Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тацяна Барысік — пра халодны белліт


Тацяна Барысік
Тацяна Барысік
Гэтай зімою мы ўсе добра намерзьліся. Што да мяне, то дзякуючы асаблівасьцям працы, холад стаў часьцінкаю майго штодзённага існаваньня. Але ж надарыцца часам такое, што і ў пагодны дзянёк наўкольная рэчаіснасьць абдасьць такой зольлю — да скону не адыдзеш. Пра творы беларускай літаратуры, героі каторых сталіся ахвяраю вечнай замаразі або працятыя душэўнай мерзлатой, мой расповед.

Васіль Быкаў. Аблава. Аповесьць. У кнізе «У тумане». Менск, «Мастацкая літаратура», 1989

Нягледзячы на адсутнасьць у назьве аповесьці словаў сьцюжа, зіма, завіруха і ўсялякіх асацыяцый на тэму холаду, яе галоўны герой Хведар Роўба з’яўляецца ахвяраю ня проста холаду, а вечнага мярзлоцьця, лютасьці ня так прыроды, як людзей, савецкай сыстэмы. Яна сьпярша за руплівую працу на сваёй зямлі саслала яго разам з сям’ёю, пазбавіўшы ўсяго нажытага, у Котлас, туды, дзе ніколі не бывае цёпла, дзе халадэча, нечалавечыя ўмовы існаваньня забілі яго жонку і дачку, туды, адкуль амаль ніхто не вяртаецца, а ўцячы немагчыма. Але ён уцякае з краю вечнай сьцюжы ў родныя мясьціны, каб хаця краем вока зірнуць на свой падворак, якога ўжо няма, дзе ў калгасе, аказваецца, пануе гэткая ж няволя, як і ў лягеры. Замест утульнасьці роднай хаты ён хаваецца ад людзей у лесе, бы зьвер, трапляе ў палон несупыннай золі і каленьня, бо калі «ўбачаць, пазнаюць, мусіць,тады ўсё і скончыцца. Тады зноў тое, што горш за пагібель. Тады ўжо хай сьмерць. Але цяпер ужо ў сваім кутку. Ужо да сьмерці яго адгэтуль ня вытураць… Тым часам зусім сьцямнела, усчаўся настырны вецер, і Хведар пачаў зябнуць аж скаланацца ад сьцюжы. Дзе было затуліцца ад ветру?» Чым скончыцца паляваньне на чалавека? Ці будзе гаротніку збавеньне ад вечнага каленьня, хаця ў апошнюю хвіліну. Чытайце аповесьць далей.

Лідзія Арабей. Халодны май. Аповесьць. Менск, «Мастацкая літаратура», 1993

Ніну, галоўную гераіню аповесьці, жыцьцё зусім ня песьціла. Ёй, круглай сіраціне, дачцэ рэпрэсаванага бацькі, удалося, схаваўшы гэта ў галодныя пасьляваенныя гады, паступіць у інстытут. Студэнцкае жыцьцё праходзіць у пастаянным трываньні голаду і нястачы. Ніна звыкаецца з такім становішчам. Пазычыўшы ў сяброўкі цёплую хустку, яна са зьдзіўленьнем адзначае — аказваецца, зімою мерзьнеш не праз мароз, а праз халоднае адзеньне. Хлеб з маргарынам — найлепшы ласунак. Хаця, нягледзячы на цяжкі час, ня ўсе студэнткі так пакутуюць. Дочкі партыйных кіраўнікоў маюць і смачную ежу, і не абы якія строі. Адзіная радасьць у кароткім жыцьці дзеўчыны — першае каханьне.

Але абставіны складаюцца так, што Ніну небеспадстаўна наведвае думка: «Вясна яе жыцьця, яе май таксама халодны, няўтульны. Адзіны ясны прамень — Іван, каб жа яго не засьціла якая хмара». Хмара засьціла, з’явілася ў выглядзе чалавека ў цывільным, з установы, якая ўсё пра ўсіх ведае, загубіўшы лёс дзяўчыны, зрабіўшы яе безь віны вінаватаю.

