Гомельшчына
На Гомельшчыне далёка ня ўсе лічаць 23 лютага сьвятам Узброеных сілаў Беларусі. Зьвязана гэта і з рэлігійнымі перакананьнямі маладых людзей, і з поглядамі на сучасны стан беларускага войска.
Яшчэ ў 2000 годзе малады жыхар Рэчыцы Валянцін Гулай, будучы вернікам рэлігійнай суполкі «Сьведкі Еговы», адмовіўся служыць у войску. Ён прайшоў праз шмат судоў, быў пакараны, а пасьля амніставаны. Цяпер займаецца прыватным прадпрымальніцтвам. Ад сваіх рэлігійных перакананьняў не адрокся й праз 12 гадоў:
«У прынцыпе пазыцыя застаецца тая ж — нэўтралітэт. Я ж чалавек рэлігійны, таму нэўтральную пазыцыю займаю ў дачыненьні да нейкіх ваенных дзеяньняў, супрацьстаяньня. Як у Бібліі сказана: народ у Бога ня вучыцца ваяваць. Такая ж пазыцыя й застаецца».
Усьлед за Гулаем не пагадзіўся служыць у войску й гамяльчук Аляксандар Бойнічаў, таксама сьведка Еговы. Яго з падачы прызыўной камісіі таксама цягалі па судах, а пасьля адмянілі ўсе прысуды.
Новая хваля судоў за адмовы служыць у войску пачалася ў 2010 годзе. Гомельскі сьведка Еговы Дзьмітры Смык прасіў ваенкамат даць яму магчымасьць прайсьці альтэрнатыўную службу, не зьвязаную са зброяй. Такой магчымасьці гомельскі ваенкамат яму ня змог забясьпечыць, спаслаўшыся на адсутнасьць закону пра альтэрнатыўную службу. Верніка аштрафавалі на 3 мільёны рублёў. Але Вярхоўны суд адмяніў вырак, і ўрэшце спадара Смыка апраўдалі.
Амаль у гэты ж час у Гомелі зьявіліся й палітычныя прызыўнікі. Першым зь іх стаў студэнт-выдатнік матэматычнага факультэту Дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Ф.Скарыны, грамадзкі актывіст Зьміцер Жалезьнічэнка. Супраць яго фабрыкавалі адміністрацыйныя справы, двойчы яго выключалі з унівэрсытэту, а ў студзені 2008 году прымусова забралі служыць у транспартныя войскі ў Жлобін. Так бы мовіць, дзеля перавыхаваньня праз войска.
Зьміцер адслужыў паўтара года й паступіў вучыцца ў тэхнічны ўнівэрсытэт у Амстэрдаме, дзе ўсе прадметы выкладаюцца на ангельскай мове. У мінулым годзе ён пасьпяхова скончыў унівэрсытэт, атрымаў дыплём і летам паступіў у магістратуру Дэльфцкага тэхнічнага ўнівэрсытэту — найбуйнейшага й найстарэйшага тэхнічнага ўнівэрсытэту ў Нідэрляндах.
Альтэрнатыўнай службы патрабавалі й гомельскія грамадзкія актывісты Андрусь Цянюта й Яўген Якавенка. Андруся ўрэшце забралі служыць у дэсантныя войскі. Летась ён вярнуўся пасьля службы дамоў і цяпер завочна вучыцца ва ўнівэрсытэце на юрыста.
Яўгена Якавенку, які да прызыву скончыў Беларускі ўнівэрсытэт транспарту, асудзілі на год так званай «хіміі» і адразу ж амніставалі. Магчымасьці прайсьці альтэрнатыўную службу і такім чынам выканаць канстытуцыйны абавязак грамадзяніна яму таксама не далі.
Яўген цяпер ачольвае рэгіянальнае Таварыства беларускай мовы. Лічыць, што войска ў Беларусі павінна быць мінімальным, прафэсійным і абавязкова беларускамоўным:
«Нельга ўкладаць грошы ва ўзбраеньне, бо паводле Канстытуцыі мы — нэўтральная дзяржава. Лічу, што дастаткова нам памежных войскаў і нейкіх прадстаўнічых. Магчыма, ганаровы каравул ці такога кшталту».
Сытуацыя ў пэўным сэнсе паўтараецца, бо ў іх няма ваеннага білета на беларускай мове.
Спадар Якавенка патрабаваў альтэрнатыўнай службы яшчэ й таму, што ў беларускім войску няма беларускамоўных часьцей. І ў ваенкаматах беларускай мовы таксама не пачуеш. Ваенны білет Яўгену ня выдалі да гэтага часу:
«Сытуацыя ў пэўным сэнсе паўтараецца, бо ў іх няма ваеннага білета на беларускай мове. І зараз думаем, як разабрацца з найменшымі стратамі і для іх, і для мяне. Я прыйшоў пару тыдняў таму ў ваенкамат, а мне зноў даюць расейскамоўныя блянкі і ваеньнік на расейскай мове. Узьнік невялікі канфлікт. Мне кажуць — не выпендрывайся. А пасьля паглядзелі маю справу і сталі больш лагоднымі. Я іх, канечне, разумею. У іх загад. І калі яны выдадуць мне ваеньнік на беларускай мове ці будуць стасавацца са мной па-беларуску, то іх проста звольняць».
Гарадзеншчына
Юнакі, якія адслужылі ў сучасным беларускім войску, часта кажуць, што гэта быў страчаны час. Некаторыя маладыя людзі імкнуцца зарабіць там хоць найніжэйшае званьне, атрымаць так званыя «лычкі» сяржанта, каб потым у цывільным жыцьці ўладкавацца, да прыкладу, у міліцыю. Але і ў такім разе паўтара года ў войску — лічаць многія — занадта вялікі тэрмін.
Жыхара Горадні Ігара забралі ў войска пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Ён распавядае, што ў час грамадзкай працы ў камандзе Някляева яго вельмі часта наўмысна адрывалі рознымі позвамі:
«Выклікалі і ў Камітэт дзяржбясьпекі, і ў ваенкамат, і дасылалі позвы на мэдкамісію, потым забралі ў войска. Я адслужыў паўгода, бо раней скончыў вайсковую катэдру ва ўнівэрсытэце».
Пра службу Ігар ня вельмі хоча ўзгадваць, але распавядае, што большасьць афіцэраў у яго частцы станоўча ставіліся да яго беларускасьці, а вось са сваімі непасрэднымі таварышамі па службе размаўляць амаль не было пра што. Да ўсяго, ён распавядае, што пераважная большасьць зь іх наагул не зацікаўленая ў вайсковай службе:
Значная частка служыць, каб атрымаць так званыя „лычкі“ і пасьля войска пайсьці працаваць у міліцыю, а не вяртацца ў родны калгас.
«З усходняй Беларусі шмат хлопцаў, якія ўжо працавалі альбо мараць паехаць працаваць у Расею. Значная частка служыць, каб атрымаць так званыя „лычкі“ і пасьля войска пайсьці працаваць у міліцыю, а не вяртацца ў родны калгас».
Гарадзенец Яўген якраз прыехаў на некалькі дзён з войска ў адпачынак. Кажа, што за яго не было каму заступіцца, каб не забіралі ў войска, таму і служыць. Ён распавядае, што і надалей у войску застаецца звычайная бытавая неўладкаванасьць й дзедаўшчына, якая ня робіць службу прывабнай, і амаль ніхто зь юнакоў ня хоча там служыць:
«Па-першае — гэта цяпер ня модна, няма прэстыжу. Потым, частка маладых людзей чагосьці баіцца. І ўрэшце, паўтара года — гэта задоўгі тэрмін. Паўтара года свайго маладога жыцьця ня кожны малады чалавек хоча аддаць. Цяжка гэта».
Спадар Алег нядаўна вярнуўся з войска і кажа, што з разуменьнем ставіцца да тых, хто цяпер ухіляецца ад службы:
«Бо лічыцца, што гэтыя паўтара года — страчаныя. Што тая ж дзедаўшчына, што гэта проста беспэрспэктыўна. Шчыра кажучы, усе мае знаёмыя ўхіляюцца ад войска. У кагосьці ёсьць нейкія сувязі, нехта па стане здароўя і г.д.».
Маладыя людзі, якія трапілі ў беларускае войска, выходзяць зь яго, маючы маральныя прынцыпы горшыя, чым да прызыву.
Малады грамадзкі актывіст са Шклова Андрэй Кастусёў мусіць рэгулярна зьяўляцца па позьве ў мясцовы ваенкамат, каб прадстаўляць афіцыйныя дакумэнты, што ён мае законную адтэрміноўку ад прызыву ў беларускае войска, бо вучыцца ў дактарантуры Гданьскага ўнівэрсытэту ў Польшчы і не адносіцца да так званых ухілістаў.
Бацька Андрэя Кастусёва Рыгор Кастусёў не ўхваляе тых, хто ўхіляецца ад службы ў войску, аднак ён сочыць за ўмовамі службы й лічыць, што цяперашнія палітрукі іх сапсавалі:
«Сытуацыя ў адносінах між камандзірамі, між салдатамі нагадвае адносіны ў турме. Увогуле, шмат турэмнага ўвайшло ў быт беларускага войска. І маладыя людзі, якія трапілі ў беларускае войска, выходзяць зь яго, маючы маральныя прынцыпы горшыя, чым да прызыву».
Правы прызыўнікоў у Беларусі абараняе грамадзянская кампанія «За альтэрнатыўную службу».
Адзін зь яе заснавальнікаў, Міхаіл Пашкевіч: «Зараз кампанія „За альтэрнатыўную службу ў Беларусі“ вырасла масава, і таму мы хочам стварыць „Цэнтар правоў прызыўніка“. Бо праблемы ня могуць разглядацца паасобку: закону аб альтэрнатыўнай службе няма, а ваенкаматы застаюцца і працуюць у ранейшым рэжыме. Таксама ў ранейшым выглядзе застаецца закон аб вайсковым абавязку. Таму мы мусім вырашаць праблемы па-новаму, комплексна. І, як вынік, у 2010 годзе ўсе юнакі, якія адмаўляліся ад службы ў войску, былі апраўданыя.
Пасьля гэтага ў Беларусі крымінальныя справы ў адносінах да так званых „ухілістаў“ замоўчваюцца, альбо, як той казаў, спускаюцца на тармазах.
Увогуле, альтэрнатыўнай службай зараз цікавіцца кожны другі прызыўнік. Але калі даведваюцца, што такой службы пакуль няма, дык толькі прыкладна 5% ад агульнай колькасьці прызыўнікоў гатовыя змагацца за свае правы».