назваўся».

Карэспандэнт: «А ён неяк аргумэнтаваў свой напад на вас?»

Шэлег: «Што я заехаў пад знак „Рух забаронены“ і што гэта стаянка не для цывільных асобаў. Можа, гэты маёр ахоўнікам стаянкі быў і дужа пільна сачыў за тым, хто прыяжджае і ад’яжджае. Мо, гэты чалавек сачыў за мной і зрабіў гэтую правакацыю. Мне гэта невядома, зразумейце».

Што да справы аб зьбіцьці шаснаццацігадовай дачкі Натальлі, якое здарылася 27 ліпеня, то Вячаслаў Шэлег кажа, што яму вынікі расьсьледаваньня пакуль не вядомыя. Пытаньні на гэтую тэму актывіст успрымае нэрвова.

«Працуюць сьледчыя. Яны ж працуюць з многімі іншымі людзьмі, ня толькі са мной і маёй сям’ёй», — зазначае Вячаслаў Шэлег.

Справу па факце зьбіцьця Натальлі Шэлег расьсьледуе міжраённы аддзел Сьледчага камітэту. Узбуджаная яна паводле артыкула «Хуліганства». Аддзел сьледчага камітэту месьціцца ў будынку Ўпраўленьня ўнутраных спраў Бабруйскага гарвыканкаму. У ім адбываюцца допыты па справе.

Шаснаццацігадовую дзяўчыну невядомыя ўдарылі па галаве падчас ранішняй гімнастыкі, а калі яна страціла прытомнасьць, вывезьлі ў лес, дзе пакінулі, выпацкаўшы ў чорную фарбу ды забраўшы абутак. Пасьля доўгага блуканьня па лесе дзяўчына выйшла на дарогу, спыніла машыну і праз тэлефон кіроўцы паведаміла родным, дзе яна.

Цяпер, праз два тыдні, стан здароўя Натальлі Шэлег бацькі характарызуюць як здавальняючы, аднак яна часта скардзіцца на боль у галаве і бяссоньніцу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG