Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Варонежцаў: МАГАТЭ — галоўны лабіст беларускай АЭС


Юры Варонежцаў
Юры Варонежцаў
Намесьнік генэральнага дырэктара арганізацыі Аляксандар Бычкоў заявіў у Менску, што падрыхтоўка да будаўніцтва АЭС праведзеная на вельмі высокім узроўні, сыстэма кіраваньня працэсам сучасная, дасканалая, ёсьць толькі рэкамэндацыі яе крыху палепшыць. Пад гэтым разумецца стварэньне больш дэталёвых плянаў сыстэмы мэнэджмэнту і падрыхтоўкі кадраў. Паводле Бычкова, сур’ёзных заўвагаў да беларускага боку ў справаздачы няма.

Незалежны беларускі экспэрт у галіне атамных тэхналёгій, кандыдат тэхнічных навук Юрый Варонежцаў лічыць, што іншых высноў ад МАГАТЭ чакаць цяжка:

«Я ўвогуле ня схільны 100-працэнтна давяраць спэцыялістам МАГАТЭ хоць бы таму, што гэтая арганізацыя цалкам залежыць ад дабрабыту атамнай галіны ў сьвеце. Іншым словамі, ёсьць атамныя станцыі — ёсьць гэтая арганізацыя, няма атамных станцый — няма і самой арганізацыі. Таму ў дадзеным выпадку МАГАТЭ — гэта структура, якая зацікаўленая ў тым, каб у Беларусі ў любым выпадку зьявілася атамная станцыя.

Наколькі я зразумеў, яны выказалі даволі вялікі сьпіс розных заўваг да нашага праекту, але гэтыя заўвагі носяць рэкамэндацыйны характар, таму ня думаю, што на бясьпеку станцыі дый увогуле на саму верагоднасьць таго, што яна ўрэшце будзе пабудаваная, яны акажуць нейкі ўплыў. Яшчэ раз паўтару: я не давяраю гэтай арганізацыі. Я быў у свой час і ў штаб-кватэры МАГАТЭ, і кантактаваў зь яе супрацоўнікамі — яшчэ калі быў росквіт атамнай энэргетыкі ў сьвеце. Але яшчэ тады мне падалося падазроным стаўленьне МАГАТЭ да гэтай праблемы ўвогуле».

Між тым, як лічыць спадар Варонежцаў, беларускія ўлады не прапусьцяць магчымасьці растыражаваць на ўвесь сьвет, якой высокай падтрымкай яны заручыліся ў справе будаўніцтва АЭС:

«Вядома, гэта зараз будзе тыражавацца на кожным кроку, шматразова паўтарацца, што вось, маўляў, нас падтрымала такая аўтарытэтная міжнародная арганізацыя і няма чаго розным нядобразычліўцам супраць гэтага выступаць».

Экспэрт МАГАТЭ Дональд Ковачыч, у сваю чаргу, падкрэсьліў, што пляцоўка для будаўніцтва АЭС у раёне Астраўца добра выбраная як з геаграфічных, так і інфраструктурных меркаваньняў.

А напярэдадні адбылося паседжаньне «апэратыўнага штабу будаўніцтва першай беларускай атамнай электрастанцыі». У яго працы бралі ўдзел прадстаўнікі ўраду Беларусі, дзяржаўнай установы «Дырэкцыя будаўніцтва АЭС» (замоўнік праекту), аб’яднанай кампаніі «НИАЭП» — «Атомстройэкспорт» (генэральны падрадчык будаўніцтва), беларускіх будаўнічых арганізацый, а таксама адміністрацыі Гарадзенскай вобласьці. Эколягаў і праціўнікаў будаўніцтва АЭС на штабное мерапрыемства не запрасілі.

Удзельнікі штабу агледзелі будаўнічую пляцоўку. Было заяўлена, што цяпер распрацоўваецца катлаван энэргаблёку № 1, а ўвогуле працы вядуцца на 62 аб’ектах, 14 зь якіх плянуецца здаць сёлета. На пляцоўцы задзейнічана 200 адзінак будаўнічай тэхнікі і блізу 1000 рабочых.

Супраць узьвядзеньня АЭС у непасрэднай блізкасьці ад мяжы Эўразьвязу пратэстуюць краіны-суседзі Беларусі, а таксама беларускія актывісты антыядзернага руху. Яны ня маюць даверу да расейскай тэхналёгіі, закладзенай у праект, а таксама лічаць злачынным узьвядзеньне АЭС у краіне, якая найбольш пацярпела ад Чарнобыльскай катастрофы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG