Памятаеце той момант з фільму Matrix, калі Марфэўс прапануе Нэа дзьве пігулкі і кажа: возьмеш сінюю, і застанесься ў звыклай для сябе, але штучнай рэальнасьці «Матрыцы»; возьмеш чырвоную — і я прадэманструю табе сапраўдны, страшны сьвет? Дык вось, чалавецтва супольна выбірае сінюю пігулку. Зручны, звыклы сон. Падман, які не дысануе са стэрэатыпамі.
Наступае эпоха фэйкавых навінаў. Якія болей сапраўдныя, чым навіны, што спароджаныя рэальнасьцю. Іх немагчыма ні абвергнуць, ні ануляваць, бо людзі гатовыя верыць у іх болей, чым у абвяржэньні.
4-га жніўня была інфа пра тое, што знакаміты расейскі дырыжор Валер Гергіеў падчас канцэрту ў «Ковэнт Гардэн» выступіў у падтрымку Pussy Riot? Што нібыта пасьля таго, як скончыўся антракт, ён падняўся на сцэну і сказаў узьнёслую прамову пра парушэньні правоў у Расеі? Гэтую навіну распаўсюдзілі ўсе буйныя Інтэрнэт-сайты, словы Гергіева пра тое, што «ўлада паводзіць сабе як дамінантны самец у стаі малпаў» цытавалі на кухнях і ў сацыяльных сетках. Дык вось.
Гэта ўсё было фэйкам.
Гергіеў нічога падобнага не казаў, «Кармэн» у «Ковэнт Гардэн» не прыпыняў.
Нехта ўзяў «навіну» з сайту FogNews, які вядомы тым, што фабрыкуе сьмешныя гісторыі (гісторыя пра Гергіева была напісана асабліва добра). І зразумела, што рэпутацыю FogNews маглі ня ведаць блогеры, ці карыстальнікі Фэйсбуку, аднак падхапілі «фэйк» і буйныя рэдакцыі з сотнямі супрацоўнікаў і дзясяткамі тысячаў наведнікаў.
Вядома, Гергіеў паспрабаваў абвергнуць уласную прамову. Але гэта ў яго не атрымалася. Бо ягоны выступ у падтрымку Pussy Riot — сэнсацыя. А абвяржэньне гэтага выступу для Сеціва мае нулявую цікавасьць. Абвяржэньні патанулі ў аплядысмэнтах падтрымкі яго мужнаму ўчынку.
Праз два тыдні, 19-га жніўня, Сеціва уздрыгнулася ад «тлумачэньняў» міністра культуры Расеі Ўладзімера Медзінскага, які «патлумачыў», чаму быў забаронены сэрбскі фільм «Кліп». У тлумачэньні міністар актыўна ўжываў нецэнзурныя выразы, абяцаў «ня бзьдзець у пудру» (ня ведаю, што значыць гэты выраз) і «арганізаваць тэрмін і штраф» для вядомага расейскага перакладніка, Гобліна. Нікога не засмуціў той факт, што «тлумачэньні» міністра зьявіліся ў ЖЖ Яўгена Шастакова, які піша маналёгі для Хазанава.
Распаўсюджаньне гэтай навіны было такім шырокім, што праз тры дні Міністэрства культуры выступіла з афіцыйным абвяржэньнем гэтага і без таго відавочнага фэйку.
А вядомы мэдыя-аналітык, рэдакцыйны дырэктар выдавецтва «Эксмо» Леанід Бяршыдзкі, напісаў па выніках гэтай новай зьявы тэкст, які стаў «гітом» сярод прафэсіяналаў — рэклямістаў, піяршчыкаў, журналістаў і рэдактараў.
«Нават іншаплянэтнік, што ўчора прыляцеў на Зямлю, ня мусіў паверыць, што міністар культуры (хай і расейскі, хай і Медзінскі) стане ў публічным паведамленьні ўжываць, ды яшчэ двойчы, выраз «сасаць х…». Бяршыдзкі працягвае:
«Цемрашальства і легкавернасьць публікі заўсёды былі ў нейкім сэнсе хаўрусьнікамі мэдыяў. СМІ часта памыляюцца — з-за сьпешкі, да і проста з-за таго, што сярэдні журналіст ня ў стане ідэальна разабрацца ў тым, аб чым даводзіцца пісаць. Але людзей, якія дрэнна разьбіраюцца ў любым пытаньні заўсёды болей, чым спэцыялістаў. Таму, нават памыліўшыся ў фактах, дастаткова эмацыйны журналіст заўсёды знойдзе падтрымку тых, хто згодны з эмоцыяй, але не разумее сутнасьці пытаньня».
Ня трэба думаць, што гэтая сусьветная тэндэнцыя абмінула Беларусь.
У нас ёсьць свой аналяг FogNews, сайт, які робяць некалькі энтузіястаў з добрым пачуцьцём гумару: NewsBelarus.net. Адзінае адрозьненьне у тым, што FogNews болей маскіруецца пад рэальнае СМІ, NewsBelarus.net — шчыры ў сваім жаданьні выклікаць у занадта сур’ёзных беларусаў усьмешку. Але, у строгай адпаведнасьці з сусьветным трэндам, навіны з NewsBelarus.net час ад часу сыходзяць за цалкам рэальныя.
Я быў вельмі зьдзіўлены, калі пабачыў гэтае паведамленьне у стужцы аднаго сур’ёзнага сябра, карыстальніка Фэйсбуку: на NewsBelarus яно выглядала як відавочны прыкол, пастаўленае ж у стужку сярод іншых «сур’ёзных» навінаў, пра эканоміку, сацыялёгію і г. д., прэтэндавала на «фактычнасьць». Я амаль упэўнены, што па Фэйсбуку прайшла хваля абмеркаваньняў «зыходу Дзягелькі са сцэны».
Іншы эпізод — з Александрам Саладухам. Упэўнены: шмат хто чуў гісторыю пра «падман» мэтра поп-сцэны гандлярамі музычнай крамы, дзе яму прадалі бас-гітару як акустычную гітару. Дык вось, гэтая гісторыя пайшла адсюль.
Чалавек «стылістычна пільны» пабачыць тут прыкметы таго, што аўтары сьцябаюцца, бо толькі прыколам могуць быць словы пра тое, што ён заўважыў падман толькі калі паспрабаваў «узяць барэ на трэцім ладзе». Аднак Саладуха ў Байнэце — пэрсанаж камічны, таму кроспосьцілі ды пераказвалі ўсе гэтую навіну ўсур’ёз: што толькі ня зробіцца зь небаракам…
У гэтым новым сусьветным трэндзе ў NewsBelarus болей шанцаў на давер аўдыторыі, чым у беларускай прапаганды. Бо і першыя, і другія прадукуюць міты. Аднак прапаганда кажа пра тое, што ўжо не адпавядае стэрэатыпам гледачоў і чытачоў. А NewsBelarus прадукуе міты ў строгай адпаведнасьці з стэрэатыпнымі паводзінамі герояў: «Дзягелька сыходзіць са сцэны», «Саладуха памыліўся ў другі раз (першай памылкай былі зубы)», «Ikea пачала выраб нараў для беларускіх турмаў».
Бяршыдзкі кажа, што галоўнае ў прадукаваньні фэйкавых навінаў — «часаньне Гандурасаў». «Часаць Гандурас» на мэдыйнай «фэні» — працэс наўмыснага абмеркаваньня тэмы, якая зьяўляецца вечнай («мова\білінгвізм»; «хто галоўныя 10 пісьменьнікаў Беларусі» і г. д.), але пры гэтым выклікае масу эмоцыяў у чытача. Той, хто ўпісваецца ў эмацыйны фрэйм — можа казаць любую няпраўду, яму павераць.
«Някляеў забіў яшчэ адно кацяня» (ці — «у Някляева знайшлі буйную суму расейскіх рублёў»). «Лябедзька адмовіўся здымацца з выбараў 15-га верасьня» (так, як «Лябедзька пабраўся шлюбам з Раманчуком»). «Марціновіч сфатаграфаваны схаванай камэрай у форме капітана КДБ» (ці: «Марціновіч робіць зь беларуска-расейскага слоўніка расейка-расейскі», гл. фоты). Любы з гэтых загалоўкаў будзе падхоплены натоўпам у Сеціве, бо адпавядае цемрашальскім чаканьням дзікоў.
Бяршыдзкі піша, што першым крокам у дэградацыі мэдыяў была «эмацыйная калюмністыка», дзе галоўнай задачай мэдыйнага актывіста было «ўпісацца ў эмоцыю». Паводле Бяршыдзкага, «эмацыйная калюмністыка «паразітарна, заснавана на другаснай інфармацыі, яна — палімпсест». Але гэта толькі першы крок. Другі, які ўжо зроблены — «FogNews, якому ўсе вераць».
Хутка мы ўсе будзем прачынацца раніцай і чытаць, што мэдыі прыдумалі пра нашае жыцьцё, нашы дэбошы і нашы непераборлівыя сэксуальныя сувязі ўначы. І ня мець ніякай магчымасьці гэта абвергнуць.
Сьвет выбірае сінюю пігулку.