Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алег Трусаў: "Беларусы былі гатовыя да Незалежнасьці"


Алег Трусаў на мітынгу у 1991 г.
Алег Трусаў на мітынгу у 1991 г.
25 жніўня 1991 году Вярхоўны Савет БССР надаў Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце статус канстытуцыйнай сілы. Беларусь зрабілася незалежнай краінай. Прыгадвае дэпутат Апазыцыі БНФ Алег Трусаў.

Трусаў: На надзвычайнай сэсіі ВС замянілі кіраўніка краіны: Дземянцей пайшоў у адстаўку, сэсію пачаў весьці Шушкевіч на добрай беларускай мове. Мы, Апазыцыя БНФ, прапанавалі ўсе законапраекты, якія распрацавалі перад сэсіяй, праўда, гэтыя дакумэнты на пачатку большасьць адхіліла, але самае галоўнае – дзьвума трацямі надалі Дэклярацыі, прынятай 27 ліпеня 1990 г. статус канстытуцыйнай сілы.

І потым групу дэпутатаў адправілі ў Маскву, і я там быў, і ў пачатку верасьня зезд народных дэпутатаў СССР прызнаў незалежнасьць балтыйскіх дзяржаў і прызнаў такую сытуацыю, што ва ўсіх рэспубліках, у тым ліку і ў Беларусі, законы мясцовыя маюць большую вартасьць, чым саюзныя. Такім чынам Савецкі Саюз у пачатку верасьня ператварыўся ў канфэдэрацыю. Пра гэта мала хто гаворыць, але каб не было гэтай канфэдэрацыі, ніхто б у Белавежы яго не распусьціў.

У нас гісторыю людзі ня вельмі любяць. І таму вось калі я чытаю некаторых рускамоўных дэмакратаў, што вось незалежнасьць упала “як цагліна зь неба”, усё гэта хлусьня. Беларусы былі гатовы. Можа ня так актыўна, як прыбалты. Тым ня менш згадаю, што на гарбачоўскім рэфэрэндуме ў сакавіку за выхад з Савецкага Саюза прагаласавала каля мільёна выбаршчыкаў. Гэта амаль усё насельніцтва Эстоніі. Так што за сьпінай у нас было як мінімум мільён людзей.

Таму гэтыя падзеі, якія адбудуцца потым у сьнежні, яны былі лягічным працягам жніўня-верасьня.

Усё ў гісторыі мае пачатак і канец. І таму 19 верасьня 1991 г. мы прынялі назву дзяржавы, прынялі сымболіку, мне давялося як раз яе прымаць – на трыбуне стаяць. І прынялі і сьцяг і герб і назву. Але гэта будзе крышачку пазьней.

А вось 25-га жніўня 1991 г. у 20 гадзін 08 хвілін Беларусь стала фактычна незалежнай дзяржавай, то бок ужо нашыя законы былі важней за саюзныя, як і ў іншых рэспубліках: тое самае зрабіла і Расія, і Ўкраіна. За выключэньнем прыбалтаў, якія яшчэ раней абвясьцілі незалежнасьць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG