Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лявон Баршчэўскі: "Мы зрабілі ўсё, што маглі ў тых умовах"


Пра тое, як рыхтавалася і праходзіла сэсія ВС 24-25 жніўня 1991 г., распавядае дэпутат Апазыцыі БНФ Лявон Баршчэўскі.

Баршчэўскі: Пасьля паразы путчу пачалася падрыхтоўка да сэсіі Вярхоўнага Савету. Яе ўдалося назначыць на 24—25 жніўня. Практычна начамі мы працавалі ў апазыцыі, рыхтуючы законапраекты, зьвязаныя з абвяшчэньнем незалежнасьці Беларусі, таму што зьявіўся ўнікальны шанец, і мы гэта адчувалі. Рыхтавалі законапраекты, зьвязаныя з атрыбутамі незалежнай дзяржавы, -- і з войскам, і з міліцыяй, з падпарадкаваньнем, і з неабходнымі канстытуцыйнымі зьменамі, з сымболікай. Працуючы вельмі напружана 22-23, да пачатку сэсіі Вярхоўнага Савету.

Ноччу дзяжурылі ў памяшканьні 363 Вярхоўнага Савету, атрымоўвалі розную інфармацыю з рэгіёнаў, дзе што робіцца…

Ну і сама сэсія ішла вельмі цяжка, таму што абсалютная большасьць была партыйная намэнклятура, якая не хацела здаваць ані Мікалая Дземянцея, ані іншых, хто запляміўся падтрымкай путчу. І ў нас галасоў была меншасьць. І было б цяжка гэта зрабіць, калі б не сабралося многа народу на вуліцы, калі б у прамую трансляцыю не прайшла тая самая стужка з дыктафона Ігара Герменчука, дзе людзі чулі, як рэальна сябе паводзіў кіраўнік ВС у першы дзень путчу. І ўрэшце рэшт нэрвы пачалі здаваць, спачатку ў часткі намэнклятуры, якая стала весьці перамовы і намякаць, што яна гатовая “здаць” Дземянцея.

А потым гэта пайшло як сьнежны камяк. Добра, што ў нас былі падрыхтаваныя праекты дакумэнтаў па незалежнасьці.

І ў 20 гадзін 08 хвілін 25 жніўня ўдалося прагаласаваць галоўны дакумэнт аб абвяшчэньні палітычнай і эканамічнай незалежнасьці Беларусі і аб тым, што Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце надаецца сіла канстытуцыйнага закону.

Гэта было сапраўды сьвята, гэта вялізная гістарычная падзея. І што б там хто зараз не гаварыў, і як бы там не стараліся гісторыкі пэўныя ва ўгоду рознай кан’юнктуры перапісаць гісторыю, але спрычынілася да гэтага невялікая дэмакратычная меньшасьць, а ў першую чаргу -- дэпутаты Апазыцыі Беларускага Народнага Фронту, якія адзіныя мэтанакіравана працавалі, ня спала начамі, рыхтавала гэтыя акты. Вось усё гэта адбылося.

Лічу, што мы зрабілі ўсё, што маглі ў тых умовах, і тое, што нас было дадзена воляй таго народа, які выбіраў нас дэпутатамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG