Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Незадаволенасьць штурхае на плошчы


Незадаволенасьць парушэньнямі правоў і пагаршэньнем узроўню жыцьця штурхае людзей да акцыяў салідарнасьці, якія атрымалі свой пачатак у сацыяльных сетках. Геаграфія такіх акцыяў пашырылася больш чым на 30 беларускіх гарадоў, дзе людзі моўчкі пратэставалі на цэнтральных плошчах.


МЕНСК


Спэцназу мала прасторы

У Менску жыхары дома 4 па вуліцы Уруцкай бароняць сваю жыцьцёвую прастору ад будаўнікоў й вайскоўцаў брыгады спэцназу № 3214, якія хочуць пракласьці празь іхні двор скразны праезд да вуліцы Астрашыцкай, да дому, пабудаванага для спэцназаўцаў. Такім чынам спэцназаўцы забіраюць ад жыхароў іншых дамоў нават дзіцячыя пляцоўкі, праезд у абход іх двара вайскоўцы рабіць адмаўляюцца.

У сераду жыхарка 4-га дома спадарыня Алена паведаміла «Свабодзе», што самаўпраўства вайскоўцаў і будаўнікоў працягваецца:

Яны крычаць: «Мы — сіла, а вы — ніхто!»

Спадарыня Алена: «У нас няма адказаў на звароты да ўлады. Ніякіх. Сытуацыя ўскладняецца яшчэ і тым, што ў нас няма абароны, няма каму нас падтрымаць. А тым часам будаўнікі працягваюць працаваць. Яны ж выціснулі нас. Зрэзалі нашы дрэвы, а зараз будуць класьці асфальт. На маладых маці з каляскамі й пэнсіянэраў ідуць ваенныя. Менавіта афіцэры, выштурхоўваюць нас з нашага двара. На іх няма аніякай управы. Разумееце? Яны крычаць, што яны — сіла, а мы ніхто...».

Па словах спадарыні Алены, заўтра, у чацьвер, у 20:00 адбудзецца сход жыхароў дома па вуліцы Уруцкай, 4. Удзельнікі гэтага сходу заяўляюць, што будуць удзячныя, калі іх прыйдуць падтрымаць іншыя жыхары Менску.



ГАРАДЗЕНШЧЫНА


«Мяняць тут усё трэба, толькі як — ня ведаю»

Сёньня ў Горадні міліцыянты абставілі жалезнымі бар’ерамі па пэрымэтры дзьве плошчы ў цэнтры — Савецкую і Леніна, дзе звычайна зьбіраюцца ўдзельнікі маўклівага пратэсту. На Савецкай за агароджай працуе гандаль. Наш карэспандэнт высьвятляў у пакупнікоў, як яны ставяцца да маўклівага пратэсту на плошчы. Высьветлілася, што ведаюць пра акцыю ўсе, а вось ставяцца да яе па-рознаму.

Спадар: «Я, ведаеце, у Расеі працую, прыяжджаю сюды, гастарбайтэр. Нават ня ведаю, як сказаць: ды мяняць тут усё трэба, толькі як — ня ведаю. Вось пасьля гэтага абвалу, што з далярам быў, я прыкладна паўгадавы заробак беларускі на будоўлі ў Расеі зарабляю, у Піцеры».

Спадарыня: «Ніякага сэнсу выходзіць няма, гэта несур’ёзна, гэта ня выйсьце са становішча. Але народ не вінаваты ў гэтым».

Спадарыня: «Ведаю пра гэта, але хадзіць не хаджу».

Спадарыня: «Эканоміка ў нас слабая. Прытрымлівалі, можа, штучна гэтыя цэны, а потым выявілася ўсё роўна, як тут ні хавай. Атрымліваецца: грошы нашы нішто, зусім абясцэніліся. Выходзіць — гэта бессэнсоўна, гэта вельмі небясьпечна, ня кожны хоча рызыкаваць сваім жыцьцём. Ну, стаяць проста, але калі рыпнуцца крышку, тут міліцыя іх пахапае, і ўсё. А каму гэта хочацца? Мы проста як скаціна...».

Спадар: «Увогуле наш народ цярплівы, будзем чакаць. Лепшых часоў. Ну, як сказаў наш Рыгоравіч, Лукашэнка: трэба чакаць, цярплівымі быць, настануць часы».

«Мы выбралі тое, чаго заслужылі...»

Спадарыня: «Нам ня трэба такая міліцыя, лепей бы паліцыя была — так, напрыклад, як у Эўропе. Мы ўсе хочам гэтага... Але пакуль мы выбралі тое, чаго заслужылі. Мы ня можам зьмяніць. Мы, напэўна, ня вартыя, мне здаецца».

Супрацоўнікі міліцыі і КДБ запалохваюць удзельнікаў сацыяльнай акцыі

У Лідзе і рабочым пасёлку Бярозаўка Лідзкага раёну ўдзельнікаў сацыяльнай акцыі на працягу тыдня выклікалі ў міліцыю і КДБ, дзе палохалі крымінальнай адказнасьцю за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях.

У Лідзе ў мінулую сераду ў сацыяльнай акцыі ўзялі ўдзел звыш 80 чалавек. Частку людзей затрымалі, аднаго з удзельнікаў міліцыянты пабілі за тое, што адмовіўся аддаваць мабільны тэлефон. Праўда, усіх затрыманых адпусьцілі і ніякіх пратаколаў на іх не складалі.

На гэтым тыдні некаторых удзельнікаў пачалі выклікаць у КДБ. Адзін зь іх быў на размове ў КДБ сёньня раніцай. Вось што ён распавядае:

Спадар: «Спачатку ён прачытаў мне лекцыю пра тое, што нас разбэшчваюць амэрыканцы, пасьля зачытаў артыкул з Крымінальнага кодэксу, што, маўляў, за масавыя беспарадкі даюць ад 3 да 8 гадоў турмы. А потым у канцы даў мне паперу, у якой напісана, што я, калі буду ўдзельнічаць у сацыяльных акцыях 29-га, 3-га на галоўнай плошчы гораду Ліды па вуліцы Савецкай, то да мяне будзе прыменена пакараньне згодна з Адміністрацыйным кодэксам РБ».

У мястэчку Бярозаўка Лідзкага раёну ў сацыяльнай акцыі бралі ўдзел звыш 30 чалавек, і 19 зь іх былі дастаўленыя ў пастарунак. Пасьля таго як асобы затрыманых былі ўстаноўленыя, іх усіх адпусьцілі.

Сярод затрыманых было шмат школьнікаў

Адзін з удзельнікаў акцыі распавядае, што сярод затрыманых было шмат школьнікаў і на працягу мінулага тыдня іх выклікалі ў міліцыю.

«У Бярозаўцы на мінулым тыдні супрацоўнікі КДБ і міліцыі бралі ў школьнікаў пісьмовыя тлумачэньні, а дырэктараў і завучаў выклікалі для прафіляктычных гутарак.

Спадар: «Увесь мінулы тыдзень, а каго яшчэ і ўчора выклікалі, нават дырэктараў школ, завучаў выклікалі ў міліцыю. Хлопцы распавядалі, што прыяжджалі нават з КДБ і гутарылі зь імі ў пакоі БРСМ. Бралі ад іх тлумачальныя запіскі — кшталту, што я проста гуляў і ня браў удзелу ў ніякіх акцыях, альбо яшчэ — што болей нікуды хадзіць ня буду».

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Людзі гатовыя пратэставаць, але моўчкі й не выходзячы на вуліцы

Найбольш незадаволеных сярод будаўнікоў. На будаўнічых пляцоўках цяпер неспакойна. Галоўная тэма гутарак — скарачэньне фінансаваньня будаўніцтва. Пра сытуацыю апавядае будаўнік Аляксей Паўлоўскі:

«На будаўнічых пляцоўках дрэнная абстаноўка. З-за таго, што няма
Будаўнікі пабойваюцца страціць апошняе ...

фінансаваньня, матэрыялы не паступаюць. Раз грошай няма, паедзем па чарніцы, за іх валюту даюць, і на выручаныя грошы будзем матэрыялы набываць. На акцыю пратэсту будаўнікі пакуль не гатовыя. Пабойваюцца, апошняе каб ня страціць. Пакуль во крапіва пайшла, шчаўе ёсьць, дык неяк пратрымаюцца».

Неспакойна й на прадпрыемствах. Кіраўніцтву пакуль удаецца супакойваць пратэстныя настроі працаўнікоў. Гаворыць кіраўнік суполкі Свабоднага прафсаюзу Беларускага на бабруйскім заводзе трактарных агрэгатаў Міхаіл Кавалькоў:

«Многія ўжо разумеюць, што калі ён атрымліваў тры мільёны з адпускнымі
Некаторыя падыходзяць і запытваюць: «Калі ўжо будзем страйкаваць? ...

і меў тысячу баксаў у кішэні, то цяпер, атрымаўшы тры мільёны, ён нават пяцісот даляраў ня мае, бо па 6 тысяч іх нідзе ня купіш. Ужо многія разумеюць, хто вінаваты. Некаторыя падыходзяць і пытаюцца: „Калі ўжо будзем страйкаваць?“. Усе чакаюць, што нехта за іх нешта зробіць».

З найбольш актыўнымі незадаволенымі кіраўніцтва прадпрыемстваў распраўляецца непадаўжэньнем кантрактаў. «Свабода» ўжо паведамляла пра такі выпадак на вагонабудаўнічым заводзе ў Магілёве. Не падоўжылі кантракту з працаўніком прадпрыемства Валадаром Цурпанавым.

Ня надта ахвочыя публічна пратэставаць і прадпрымальнікі. Паводле некаторых зь іх, яны ўжо прыстасаваліся працаваць у крызісных умовах. Гаворыць прадпрымальніца Алена Мядзьведзева:

«Прадпрымальнікі таксама абураюцца, але пакуль уціхую» ...
«Усе абураюцца, але пакуль уціхую. Падыходзяць цяпер тыя, хто баяўся падпісвацца, і кажуць: „Ай, Лена, нешта трэба рабіць“. А я ім: „А чаго ж вы адмаўляліся падпісвацца за таго ж Васіля Быкава?“. А яны: „Не, не, мы ўжо ўсе гатовыя“. Не — гэта ня ўсе. Я бачу па іх паводзінах. Я думаю, што трэба пачакаць, ну, да кастрычніка. Тады канец цярпеньню будзе».



БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Каардынатара БХД затрымалі і асудзілі напярэдадні маўклівай акцыі

Зьміцер Шурхай, каардынатар БХД па Берасьці, быў асуджаны напярэдадні маўклівай акцыі судом Маскоўскага раёну Берасьця на сем сутак адміністрацыйнага арышту. Падрабязьней — Сяргей Ягораў.

Падчас затрыманьня ў Зьмітра забралі мабільны тэлефон, ня даўшы яму магчымасьці паведаміць пра арышт. Судзьдзя Маскоўскага суду Берасьця Андрэй Алешчанка прызнаў актывіста БХД вінаватым у адміністрацыйным правапарушэньні і пакараў арыштам на сем сутак, гаворыць праваабаронца зь Берасьця Раман Кісьляк:

«Яго затрымалі напярэдадні, міліцыянты зьбілі яго з ног, забралі мабільны тэлефон. Супраць яго далі паказаньні міліцыянты, якія засьведчылі, што ён лаяўся. Чаго на самой справе не было. Гэта барацьба з тымі, хто інакш думае. І накіравана на тое, каб ізаляваць актывіста напярэдадні сёньняшняй акцыі і акцыі 3-га ліпеня».

Улады імкнуцца нэўтралізаваць найбольш актыўных

Сустаршыня БХД Георгій Дзьмітрук кажа, што ўлады імкнуцца нэўтралізаваць найбольш актыўных людзей напярэдадні акцыяў. Пры гэтым судовая сыстэма выкарыстоўвае вопыт савецкіх часоў:

Георгі Дзьмітрук
«На жаль, усё больш і больш наша судовая сыстэма нагадвае горшыя савецкія часы. З аднаго боку — сьмешныя абвінавачваньні, а з другога — страшна, што людзі так дазваляюць сьведчыць ілжыва супраць іншых людзей».

Кіраўнік абласной арганізацыі «Пэрспэктыва» Віктар Чайкоўскі паведаміў, што прысуд актывісту БХД выклікаў абурэньне грамадзкасьці. Быў складзены адкрыты зварот да ўрадаў і кіраўнікоў краін Эўразьвязу, сьвятароў пратэстанцкіх цэркваў сьвету:

«Мы просім разгледзець пытаньне аб увядзеньні дадатковых санкцый у адносінах да аўтарытарнага рэжыму Беларусі. І дапамагчы пакласьці канец фальсыфікацыям адміністрацыйных і крымінальных спраў».



ВІЦЕБШЧЫНА


Чыноўнікі прыдумалі «тэатар абсурду»

Ужо а другой гадзіне дня ў сераду на віцебскай плошчы Перамогі стаялі падрыхтаваныя сэкцыі жалезнай агароджы — увечары тут заплянаваная дыскатэка. Пра яе паведамілі толькі ўчора ўвечары: на афіцыйным сайце Віцебскага гарвыканкаму зьявілася аб’ява, што дыскатэка прысьвечана заканчэньню навучальнага году і праводзіцца ў межах акцыі «Беларусь маладая». Распачнецца яна а 20 гадзіне, але ўсталёўваць апаратуру і абгароджваць плошчу яўна пачнуць раней, лічыць Аляксандар Кузьняцоў, старшыня віцебскай Моладзі БНФ:

Аляксандар Кузьняцоў

«Тэатар абсурду, які прыдумалі ўлады, каб толькі не пусьціць нас на плошчу. На ўсё гэта трацяцца шалёныя грошы, і калі нешта такое яны будуць праводзіць штосерады — у мяне проста няма словаў! А зь іншага боку, на гэтую дыскатэку будуць заганяць тых, каму туды зусім ня хочацца. І зь імі можна знайсьці агульную мову: разам папляскаць у далоні і нават патанцаваць на плошчы».

У мінулую сераду, 22 чэрвеня, Аляксандру Кузьняцову так і не ўдалося трапіць на плошчу Перамогі. Міліцыянты затрымалі хлопца каля дома, заявіўшы, што ён падобны да рабаўніка. І каля дзьвюх гадзін яго пратрымалі ў міліцэйскай машыне.

На плошчы тым часам праходзіла рэпэтыцыя канцэрту да Дня гораду, і тым, хто сабраўся на «Рэвалюцыю праз сацыяльную сетку», давялося стаяць на ўскрайку, каля самага ўваходу ў падземны пераход.

Людзі кажуць: «Мы ўсё адно пойдзем!»

У Наваполацку ў мінулую сераду галоўную плошчу Будаўнікоў мылі палівальнымі машынамі, а ў Полацку на плошчы перад гарвыканкамам праводзілі спартовыя спаборніцтвы. Што будзе гэтым разам? Разважае полацкі актывіст Віктар Калесьнік:

«У нас пакуль невядома, што рыхтуюць. Пасьля мінулага разу, калі мылі плошчу ў Наваполацку і трэніраваліся ў Полацку, нічога не вядома. Гэта цяпер вялікі сакрэт! Але паглядзім, што гэтым разам прыдумаюць. Людзі кажуць: мы ўсё адно пойдзем!».

Аршанцы таксама зьбіраюцца выйсьці на цэнтральную плошчу Леніна. Тамтэйшыя актывісты распавядаюць, што ніякіх зьвестак пра нейкія прызначаныя ўладамі мерапрыемствы пакуль няма.

А тым часам на старонцы падзеі «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку. Віцебск» у сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» ідзе абмеркаваньне, што рабіць, калі на галоўную плошчу ня пусьцяць. Адны прапануюць пастаяць за агароджай або каля міліцэйскіх кардонаў, іншыя — перайсьці цераз вуліцу на другую частку плошчы, да манумэнту ў гонар вызваліцеляў, або ўвогуле перамясьціцца на іншую плошчу Віцебску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG