Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра суд над Равякай і Лабковічам напісалі ў ААН


Цэнтар прававой трансфармацыі (Lawtrend) накіраваў паведамленьне пра затрыманьні й штрафы для беларускіх праваабаронцаў за распаўсюд паштовак спэцдакладчыку ААН па правах чалавека ў Беларусі Міклашу Харасьці, спэцдакладчыку па становішчы праваабаронцаў Маргарэт Сэкагія, спэцдакладчыку па свабодзе сходаў і асацыяцый Майне Кіяі.

Пра гэта паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

5 жніўня падчас раздачы паштовак з выявай зьняволенага праваабаронца Алеся Бяляцкага былі затрыманыя супрацоўнікі «Вясны» Тацяна Равяка і Ўладзімер Лабковіч.

Ім прад’явілі абвінавачваньні па артыкуле 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях (парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў).

6 жніўня cуд Савецкага раёну Менску прыняў рашэньне пра штраф для Ўладзімера Лабковіча і Тацяны Равяка ў памеры 3 мільёны беларускіх рублёў кожнаму.

Затрыманьне праваабаронцаў абмяжоўвае права на свабоду выказваньня меркаваньня і права на правядзеньне мірных акцый, а таксама сьведчыць пра ціск на праваабаронцаў у Беларусі, гаворыцца ў паведамленьні Lawtrend.

Раздача паштовак ня ёсьць формай масавага мерапрыемства, і, адпаведна, не рэгулюецца законам «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь», які, згодна з заключэньнем Вэнэцыянскай камісіі, супярэчыць міжнародным стандартам у галіне свабоды мірных сходаў.

Цэнтар прававой трансфармацыі мяркуе, што затрыманьне праваабаронцаў за распаўсюд паштовак зьяўляецца непрапарцыйнай мерай абмежаваньня свабод і накіравана не на абарону грамадзкіх інтарэсаў, а на стварэньне перашкод праваабарончай дзейнасьці.

«Мы заклікаем спэцыяльнага дакладчыка ААН па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Міклаша Харасьці, спэцыяльнага дакладчыка па становішчы праваабаронцаў Маргарэт Сэкагія і спэцыяльнага дакладчыка ААН па свабодзе сходаў і асацыяцый Майна Кіяі распачаць магчымыя дзеяньні ў адпаведнасьці зь іх мандатамі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG