"Мы з Валодзем — двайняты. Таму вельмі блізкія паміж сабой, разумеем адзін аднаго, перажываем. На жаль, мы з Уладзімерам рана засталіся без бацькоў. Жылі заўсёды даволі сьціпла, раскошы асаблівай не было. Таму вельмі рана давялося стаць дарослымі — самім зарабляць, самім пра сябе клапаціцца. І хоць мы нарадзіліся ў адзін дзень, я заўсёды адчувала сябе нібыта ягонай старэйшай сястрой, адказнай за яго.
Валодзя заўсёды быў за праўду, за справядлівасьць. Я думаю, што і на Плошчы ён апынуўся таму, што яму не дазволілі прагаласаваць на прэзыдэнцкіх выбарах
Валодзя заўсёды быў за праўду, за справядлівасьць. Я думаю, што і на Плошчы ён апынуўся таму, што яму не дазволілі прагаласаваць на прэзыдэнцкіх выбарах. У Менску на выбарчым участку яму параілі ехаць галасаваць у Верхнядзьвінск, па месцы рэгістрацыі. Ён раззлаваўся, бо да Верхнядзьвінску 300 кілямэтраў, і пайшоў на плошчу...
Быў затрыманы пры разгоне акцыі 19 сьнежня. Адразу ж адбыў 10-суткавы адміністрацыйны арышт на Акрэсьціна. А потым яго адразу ж палічылі падазраваным па крымінальнай справе аб масавых беспарадках. Мае сяброўкі, якія добра ведаюць Вову, нагледзеліся Беларускага тэлебачаньня, чыталі ў газэтах, што Валодзя біў шыбы, нападаў на міліцыянтаў, і ня могуць у гэта паверыць — ён такі ціхі, спакойны, станоўчы... Нягледзячы на апалітычнасьць, да яго вельмі рэдка дапускаюць адваката.
У лістах Валодзя піша: раз так склалася, трэба несьці свой крыж. Турму ён успрымае як выпрабаваньне, якое наканаванае яму лёсам. Духам ён ня падае, нас падтрымлівае — лісты піша бадзёрыя".
Сьвятлана Лобан, сястра-двайнятка Ўладзімера Лобана.
Уладзімер Лобан нарадзіўся 16 студзеня 1978 году ў г. Хойнікі на Гомельшчыне. Пасьля чарнобыльскай катастрофы сям’я пераехала ў Верхнядзьвінск Віцебскай вобласьці. Там Уладзімер Лобан скончыў сярэднюю школу, у Верхнядзьвінск ён вярнуўся працаваць пасьля заканчэньня ў Менску Беларускага дзяржаўнага тэхналягічнага ўнівэрсытэту. Спэцыяльнасьць — інжынэр дрэваапрацоўкі.
З красавіка 2010 г. жыў і працаваў у Менску. Палітыкай не займаўся, ні ў якія партыі і рухі не ўваходзіў.