Васіль Гігевіч. Калі пойдзе сьнег. Аповесьць. У кнізе «Карабель». Менск, «Мастацкая літаратура», 1989

Трагічная сваёй праўдзівасьцю і будзённасьцю аповесьць пераносіць чытача ў беларускі райцэнтар канца 70-х-пачатку 80-х, дзе існуюць яшчэ адну стылую восень яго жыхары, збольшага гарадзкія вяскоўцы, савецкія грамадзяне і няшчасныя людзі. Жывуць, бы на станцыі цягніка чакаюць, а яго ўсё няма і няма. У некага спадзяваньні на ўласную кватэру, на абарону дысэртацыі, на ўладкаваньне асабістага жыцьця, на набыцьцё тэлевізара, лядоўні. Вось тады будзе сапраўднае жыцьцё! А яно ўсё не надыходзіць, а мінаецца ў здымных «урэмянках», дзе дзіравая падлога і гаспадары шкадуюць паліва. Людзі мерзнуць на скразьняку лёсу. «Куды ў Бярозаве не пайдзі, усюды натыкаесься на адно і тое ж, нібы па зачараваным коле ходзіш», — так падаецца аднаму з галоўных герояў. Жанчыны нагадваюць схаладзелых птушак, мужчыны ніяк не могуць зрабіць выбар. «Жаніся, жаніся…Целевізар купіш, а тады пачнецца, як той Аляксей, станеш. Работа ды хата, што яшчэ ўбачыш? А нічога, фігу». «Ну, дык бадзяйся адзін. Сядзі вечарамі ў пустой кватэры. Раз абчысьцілі, сіняк пад вокам пасадзілі, яшчэ раз абчысьцяць». Абодва варыянты не прыносяць бярозаўцам шчасьця. Вырвацца з палону сьцюжы, на жаль, мала каму ўдалося. Для кагосьці спадзеў на цеплыню заканчваецца змушаным прыстасаваньнем, для кагосьці — шыбай, выбітай у золкі адвячорак, для кагосьці — дабравольным сыходам у халоднае сутоньне назаўжды.

Эфэкт рэальнай прысутнасьці ў творы дасягаецца натуральнай мовай гарадзкіх вяскоўцаў, дэталёвасьцю побыту і эмацыйнасьцю лепей за ўсялякія 3D тэхналёгіі.

Янка Купала. Зімою. Паэма. У кнізе «Янка Купала. Паэмы, драматычныя творы». Менск, «Мастацкая літаратура», 1989

Гаротная адзінокая маці парабчанка вяртаецца лютай завеяй з немаўляткам з заробкаў дадому. Вой, неласкавая зіма да падарожніцы.

Дарожкі і сьцежкі занесла віхура,
Ня знаць, дзе балота, дзе лог, дзе папар;
Воўк выйшаўшы з лесу, скаголіць панура,-
Каб чым пажывіцца — пакінуў гушчар.

Адносіны атачэньня ня лепшыя.

Сягоньня, во ў гэтую сьцюжу пляцецца,
Пляцецца з няшчасьцем, з пацехай сваёй,
Хоць вые віхура, хаўтурна сьмяецца,
Як людзі, так дзіка рагоча над ёй.

І ўсё такі прырода аказваецца больш спагадлівай, чым людзі. Змораная Ганулька засынае ў белай пасьцелі вечным сном.

«І сыспаду мякка, і зьверху накрытая.
Начлегаў такіх ты ня мела».

Засынае, каб пасьля ператварыцца ў вечны дакор-здань.

Жахі мінулага ці не зусім?

Алесь Жук. Вецер, апавяданьне з кнігі «Праклятая любоў». Менск, «Мастацкая літаратура», 1991

Халодным зазімкам вэтэран з кавенькаю вяртаецца з Бараўлянаў. Вылінялыя стужачкі ўзнагародаў на калёнцы, картовы пінжачок трэпле вецер. Ён апрануты старамодна, бедна і не па надвор’і, разгублены і хворы пасярод сталічнай мітусьні. Мінакі імкнуцца адкаснуцца хутчэй, некаторыя праходзяць міма, некаторыя глядзяць з пагардаю. Сыбер — сымбаль чалавечай чэрствасьці. Але спаткаўся герою апавяданьня і іншы вэтэран, агрэсіўны, укормлены, на грудзях узнагароды — спрэс юбілейныя, які ў змаганьні за першынства ў чарзе, у сваёй уладнай лютасьці не спыняецца ні перад чым, ні перад кім. Дзень быў пагодны, але ад такой стрэчы павеяла холадам. Два чалавекі — два сьветы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG