Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледзтва ў справе аб выбуху ля Віцебскага КДБ скончана


Будынак КДБ, Віцебск
Будынак КДБ, Віцебск

Абвінавачваньне прад’яўленае раней судзімай 42-гадовай жыхарцы Віцебску.

Расьсьледаваньне крымінальнай справы, узбуджанай па факце хуліганскіх дзеяньняў з выкарыстаньнем самаробнага выбуховага прыстасаваньня ля будынка ўпраўленьня КДБ Беларусі па Віцебскай вобласьці, завершана, паведаміла БелТА прадстаўніца ўпраўленьня Сьледчага камітэту Віцебскай вобласьці Іна Гарбачова.

Увечары 11 лістапада 2012 году каля будынка УКДБ быў зьдзейсьнены выбух самаробнага выбуховага прыстасаваньня. У выніку комплексу сьледчых дзеяньняў, апэратыўна-вышуковых мерапрыемстваў і экспэртных дасьледаваньняў гэтае злачынства, якое адносіцца да катэгорыі цяжкіх, раскрыта. Канчатковае абвінавачаньне паводле ч. 3 арт. 339 («Асабліва злоснае хуліганства») Крымінальнага кодэксу РБ прад’яўлена раней судзімай 42-гадовай жыхарцы Віцебску.

Сьледчыя здабылі доказы віны абвінавачанай. Генатыпаскапічная экспэртыза выявіла поўную адпаведнасьць канфіскаваных пры аглядзе месца здарэньня генэтычных сьлядоў узорам, адабраным у абвінавачанай. Падчас ператрусу ў яе дома канфіскаваныя рэчавыя доказы, якія паказваюць на падрыхтоўчыя да злачынства дзеяньні: сшытак з запісамі пра выбуховыя рэчывы і спосабы вырабу выбуховых сумесяў, некалькі самаробных выбуховых прылад, аналягічных па канструкцыі тым, якія выкарыстоўваліся пры зьдзяйсьненьні злачынства.

«Абвінавачаная цалкам прызнала віну ў зьдзяйсьненьні злачынства, узяла ўдзел у правядзеньні сьледчага экспэрымэнту, дзе падрабязна апісала мэханізм вырабу самаробнай выбуховай прылады, а таксама пры праверцы паказаньняў на месцы паэтапна апісала парадак сваіх дзеяньняў», — адзначыла Іна Гарбачова.

Матэрыялы крымінальнай справы перададзеныя ў пракуратуру Віцебскай вобласьці для накіраваньня ў суд.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG