Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства тлумачыць зьнішчэньне сьвіней вучэньнямі


Міністэрства сельскай гаспадаркі 21 лютага зьмясціла на сваім сайце афіцыйную інфармацыю пра дзеяньні вэтэрынарнай службы ў Наваградзкім і Карэліцкім раёнах.

Раней партал tut.by паведаміў, што ў вёсцы Нязнанава Наваградзкага раёна санітарныя службы спалілі сьвіней з прыватных падворкаў, бо ў вёсцы нібыта была выяўленая афрыканская чума сьвіней.

У паведамленьні міністэрства гаворыцца:

«На тэрыторыі Наваградзкага і Карэліцкага раёнаў Гарадзенскай вобласьці 16–18 лютага 2012 году былі праведзены рэгіянальныя вучэньні ў рэжыме максымальна набліжанай да рэальных умоў абстаноўкі, з прымяненьнем эфэкту нечаканасьці і адпрацоўкай ўсіх канкрэтных дзеяньняў і прафіляктычных мерапрыемстваў».

Міністэрства тлумачыць, што такія вучэньні — гэта звычайная практыка. У паведамленьні таксама гаворыцца, што ў сувязі з пашырэньнем афрыканскай чумы свіней і іншых вострых інфэкцыйных хваробаў жывёл у краінах Мытнага зьвязу, міністэрства рэкамэндавала мясцовым уладам зрабіць дадатковыя захады, каб не дапусьціць заразы на тэрыторыі Беларусі.

Да заявы міністэрства прадстаўнікі мясцовых уладаў, супрацоўнікі вэтэрынарных установаў, і чыноўнікі міністэрства адмаўляліся камэнтаваць сытуацыю журналістам. 21 лютага супрацоўнікі міліцыі выдалілі журналістаў, якія прыехалі ў Нязнанава рабіць рэпартаж, і прымусілі іх зьнішчыць фотаздымкі.

У Расеі найбуйнейшая ўспышка афрыканскай чумы сьвіней адбылася ў Краснадарскім краі. У студзені гэтага году там было зьнішчана больш за 30 тысяч галоў жывёлы. Агулам за мінулы год гэты рэгіён з прычыны інфэкцыі зьнішчыў каля 70 тысяч жывёлаў. За 2011 год карантын з прычыны афрыканскай чумы быў абвешчаны ў дзясятках гаспадарак Расеі.

Фэрмэр Міхал Шруб, кіраўнік сьвінагадоўчай гаспадаркі, выказаў сваё меркаваньне: “Трэба адрозьніваць, канечне, клясычную чуму і афрыканскую. Калі клясычная, то можна вакцынаваць жывёлаў, не зьнішчаць іх. Але калі афрыканская чума, яе выпадкі ёсьць у Расеі, нашмат больш складана, бо спосабаў лячыць яе няма. Адзін спосаб – зьнішчэньне пагалоўя. Могуць быць яшчэ карантынныя меры, але хвароба гэтая небясьпечная для жывёлаў. Чалавеку яна нічым не пагражае, хварэюць на яе толькі жывёлы. Паколькі ў Расеі былі выпадкі хваробы, то і ў Беларусі прымаюцца свае меры”.

У 2011 годзе ў Беларусі налічвалася каля 4 мільёнаў галоў сьвіней, паводле дадзеных Белстату.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG