Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клінтан пра тое, ці чакае арабскі сьвет землятрус


Паўночная Афрыка і Блізкі Ўсход узрушаныя апошнімі падзеямі ў Эгіпце і Тунісе, дзе шматгадовыя кіраўнікі былі вымушаныя адыйсьці ў выніку масавых пратэстаў. Краіны рэгіёну бяруць прыклад. Антыўрадавыя пратэсты шырацца ў Альжыры, Бахрэйне і Емэне. У Ярданіі у выніку выступаў за рэформы і паляпшэньне стандартаў жыцьця распусьцілі парлямэнт. А ў Іране акцыю салідарнасьці з народнымі паўстаньнямі разагналі з дапамогай сьлезацечнага газу і гумовых куляў.

Дзяржаўны сакратар ЗША Гілары Клінтан асудзіла брутальны разгон іранскіх дэманстрантаў і заклікала краіны рэгіёну да эканамічных і палітычных рэформаў. Вось у прыватнасьці некаторыя адказы Гілары Клінтан на пытаньні тэлеканалу Alhurra.

Кар.: Прэм’ер-міністар Ізраілю Нэтаньягу лічыць, што арабскі і мусульманскі сьвет чакае землятрус. Ці згодны вы з такім прагнозам?

Клінтан: Зьмены адбываюцца, і гэта тое, за што выступалі ЗША, цяперашняя адміністрацыя і я асабіста. Мы перакананыя, што тое, што адбываецца ня толькі ў інтарэсах рэгіёну ці асобных краінаў, але, найбольш важна, людзей, асабліва маладых людзей, якія маюць шанц цешыцца з эканамічных, палітычных і дэмакратычных рэформаў.

Кар.: Ці былі Вы задаволеныя крокамі, якія правялі ваенныя ў Эгіпце і што, паводле Вас, яшчэ наперадзе?

Клінтан: Гэта залежыць ад народу Эгіпту, але, вядома, мы спадзяемся, што ўсё паабяцанае – адмена надзвычайнага становішча, рух да канстытуцыйных рэформаў, дазвол палітычных партый, усе крокі, якія ўяўляюць рэальны пераход да дэмакратыі, – усё гэта будзе ажыцьцёўлена. І мы працягваем на гэтым настойваць.

Кар.: Як Вы адкажаце тым, хто лічыць, што ЗША адмовіліся ад сваіх саюзьнікаў у рэгіёне?

Клінтан: Мы гэтага не рабілі. На самой справе мы лічым, што быць добрым партнэрам і сябрам азначае казаць свайму сябру і партнэру, як ты бачыш падзеі. І шмат гадоў, як публічна, так і прыватна, і як дэмакратычныя, так і рэспубліканскія прэзыдэнты ЗША казалі тое самае эгіпецкаму ўраду : мусяць быць рэформы, мусяць быць зьмены. Посьпеху ня мелі ні мы, ні эгіпецкая апазыцыя, ці грамадзянская супольнасьць. Ціск узмацняўся, і мы ўбачылі яго вынікі на працягу трох апошніх тыдняў. Так што ў стасунках з нашымі сябрамі мы вельмі пасьлядоўныя ў пастаянным звароце: павінны быць зьмены...

Кар.: Пасьля Тунісу і Эгіпту дэманстрацыі таксама ідуць у Альжыры, Емэне, Бахрэйне. Якое Ваша пасланьне дэманстрантаў у гэтых краінах?

Клінтан: Паводзіць сябе мірна, без гвалту. Гэта тое, што спрацавала ў Эгіпце, і гэта той шлях, які робіць вашу пазыцыю абсалютна бездакорнай, калі вы пратэстуеце, але негвалтоўным шляхам. Працягвайце адстойваць унівэрсальныя правы, але з разуменьнем, што зьмены патрабуюць працэсу, як правіла, гэта працэс.

Кар.: Хто будзе наступным пасьля Эгіпту і Тунісу?

Клінтан: Гэта залежыць ад народаў рэгіёну. Тое, на што мы спадзяемся – на працяг намаганьняў рэформаў, як эканамічных, так і палітычных. Я гаварыла пра гэта ў сваім выступе ў Досе і гэта было папярэджаньнем для нашых сяброў у рэгіёне. Цяпер многія зь іх шукаюць спосабаў і шляхоў да прагрэсу, і нам хочацца бачыць, што гэта адбудзецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG