Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шчасьце з пакета


У пачатку дзевяностых гадоў мінулага стагодзьдзя японец Цiдзуо Мацумото, ён жа Сёко Асахара, аптэкар, ёг, мільянэр з крымінальным мінулым, кампазытар, улюбёны рэклямадаўца расейскіх мэдыяў і шэф загадкавага таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Аўм Сінрыкё» абвясьціў сябе яшчэ і новым Збаўцам, гатовым пайсьці на пакуты дзеля чалавецтва. Праўда, як і кожны, чыім хобі ёсьць прыдумваньне новых рэлігій, у слова «Збаўца» Мацумота-Асахара ўкладваў трошачкі іншы сэнс...

20 сакавіка 1995 году на станцыях Касумігасэкі і Нагатацё такійскага мэтрапалітэну пакуты нарэшце пачаліся. Але не Асахаравы. У выніку газавай атакі з выкарыстаньнем зарыну трынаццаць чалавек загінулі, некалькі дзясяткаў былі зьнявечаныя і некалькі тысяч мелі часовыя праблемы са зрокам. Плян новага «Збаўцы» быў выкананы з чыста японскай дасканаласьцю. Пяцёра тэрарыстаў, «духоўных акцыянэраў» Аўм Сінрыкё, знаходзячыся ў розных месцах, паставілі пакеты з зарынам на падлогу вагонаў, праткнулі іх кончыкамі парасонаў і выйшлі — на паверхню, да сонца і паветра, да сьвету і сьвятла. Некаторыя вагаліся, перад тым, як праткнуць свой пакет; ніводзін так і не перадумаў. Кожнага каля станцыі чакала загадзя падрыхтаваная машына, у якой драмаў гатовы ў любы момант рвануць зь месца кіроўца.

...Якім раем падавалася такім, як Асахара, постсавецкая прастора! На пачатку дзевяностых ягоная каманда, а можа, і ён сам добра паезьдзілі па дзікім полі новастворанага СНД, вярбуючы прыхільнікаў, і калі ўяўляеш сабе сходку Аўм Сінрыкё ў якім-небудзь Палацы трактарнага, дысанансу не ўзьнікае... Там і не такое ў свой час рабілася.

Наогул, па колькасьці ахвяраў падзабыты такійскі тэракт, бадай што, супастаўляльны зь нядаўнім тэрактам у Менску — ня кажучы ўжо пра месца. Па сваёй нечаканасьці — таксама.

«Ніхто ня мог уявіць сабе, што нешта падобнае можа адбыцца...» Як быццам бываюць тэракты, заплянаваныя грамадзкасьцю і ўхваленыя гарвыканкамам. Аб’ява: «32 сакавічніка 200... году на станцыі Х адбудзецца тэракт. Просьба абмінаць станцыю Х бокам, ісьці лесам і выходзіць па адным». І як вынік: разгубленыя ліхадзеі ў масках, якія ў роспачы распыляюць газ і ўзрываюць бомбы ў абсалютна пустых вагонах і на абсалютна пустых станцыях, тым часам як супрацоўнікі службы бясьпекі насьміхаюцца зь іх, назіраючы ўсю дзею на сваіх маніторах і папіваючы безалькагольнае піва. Але так не бывае. Малалетніх дзержыце за руку, грудных дзяцей бярыце на рукі. І інвалідам. Не задзержывайце поезд! Падазрыцельныя прадметы. Чалавек бязь імені, з пакетам і парасонам, такі самы, як ён, як ты, як мы, ужо выйшаў з дому і спусьціўся ў мэтро. Ён зробіць тое, што задумаў. «Выхада нет».

Ці ёсьць? У краіне, дзе структуры настолькі сілавыя, што ніхто ня ведае, дзе сканчаецца іхная сіла, у якім яна яйцы і каму тое яйцо належыць, дзе столькі паліцыі на квадратны кілямэтар, што кожную хвіліну хочацца здацца і прыйсьці з павіннай, хоць бы нічога такога й не рабіў — у такой краіне можна прынамсі спадзявацца на тое, што ёсьць каму заняцца бясьпекай і іншай «грамадзянскай абаронай». Але ўся сіла марнуецца на барацьбу з іншадумцамі, з іншаплянэтнікамі, з іншасьветам, наогул — зь Іншымі. І калі потым на супрацьстаяньне з паліцыяй выйдзе Нішто, шэры чалавек з шэрага натоўпу, не адрозны ні ад каго, кропля ў моры парасонаў і каляровых пакетаў — паліцыя зробіцца бясьсільнай. Шэры чалавек у гэты момант усёмагутны, як сам бог.

Здаецца, для спадара Асахары тая газавая атака ў такійскім мэтро была яшчэ адным рэклямным трукам, грошай на якія ён не шкадаваў. Як і людзей. Падобна любімым Асахарам нацыстам, фюрэр Аўм Сінрыкё сказіў старажытныя тэксты, «перапісаў» іх на новы лад і выдаў за ісьціну, а сябе — за ідэйнага барацьбіта за шчасьце чалавецтва. Але пакутніка за ідэалы, такога сабе «акадэміка Асахарава» з грамадзяніна Мацумото ня выйшла. Як там, дарэчы, яго ўсё яшчэ не павесілі?... Бойся чалавека, які кажа, што ў ягоным пакеце шчасьце.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG