Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнікі грамадзкасьці ўшанавалі памяць ахвяраў сталінізму


Прадстаўнікі дэмакратычнай грамадзкасьці правялі ў Менску мэмарыяльную акцыю.

Акцыя, ініцыяваная аргкамітэтам па стварэньні руху салідарнасьці «Разам» і сябрамі міжнароднага культурна-асьветніцкага, дабрачыннага і праваабарончага таварыства «Мэмарыял», праводзілася па маршруце: Кальварыйскія могілкі — Цівалі — Лошыца — Благаўшчына — Вайсковыя могілкі — парк Чалюскінцаў — Курапаты, перадае БелаПАН.

Яна праводзілася з нагоды Дня памяці ахвяраў сталінізму, які прадстаўнікі беларускай дэмакратычнай грамадзкасьці адзначаюць 29 кастрычніка.

У акцыі пад бел-чырвона-белым сьцягам удзельнічалі больш за 20 чалавек, у тым ліку прадстаўнікі дэмакратычнай грамадзкасьці і былыя вязьні ГУЛАГу.

Старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі Ўладзімер Колас назваў рэпрэсіі 1930-х гадоў «амаральным і жахлівым генацыдам супраць беларускага і іншых народаў, якім выпала няшчасьце ўвайсьці ў Савецкі Саюз». Паводле яго слоў, паколькі ў Беларусі на афіцыйным узроўні не дадзеная належная ацэнка масавым рэпрэсіям, а факты злачынстваў утойваюць, існуе пагроза паўтарэньня трагедыі.

«У мяне ад рэпрэсій загінуў прадзед, і дагэтуль невядома месца яго пахаваньня, а бацька ва ўзросьце аднаго году быў высланы з маладымі татам і мамай за тое, што гэтая сялянская сям’я ўмела добра працаваць і сумленнай працай зарабляла на кавалак хлеба», — сказаў Колас . Ён лічыць, што нельга дапусьціць «рамантызацыі катаў і злачынцаў », а таксама існаваньня дзяржаўнай ідэалёгіі, заснаванай на гвалце і прапагандзе хлусьні«.

Паводле кінадраматурга Ўладзімера Халіпа, аб генацыдзе беларусаў у 1930-я гады сьведчыць тое, што сьвядома складаліся сьпісы найбольш вядомых прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, якіх потым сьвядома зьнішчалі:

«Калісьці паэт Сяргей Грахоўскі, які перажыў ГУЛАГ, распавядаў мне, як на допыце сьледчы, прывезены на крывавыя гастролі ў Беларусь з Расеі, прапанаваў выпусьціць арыштаванага за названыя ім пяць імёнаў разумных беларусаў. Каты імкнуліся зьнішчыць разумных, каб засталіся толькі цёмныя ў заняволеным краі ».

Халіп лічыць, што беларусы павінны гэта не забываць і клапаціцца пра тое, каб і наступныя пакаленьні памяталі, што могуць зрабіць зь людзьмі чужынцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG