Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мазыр: шукаюць арганізатара акцый пратэсту


4 жніўня ў Мазыры распачалі суд над кіроўцам мясцовага машынабудаўнічага заводу Міхасём Караткевічам (на здымку). Міліцыя вінаваціць яго ў арганізацыі ў горадзе маўклівых акцый пратэсту "Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку". Афіцыйна — паводле часткі 1 артыкула 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях.

Нельга нават выйсьці на плошчу пагуляць — гэта ўжо лічыцца нейкім правапарушэньнем. Абсурд!
Адміністрацыйную справу ў дачыненьні да 26-гадовага кіроўцы Караткевіча на падставе міліцэйскага пратаколу разглядаў судзьдзя Аляксей Бялоцкі. Сьведкам у судзе выступаў начальнік аддзелу аховы грамадзкага парадку й прафіляктыкі, падпалкоўнік міліцыі Сяргей Кадол. Ён і склаў на кіроўцу пратакол адміністрацыйнага правапарушэньня.

Паводле назіральнікаў, пазыцыя міліцыянта наступная. Маўляў, паколькі спадар Караткевіч на сваёй старонцы "ВКонтакте" зрабіў запіс пра сустрэчы па серадах а 19-й гадзіне на плошчы Леніна, то ён і ёсьць арганізатар маўклівых акцыяў пратэсту.

Хто й як скарыстаўся запісам спадара Караткевіча? На якой падставе чалавека, які зрабіў запіс на сваёй старонцы ў інтэрнэце, трэба лічыць арганізатарам? Чаму мазырская міліцыя, у такім разе, не складала пратаколаў на ўдзельнікаў сустрэч, калі гэта былі несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы? На такія пытаньні адказчыка й адваката міліцэйскі падпалкоўнік уцямнага адказу не даў.

Міхась Караткевіч вінаватым сябе не прызнаў. Пільную ўвагу да сваёй асобы з боку падпалкоўніка Кадола й іншых службоўцаў ён тлумачыць тым, што яго па серадах і Кадол, і іншыя ахоўнікі сапраўды бачылі на плошчы:

"Бачыў мяне на плошчы і, відаць, увёў імя маё "ВКонтакте" ў пошуку, паглядзеў маю старонку, што яна апазыцыйная, супраць улады, і вырашыў, што я й ёсьць найлепшы такі кандыдат у арганізатары. Я патлумачыў, што людзі выходзяць, каб перамагчы страх. Нельга нават выйсьці на плошчу пагуляць — гэта ўжо лічыцца нейкім правапарушэньнем. Абсурд!"

Мазырскі праваабаронца Ўладзімер Целяпун, які назірае за судом, мяркуе, што міліцыя перасьледуе спадара Караткевіча з наступнае прычыны:

"Я бачу, што Мазыру трэба зрабіць нейкую справаздачу, што пэўная праца з гэтымі "рэвалюцыянэрамі" праведзена. І таму яны выбралі Міхаіла. Магчыма, таму, што са сваёй старонкі ён нічога не выдаляў — відаць, ня мае добрага досьведу, як ёй карыстацца. Ён проста ўсю інфармацыю, якую дзесьці здабыў, прачытаў ці пабачыў, разьмяшчаў на сваёй старонцы".

Судзьдзя Бялоцкі тым часам абвясьціў перапынак у справе. Хутчэй за ўсё, дзеля кансультацыяў. Судовы разбор у дачыненьні да "інтэрнэт-рэвалюцыянэра" Караткевіча будзе працягнуты 10 жніўня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG