Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лявон Дзейка: "Мы скарысталі сытуацыю найбольш эфэктыўна для Незалежнасьці"


Лявон Дзейка на плошчы ў жніўні 1991 г.
Лявон Дзейка на плошчы ў жніўні 1991 г.
Пра надзвычайную сэсію ВС 24-25 жніўня 1991 г., на якой была абвешчаная незалежнасьць Беларусі, прыгадвае дэпутат Апазыцыі БНФ Лявон Дзейка.

Дзейка: "Калі ўжо пачалася гэтая нечарговая сэсія, то фактычна гэтыя два дні былі вельмі насычаныя рознай працай. Тагачаснае кіраўніцтва Савету, найперш старшыня Мікалай Іванавіч Дземянцей, падтрымала ГКЧП. І ў выніку гэтага першым днём трэба самую такую істотную падзею варта адзначыць: пад ціскам дэпутатаў, пад ціскам абставінаў і, мабыць, па некаторых яшчэ камандах, якія ў прасторы інфармацыйнай не гучалі, але Мікалай Іванавіч Дземянцей вымушаны быў сысьці ў адстаўку.

Былі прынятыя пастановы, якія вызначалі падпарадкаваньне Рэспубліцы Беларусь органаў пракуратуры, аб маёмасьці, якая знаходзілася на тэрыторыі Беларусі. Ну і самае галоўнае – гэта была пастанова ВС аб наданьні Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларускай ССР сілы канстытуцыйнага закону. Гэта значыць, што Дэклярацыя як намер лічылася пройдзеным этапам, і юрыдычна незалежнасьць Рэспублікі Беларусь, тады яшчэ гэта называлася Беларуская ССР, была замацаваная вышэйшым заканадаўчым органам Рэспублікі Беларусь. Можна лічыць, што гэта таксама адзін з найважнейшых дзён па шляху Беларусі да незалежнасьці.

Помніцца яшчэ, і гэта ўсе, мабыць, помняць, што тады стаялі вельмі такія цёплыя жнівеньскія дні, хоць гэта ўжо былі дваццатыя чыслы. Сэсія зацягвалася позна і першы дзень, і другі дзень, таму што там многія пытаньні ішлі вельмі цяжка, вельмі напружана, вельмі, як кажуць, ваяваць прыходзілася літаральна за кожную фармуліроўку.

Што хачу адзначыць: тая сытуацыя, якая склалася тады і ў самой Беларусі і ў Вярхоўным Савеце і вакол яго, мы скарысталі на сто працэнтаў трапна для таго, каб надаць Дэклярацыі статус канстытуцыйнага закона. І дзейнасьць лідэраў Апазыцыі, іх выступленьні, іх аргумэнтацыя (найперш, я лічу, гэта зорны час у быў у Вярхоўным савеце лідэра Апазыцыі Зянона Станіслававіча Пазьняка) як раз і паспрыялі таму, што тыя рашэньні, якія падтрымлівала Апазыцыя, былі прынятыя большасьцю нашага такога партыйна-савецкага-намэнклятурнага Вярхоўнага Савету. Можа быць, нават насуперак іхняй ня тое каб волі, але жаданьню. Але зьбег абставінаў, які склаўся менавіта ў тыя дні, як раз быў скарыстаны найбольш эфэктыўна. Мне падаецца, у іншай сытуацыі, праз нейкі пэўны тэрмін, гэта магло б і не адбыцца".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG