Андрэй Федарэнка. Вёска. Аповесьць. З кнігі «Нічые»: аповесьці, раман. Менск, «Мастацкая літаратура», 2009
Беларускамоўнага студэнта Антона Васкевіча ў канцы 1980-х, напярэдадні зімовай сэсіі, выганяюць з інстытуту па палітычных матывах.У чым канкрэтна правінаваціўся, Антон нават ня ведае. Ды яму ніхто гэта не зьбіраецца тлумачыць, зрабіўшы фармальнай прычынай выключэньня – п’янства. Студэнт здагадваецца – за ім сочаць. Бо пра ягоныя справы ў вёсцы ведаюць яшчэ да яго прыезду, а лісты да брата не даходзяць. Па вяртаньні дадому Антон спачатку адчувае нейкую палёгку, уладкоўваецца на працу, спрабуе прыстасавацца да вясковых умоваў, заводзіць новыя знаёмствы. Але быць выгнаньнікам не так ужо і рамантычна. Вынікам няўдалае мімікрыі сталася душэўная адзінота, адчуваньне безвыходнасьці, злоўжываньне сьпіртным. Гэта не назаўсёды. Палітычныя падзеі 1991 году нечакана зьмяняюць ягоны лёс. Антона аднаўляюць у інстытуце. Але зьяжджаючы ў Менск, ён ня столькі радуецца, колькі шкадуе, што змарнаваў гэты год, не зрабіўшы нічога карыснага для сваёй вёскі і землякоў, дае самому сабе абяцаньне надалей змагацца за лепшую долю сваёй бацькаўшчыны.
Алена Брава. Імя ценю – сьвятло. (Гісторыя адной фобіі). «Полымя», 2006, №3
Заглыбленасьць у чалавечую псыхалёгію і паралелі між лёсам асобы і нацыі, да якой яна належыць, проста ўражвае. Гэта сапраўды гісторыя ўзьнікненьня, разьвіцьця і зьнікненьня фобіі, зь якой існуюць бальшыня нашых суграмадзянаў, на прыкладзе аднаго лёсу. Загадчыца дому культуры Вікторыя добра пастаўленым голасам вядзе перамовы са спонсарамі ды ўлагоджвае кіраўніцтва, выглядае пасьпяховаю. Але за зьнешняй упэўненасьцю зь дзяцінства хаваецца страх упасьці ў простым і ўскосным сэнсе: самлець ад недахвату вольнага паветра і ня мець ухвалы спачатку ад маці, потым мужа і грамадзтва. Страх вядзе за сабою хлусьню. Вікторыя, звыклая лавіць адбітак уласнай каштоўнасьці ў чужых вачох, пражывае не сваё жыцьцё. Калі цябе з маленства вучаць перамагаць, у той жа час унушаючы табе, што ты нікчэмнасьць, іначай быць ня можа.
Паратунак ад фобіі прыходзіць менавіта дзякуючы падзеньню. Пасьля няўдалага, не па яе віне, канцэрту, Вікторыю звальняюць зь ненавіснае працы.У выніку за кароткі адрэзак часу жанчына пераасэнсоўвае ўсё сваё жыцьцё, убачыўшы, што тыя, перад кім яна баялася ўпасьці – самі ахвяры страху. Гэпі-энд відавочны. Але ён пакідае нагоду для роздуму і пытаньні, адказ на якія ўжо болей залежыць ад сьветапогляду чытача, чым ад аўтара.
Васіль Петручук. Пожня. Аповесьць. Менск, «Мастацкая літаратура», 1991
Аўтабіяграфічная аповесьць празаіка зь Беласточчыны надзвычай жыцьцесьцьвярджальная, нягледзячы на тое, што распавядае пра жахлівае дзяцінства ў нечалавечых умовах. Бо насуперак зьдзекам родных, жорсткасьці ды абыякавасьці хлапчук-сірата ня толькі выжыў фізычна, але і стаў таленавітай, спагадлівай да чужога гора асобаю. У значнай ступені ў гэтым яму дапамог прызыў на вайсковую службу ў польскае войска. Войска, нягледзячы на муштру, пасьля дзяцінства ў роднай хаце падалося раем.Там Васіль, дзякуючы сваёй адказнасьці, стараннасьці, вылюднеў і вывучыўся, упершыню даведаўшыся, як гэта быць сытым, хадзіць у ботах, спаць на белай прасьціне.
Толькі вось ужо ў пажылым узросьце пісьменьнік з сумам гаворыць пра ўспаміны аб сваім дзяцінстве: «Усім яны крыўдныя. Мне і самаму прыемней было б пісаць добра пра мачаху і ўсіх апошніх, каго я тут «пакрыўдзіў», але ў маім узросьце ілгаць не выпадае». І я разумею ягоную журбу, бо маленства і юнацтва здараюцца толькі аднойчы, іх не перайначыш і ня вернеш.
Валянціна Кадзетава. Халодная страва. Аповесьць. З кнігі «Шкляная зорка»: аповесьці, апавяданьні. Менск, «Мастацкая літаратура», 2008
Цудоўны сэрыял атрымаўся б. Цікавы ня толькі хатнім гаспадыням. Халодная страва – гэта помста. Галоўная гераіня – Рэгіна, жанчына сярэдніх гадоў і маці, вырашае адпомсьціць свайму абраньніку. Некалькі гадоў таму яна ў спадзяваньні на лепшае пагадзілася выйсьці за яго замуж. Па ягоным патрабаваньні пакінула ня толькі былога мужа-п’яніцу, але і родны горад, працу, кватэру, усё нажытае за свой век. А ў выніку атрымала эгаізм, крывадушша, страціла ня толькі веру ў чалавечую прыстойнасьць, але й матэрыяльную незалежнасьць, дабрабыт, жылплошчу. На шчасьце, Рэгіна ня зьдзейсьніла сваіх плянаў помсты, а здолела пачаць жыцьцё наноў. Як ёй гэта ўдалося? Чытайце. У аповесьці зьмешчаныя ня толькі слушныя парады, а і яскрава адлюстраваны просты, але для многіх усё адно недасяжны малюнак беларускага гэпі-энду – уласная кватэра, сталая праца, адсутнасьць алькаголіка побач.
Толькі ці можа быць шчасьлівай краіна, дзе ў барацьбе за душэўны спакой ды катух у два дзясяткі мэтраў трэба рабіць неверагодныя высілкі, а часам безвынікова класьці ўсё жыцьцё.
Янка Сіпакоў. Жыві як хочацца. Аповесьць. З кнігі «Жанчына сярод мужчын: аповесьці, апавяданьні». Менск, «Мастацкая літаратура», 1980
«Жыві як хочацца». – Запіску такога зьместу пакідае жонка Алегу, калі сыходзіць ад яго да суседа, а потым зьяжджае ажно на Курылы разам з ягоным сынам. Але яму не ўдаецца жыць як хочацца, бо Алег ня можа і ня хоча жыць адзін безь сям’і. Ад роспачы і адзіноты не ратуюць ні роздум пра мінулае, ні выпіўкі зь сябрамі, ні знаёмствы з жанчынамі. Алег марыць пра вяртаньне сям’і. Калі надзея ўжо згасае, рашаецца прапанаваць замужжа маладой дзяўчыне. Але жыцьцё распарадзілася інакш. Аднойчы вярнуўшыся дадому, Алег бачыць там запаленае сьвятло, утульнасьць, з парога да яго ў абдоймы кідаецца сынок, кватэру парадчыць – пачужэлая жонка. Алег ня хоча нікога ні выпускаць з кватэры, ні ўпускаць у яе, разабрацца ва ўсім. Усё будзе як і раней? Сям’я ўзьядналася? З пакоя выходзіць маленькае дзяўчо, дачка іншага бацькі.
Жыцьцёвая гісторыя.