Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У рэзыдэнцыі Лукашэнкі жывуць каты, сабакі, карова, козы, птушкі


16 жніўня ў сьвеце адзначаецца Дзень абароны бяздомных жывёлаў. Як ставіцца да жывёлаў кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка і ці мае ў сваёй рэзыдэнцыі «братоў меншых»? Ці характэрная іншым кіраўнікам дзяржаваў прывязанасьць да жывёлаў?

Прэсавы сакратар Аляксандра Лукашэнкі Павал Лёгкі: «Магу дакладна сказаць, што ёсьць, безумоўна ёсьць. На тэрыторыі рэзыдэнцыі каты, наколькі мне вядома, сабакі. Лябрадор ёсьць — памежнікі пару гадоў таму падарылі, калі мы наведвалі заставу на Гомельшчыне — аўчарка ёсьць. І карова, і козы, і птушкі розныя: і качкі, і гусі, і куры — шмат розных хатніх жывёлаў. І ён сам пра гэта ня раз публічна расказваў, пералічваў гэтых жывёлаў. Чалавек зь вёскі, чалавек, які ведае, як трэба клапаціцца аб хатніх жывёлах, чалавек, у якога заўсёды былі хатнія жывёлы. І тут ён дзесьці звычкам сваім ня здраджвае».

Палітоляг Уладзімер Мацкевіч: «Памятаю, што шмат хто з буйных палітычных дзеячоў і кіраўнікоў дзяржаў заўсёды меў нейкіх жывёлаў. У пераважнай бальшыні сабак. Але тыя, хто з больш заможных краінаў ці больш высокіх сацыяльных групаў, захапляліся коньмі. Што тычыцца хатняй жывёлы прагматычнай: козаў ці кароваў, то, шчыра кажучы, пра гэта мала хто і што ў біяграфіях пісаў, бо гэта хутчэй тычыцца гаспадаркі, а не прывязанасьці дарослага чалавека да жывёлаў. А вось сабакі і коні — звычайныя спадарожнікі палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў. Таму нічога дзіўнага няма ў тым, што чалавек, які мае шмат кантактаў зь людзьмі, а гэта цяжкая справа, ён цягнецца да жывёлаў. Іншая рэч, што жывёла крыху ачалавечвае чалавека, але розныя людзі па-рознаму ставяцца да жывёлаў і рознае ад іх атрымліваюць. На жаль, вядомыя і людзі, якія зьдзекуюцца з жывёлаў і трымаюць жывёлаў не таму, што любяць іх і пяшчотна да іх ставяцца, а для таго, каб адчуваць сваю перавагу».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG