Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігар Яўсееў: «3 ліпеня апладзіраваць можна толькі вэтэранам»


Адзін з кіраўнікоў менскай міліцыі сёньня заявіў пра забарону грамадзянам пляскаць у далоні на Дзень Незалежнасьці 3 ліпеня. Такім чынам улады хочуць пазьбегчы акцыяў непадпарадкаваньня, якія арганізоўваюцца праз сацыяльныя сеткі. Адна з такіх акцыяў прызначаная на 3 ліпеня.

У Дзень Незалежнасьці 3 ліпеня ў Менску пройдзе вайсковы парад з удзелам расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі. Вайсковы парад пройдзе паводле традыцыйнага сцэнару, з удзелам наземнай тэхнікі і авіяцыі — агулам 163 адзінкі. Упершыню Дзень Незалежнасьці будзе адзначаны прысутнасьцю расейскай зброі — 4 ракетнымі комплексамі «Панцыр». Удвая вырасьце колькасьць пешых калёнаў — па Менску пройдуць амаль чатыры тысячы вайскоўцаў. Адкрыюць парад да Дня Незалежнасьці Беларусі таксама расейскія вайскоўцы — дэсантны полк з Пскова. Вось як гэта патлумачыў вайсковы камэндант Анатоль Грыцаў:

«Тут мы кіруемся тым меркаваньнем, што гэта нашы ганаровыя госьці. Я тут ніякага падтэксту ня бачу, гэта традыцыйная павага да госьця — госьць ідзе на самым ганаровым месцы».

Сёлета набытыя новыя, больш сучасныя кампанэнты салюту, якіх жыхары краіны яшчэ ня бачылі. Колькі будзе каштаваць вайсковая імпрэза, галоўны ідэоляг Узброеных сіл Уладзімер Макараў ня кажа:

«Тэзісы пра сьмерць беларускай эканомікі відавочна перабольшаныя. Гаворка пра тое, што ўсё ў межах нашага вайсковага бюджэту, які апошнія дзесяць год складаў максымум 1,49% валавога ўнутранага прадукту. Вось у гэтых умовах мы здольныя правесьці парад».

Адзначаць дзяржаўнае сьвята Дзень Незалежнасьці 3 ліпеня пачнуць у пятніцу, 1 ліпеня, у Палацы Рэспублікі, а скончаць — каля стэлы «Горад-герой Менск» у панядзелак, 4 ліпеня, а 2-й гадзіне ночы. Увесь гэты час уся міліцыя будзе працаваць у поўным складзе ва ўзмоцненым рэжыме. На пытаньне, ці будуць затрыманыя тыя грамадзяне краіны, якія выйдуць на вуліцы адзначыць сьвята па-за межамі дзяржаўных імпрэзаў, кіраўнік управы аховы правапарадку МУС Іван Кубракоў адказаў гэтак:

«Калі будуць парушэньні грамадзкага парадку, у адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам, міліцыя будзе дзейнічаць. Толькі ў межах закону і ня больш за тое».

Адначасна сілавікі нагадалі журналістам, што правапарушэньнем зьяўляецца ўжо сам факт збору людзей на цэнтральных плошчах Менску, незалежна ад мэты збору альбо фармату акцыі.

Начальнік міліцыі грамадзкай бясьпекі Менску Ігар Яўсееў:

«Любыя імпрэзы, якія не санкцыянаваныя Менгарвыканкамам, яны забароненыя на Кастрычніцкай плошчы, а таксама плошчы Перамогі і Леніна. Таму, натуральна, да парушальнікаў будуць прынятыя меры».

Ігар Яўсееў таксама падкрэсьліў, што пляскаць у далоні 3 ліпеня на цэнтральных вуліцах Менску можна толькі на адрас вэтэранаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG