Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Папка з матузкамі


Галоўнае — пра ўсё меркаваць перадузята. Натоўп звычайна памыляецца, асобны чалавек заўжды мае рацыю. Той, хто сказаў гэта — вуснамі свайго пэрсанажа, ведаў, што такое літаратура. 10 сакавіка ў Віль д’Аўрэ нарадзіўся Барыс Віян, ён жа Вэрнон Саліван, ён жа — уладальнік мноства іншых вэстэрнізаваных псэўданімаў, і ён жа — аўтар адной з найвялікшых кніг стагодзьдзя, «Пены дзён», гісторыі

«абсалютна праўдзівай, бо я выдумаў яе ад пачатку да канца».

Тут жыве і памірае Хлоя, адна з тых дзяўчат, на якіх трымаецца космас Віяна — бо «ёсьць толькі дзьве рэчы, дзеля якіх варта жыць: каханьне да прыгожых дзяўчат, якім бы яно ні было, і новаарлеанскі джаз». Тут жыве і памірае кранальны Шык, які начытаўся Жан-Соля Партра, тут жыве празрысты і тонкі Кален — і таксама напалову памірае, бо: «ёсьць дзьве рэчы...» Проза Віяна — гэта і ёсьць сапраўдны джаз, што б там ні казалі літаратуразнаўцы, спрабуючы ўціснуць у ліфт сваіх уяўленьняў старую шафу пад назваю «сюррэалізм». Дый які можа быць сюррэалізм у эпоху Жана-Соля Партра ды яшчэ адразу па вялікай вайне? Віян нязмушаны, музычны, вольны, імправізацыйны; часам здаецца, што ён піша першае-лепшае, што ў галаву прыйдзе, толькі б гісторыя працягвалася: што — ай-яй-яй! — ў яго няма Пляну; але першае і аказваецца найлепшым. Ён не для ўсіх — ён аркестар, які, заплюшчыўшы вочы, працягвае захоплена граць у воблаках дыму, у надыханай тысячамі хворых лёгкіх атмасфэры вечнага зьдзіўленьня і вечнае няспраўджанасьці, калі публіка, даеўшы і дапіўшы, даўно разбрылася па дамах. Засталіся толькі ты ды я, ды Віян.

Ён памёр у 39 гадоў, пакінуўшы па сабе ў францускай літаратуры вібрацыю вар’яцтва, ноту, якой ёй даўно не хапала і якая гучыць дагэтуль. Ну, і ня толькі ў францускай — рэха ягонае можна пры жаданьні адшукаць і ў нас. А зараз — пра галоўнае, асабістае і таемнае. Перада мной — нумар 16 газэты «Наша ніва» за 1993 год. Не пажоўклы — а, хутчэй, крануты за 20 гадоў высакародным адценьнем сэпіі нумар той, н а ш а й «НН». Я купляў яе ў шапіку на праспэкце Скарыны, каля Нацбанку. З часам сабралася такая сабе «падшыўка» ў кардоннай папцы вырабу Мінскай паліграфічнай фабрыкі «Красная звезда» за 22 кап. з матузкамі і загадкавым надпісам «Крот Андрей». Ці ж гэта ня менскі джаз? Нядаўна я забраў яе ў Гамбург і вось цяпер разьвязаў матузкі. На старонках 12-15 гэтага нумару друкуецца апавяданьне «Сюпрыз-вечарынка ў Леабіля» у перакладзе SS. Тэкст, які некалі адкрыў для мяне космас Віяна. Бо для чалавека, які ўпершыню прачытаў Віяна ў перакладзе на беларускую, ён будзе зусім іншы, чым для таго, хто пазнаёміўся зь ім па-расейску (хаця і зусім ня тым, каму выпала шчасьце прачытаць Віяна ў арыгінале). Але беларускі Віян — гэта сапраўды наш Віян:

«Идзи сюда, — сказаў яму Маёр. — Будзиш иё дзиржаць, пака этат иё абработаит»....

...«Я адмаўляюся, — сказаў Фалюбэр. — І ўвогуле можаш валіць адсюль. Абрыд ужо».


Ну, а цяпер можна завязаць матузкі маёй папкі, падзякаваць SS і крату Андрэю і сапраўды падумаць

1.Пра тое, як прыбірацца.
2.Пра тое, як харчавацца.
3.Пра тое, як забаўляцца.


Віян абавязвае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG