Эўракамісія правяла праверкі бясьпекі сваіх ядзерных рэактараў пасьля таго, як у сакавіку летась землятрус і цунамі ў Японіі прывялі да аварыі атамнай электрастанцыі Фукусіма-Дайчы.
Камісар Эўразьвязу ў энэргетычных пытаньнях Гюнтэр Эрынгер сказаў пры абнародаваньні дакладу, што атамныя электрастанцыі ў Эўразьвязе «амаль усюды» патрабуюць павышэньня ўзроўню бясьпекі. Гюнтэр Эрынгер ацаніў, што дзеля гэтага трэба адразу інвэставаць 13 мільярдаў даляраў, а ўвесь кошт абнаўленьня сыстэмаў бясьпекі можа дасягнуць 32 мільярдаў.
Часткай эўрапейскай праверкі было правядзеньне гэтак званых стрэс-тэстаў, якія служаць для ацэнкі таго, як ядзерны аб’ект будзе паводзіць сябе пры розных збоях і ў аварыйных сытуацыях. Тэсты паказалі, паводле дакладу, на неабходнасьць «соцень тэхнічных захадаў абнаўленьня».
У прыватнасьці, праверка ўстанавіла, што сыстэмы бясьпекі чатырох рэактараў у Фінляндыі і Швэцыі вельмі ўразьлівыя на аварыю сыстэмы ахаладжэньня і на адключэньне электраэнэргіі.
У дакладзе таксама гаворыцца, што 10 рэактараў — у такіх краінах як Гішпанія, Францыя і Чэхія — ня маюць належнага абсталяваньня для выяўленьня землятрусаў.
Амаль усе са 145 ядзерных рэактараў ў краінах Эўразьвязу патрабуюць захадаў павышэньня бясьпекі, рамонту або мадэрнізацыі на суму да 32 мільярдаў даляраў. Гэтак сьцьвярджае даклад Эўракамісіі ў пытаньнях ядзернай бясьпекі, апублікаваны сёньня ў Брусэлі.
Самае папулярнае
1