Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над Дароніным, Казаковым, Лобанам, Мацукевічам, Сакрэтам, Федаркевічам. Першы дзень

абноўлена

5 траўня ў судзе Маскоўскага раёну Менску пачаўся працэс у крымінальнай справе удзельнікаў Плошчы Дзьмітрыя Дароніна, Сяргея Казакова, Уладзімера Лобана, Віталя Мацукевіча, Яўгена Сакрэта, Алега Федаркевіча. Яны абвінавачваюцца па частцы.2 арт.293 «Масавыя беспарадкі». Судзьдзя Алена Шылько.

15.50 У працэсе абвешчаны перапынак да 10.00 6 траўня.

15.35 Пачаўся допыт Яўгена Сакрэта. Кажа, што хацеў застацца на выпадак, калі будзе намётавае мястэчка. У часе разгону атрымаў дубінкай па галаве. Сымпатызаваў кандыдатам і хацеў падтрымаць маральна. Пра забарону на вулічную акцыю ня чуў. Прызнае, што грукаў па шчытах міліцыянтаў і ў фанэру за дзьвярыма Дому ўраду.

Адбіваўся пасьля таго, як яго зьбілі міліцыянты. Масавых беспарадкаў не прызнае. Сваю віну прызнае часткова.

15.15 Допыт Уладзімера Лобана: Ніякіх пагромаў і масавых непарадкаў ня бачыў. Часткова прызнаў, што падтрымліваў чалавека, які біў па шчыту міліцэйскага спэцназу. Прыйшоў выказаць грамадзянскую пазыцыю. Зброі ня бачыў.

14.45 Пачаўся допыт Мацукевіча. Кажа, што пра Плошчу даведаўся зь дзяржаўных СМІ. Пайшоў з сябрамі з уласнага інтарэсу. Прызнаў, што на плошчы гукаў «Беларусы, сюды. Мы гаспадары краіны і будзем ёй кіраваць!» З плошчы сыйшоў сам.

Мацукевіч віны не прызнае.

14.14 Пачаўся допыт Федаркевіча. Кажа, што быў прастужаны і слаба што помніць. Шыбаў ня біў, толькі даставаў пабітае шкло. Ён таксама некалькі разоў ударыў па фанеры за дзьвярыма. Віну прызнае часткова.

Ніякага гвалту, пагромаў ня бачыў. Чуў воклічы «Жыве Беларусь!».

13.43 — 14.03 Распачаўся допыт Дароніна. Кажа, што пайшоў на Плошчу з двума сябрамі пачуць пра вынік выбараў. Папярэджаньняў міліцыі ня чуў. Нікога і нічога ня біў — толькі па агароджы нагамі. Кажа, што цалкам невінаваты.

Сказаў, што не было непарадкаў, а сам далучыўся не да бясчынства натоўпу, а да акцыі мірных грамадзянаў.

13.03 Цалкам не прызнае абвінавачаньне Даронін. Астатнія — часткова прызнаюць. Распачаўся допыт. Першы — Сяргей Казакоў.

Кажа, што ў інтэрнэце даведаўся пра Плошчу. Быў цьвярозы, адзін, нікога ня ведае, Папярэджаньняў ад міліцыі ня чуў. Пайшоў з асабістага інтарэсу. Нічога супрацьпраўнага не рабіў. Атрымаў дубінкамі. Ударыў па агароджы некалькі разоў, бо яго білі.

Казакоў настойвае, што ён не вінаваты. Зброі ў людзей ён ня бачыў.

12.36 Дзяржаўны абвінаваўца зачытвае абвінавачаньне пра збройны супраціў, нанесеную шкоду Дому ўраду і міліцыянтам. Судзьдзя заявіла пра 29 пацярпелых. Тры ўжо на месцы. Астатнія абяцалі падыйсьці.

12.15 Абвінаваўца — Мельнік. У судзе — тры пацярпелыя спэцназаўцы міліцыі. Ідзе прадстаўленьне абвінавачаных.

12.10 Працэс распачаўся. Падсудныя знаходзяцца пад аховай. У залі — сваякі, правааабаронцы, адвакаты.

11.09 Судовы працэс быў перанесены з 10 да 12 гадзінаў, бо не зьявіўся адвакат Яўгена Сакрэта. Калі адвакат зьявіцца, суд працягнецца а 12 гадзіне.

Яўген Сакрэт

Яўген Сакрэт
Нарадзіўся ў Менску 3 кастрычніка 1966 году. Выпускнік лесагаспадарчага факультэту Беларускага дзяржаўнага тэхналягічнага ўнівэрсытэту. Зьвестак пра яго сяброўства ў партыях і рухах няма, але гэта чалавек, які ніколі не хаваў сваіх дэмакратычных поглядаў. Падчас прэзыдэнцкіх выбараў-2010 быў сябрам ініцыятыўнай групы Андрэя Саньнікава.


Затрыманы 19 сьнежня, адбыў 10-суткавы арышт. Паўторнае затрыманьне адбылося, верагодней за ўсё, 17 студзеня 2011 г., калі Яўген не прыйшоў да сваякоў начаваць. Праз тры дні ў іх дом прыйшлі зь ператрусам. Яго абвінавачваюць па ч.2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (удзел у масавых беспарадках).

Уладзімер Лобан

Уладзімер Лобан
Нарадзіўся 16 студзеня 1978 году ў г. Хойнікі на Гомельшчыне. Пасьля чарнобыльскай катастрофы сям’я пераехала ў Верхнядзьвінск Віцебскай вобласьці. Там Уладзімер Лобан скончыў сярэднюю школу, у Верхнядзьвінск ён вярнуўся працаваць пасьля заканчэньня ў Менску Беларускага дзяржаўнага тэхналягічнага ўнівэрсытэту. Спэцыяльнасьць — інжынэр дрэваапрацоўкі.

З красавіка 2010 г. жыў і працаваў у Менску. Палітыкай не займаўся, ні ў якія партыі і рухі не ўваходзіў.

Сяргей Казакоў

Сяргей Казакоў
Нарадзіўся 12 лютага 1992 году ў Ленінагорску ў Расеі. Скончыў менскую сярэднюю школу № 85. Сур’ёзна захапляўся музыкай. Актывіст грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь». Быў затрыманы 27 студзеня ў якасьці падазраванага па справе аб масавых беспарадках. Выстаўлена абвінавачаньне па артыкуле 293 КК. Зараз пад вартай у СІЗА № 1 на вул. Валадарскага.

Дзьмітрый Даронін

Дзьмітрый Даронін
Нарадзіўся 19 красавіка 1982 году ў Менску. Скончыў ПТВ № 8, да арышту працаваў сьлесарам на МАЗе. Рос у шматдзетнай сям’і, у якой васьмёра дзяцей. Быў затрыманы 14 сакавіка на працы і зьмешчаны ў ізалятар на Акрэсціна. 22 сакавіка яму выстаўлена абвінавачаньне паводле арт. 293 Крымінальнага кодэксу — «Масавыя беспарадкі». Зараз пад вартай на Валадарцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG