Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казулін, Івашкевіч, Шушкевіч заклікаюць байкатаваць парлямэнцкія выбары – 2012


архіўнае фота
архіўнае фота
Група беларускіх палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў выступіла з маніфэстам. Галоўны тэзіс - негвалтоўны супраціў нелегітымнай уладзе і актыўнае грамадзянскае супрацьстаяньне ўсім дзяржаўным інстытутам.

"19 сьнежня 2010 году - паваротны пункт у найноўшай гісторыі Беларусі. Упершыню мы можам з поўнай упэўненасьцю сказаць, што Лукашэнка выбары прайграў. Большасьць насельніцтва прагаласавала супраць дыктатара, падтрымаўшы кандыдатаў ад апазыцыі”, - пішуць аўтары звароту.

Яны прапаноўваюць “масавае негвалтоўнае супрацьстаяньне. "Байкот дыктатуры" - кампанія, заснаваная на непрызнаньні ўлады, адмове ад супрацоўніцтва зь ёй і непадпарадкаваньні рэжыму. На фоне пагаршэньня эканамічнага становішча і росту пратэстных настрояў яна вядзе да поўнай дэлегітымізацыі ўлады ў вачах беларусаў".

Часткай гэтай кампаніі, на думку аўтараў дакумэнта, павінен стаць байкот маючых адбыцца ў 2012 годзе выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

"Дзеяньні ўлады пасьля 19 сьнежня выклікалі неразуменьне нават сярод яе прыхільнікаў. Беларусы яшчэ ніколі не ненавідзелі дыктатуру так моцна! Наша задача - дамагчыся, каб нарастаючае непрыманьне рэжыму прывяло да яго поўнай ізаляцыі”, - гаворыцца ў заяве. “Моцны бок такой стратэгіі - уключэньне ў барацьбу ня толькі актывістаў палітычных партый і арганізацыяў, а ўсіх прыхільнікаў пераменаў. Ідэйныя разыходжаньні тут не адыгрываюць вызначальнай ролі. Мэта - вызваленьне палітвязьняў і правядзеньне свабодных выбараў без Лукашэнкі - аб'ядноўвае ўсіх”.

“Мы павінны рэагаваць на ўсе памылкі ўладаў на ўсіх узроўнях, тлумачыць людзям, як парушаюцца іх правы і як іх можна абараніць, даносіць інфармацыю аб нашых акцыях і далейшых дзеяньнях. Нам неабходна пераканаць тых, хто сумняюцца, што ўлада незаконная - таму што мы яе не выбіралі, таму што яна нас падманвае і крадзе нашы грошы, таму што яна, у рэшце рэшт, проста не спраўляецца з тымі праблемамі, якія стаяць перад краінай. Таму мы яе не прызнаем ", - адзначаецца ў звароце.

У дакумэнце таксама напісана: “Адна з формаў праявы грамадзянскай пазыцыі - гэта невыкананьне незаконных патрабаваньняў уладаў (…)Непадпарадкаваньне - гэта калі мы адмаўляемся плаціць незаконныя паборы, гэта калі мы адмаўляемся ісьці галасаваць па загадзе дэкана факультэта або дырэктара прадпрыемства, гэта калі мы адмаўляемся сыходзіць з плошчы ў цэнтры Менску да таго часу, пакуль ня будуць вызваленыя палітвязьні”.

Пасланьне падпісалі:


  • старшыня Вярхоўнага Савету 12-скліканьня Станіслаў Шушкевіч,
  • каардынатар грамадзянскай кампаніі "Эўрапейская Беларусь" Яўген Афнагель
  • прадстаўнік аргкамітэту партыі "Беларускі Рух" Віктар Івашкевіч,
  • кандыдат на прэзыдэнта на выбарах 2006 году, былы палітвязень Аляксандр Казулін,
  • каардынатар грамадзянскай кампаніі "Эўрапейская Беларусь "Павал Марыніч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG