Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Каго судзіць за спойваньне беларускага народа?”


Слухачы абмяркоўваюць прэзыдэнцкую выбарчую кампанію і дзеляцца меркаваньнямі наконт таго, якім павінен быць кандыдат на пасаду прэзыдэнта; цікавяцца, ці плянуецца паездка беларускіх журналістаў да расейскага прэзыдэнта ў адказ на «дэсант» іх калегаў з рэгіянальных расейскіх СМІ.

Наша слухачка, даведаўшыся, што прэм’ер-міністра Ісьляндыі прыцягваюць да крымінальнай адказнасьці, патэлефанавала на «Свабоду»:

«Прэм’ер-міністра Ісьляндыі прыцягваюць да адказнасьці за крах банкаў. Цікава, а прыцягнуць калі-небудзь да адказнасьці беларускіх міністраў за спойваньне ўласнага народу, за развал адукацыі і навукі? Альбо гэта ўжо папросту няма каму будзе рабіць?».

Мікола Статкевіч
Званок камэнтуе палітык Мікола Статкевіч:

«У нас пры гэтай уладзе такія пытаньні немагчымыя, бо ў нас у краіне ўсё вырашае адзін чалавек, а ўсе астатнія папросту выконваюць яго волю. Сам сябе да адказнасьці ён ніяк прыцягнуць ня можа. Вось, калі ўлада зьменіцца, нам, магчыма, давядзецца разабрацца з усімі гэтымі рэчамі».

Наш слухач падзяліўся сваімі думкамі:

«Ведаеце, цяпер Рыгоравіч запрасіў расейскіх журналістаў наведаць Беларусь. Вось яны тут у нас з правінцыі будуць наведваць прадпрыемствы ў Менску і г.д. А ці плянуецца сустрэча нашых журналістаў незалежных СМІ з прэзыдэнтам Расейскай Фэдэрацыі Дзьмітрыем Мядзьведзевым? Я лічу, што было б цікава, калі б Мядзьведзеў сустрэўся з нашай незалежнай прэсай».

Старшыня партыі «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін камэнтуе званок слухача:

Сяргей Калякін
«Нашы журналісты ўжо былі на прыёме ў Мядзьведзева. Яны сустракаліся. Была гутарка пра сытуацыю ў Беларусі. Але я не лічу, што сёньня Мядзьведзеў будзе запрашаць зноў журналістаў, каб даць адказ на гэтае запрашэньне Лукашэнкі.

Па-першае, гэтага ня варта рабіць, а, па-другое, гэта ня тыя мэтады, якія можа ўжываць прэзыдэнт. Ангажаваных журналістаў зьбіраць, каб ім тут распавядаць пра „пацёмкінскія вёскі“, гэта, на мой погляд, можа рабіць толькі беларускі прэзыдэнт».

Наш слухач патэлефанаваў, каб выказацца наконт якасьцяў будучага прэзыдэнта:

«Прэзыдэнта трэбы выбраць, каб ведаў гісторыю, эканоміку, палітыку і добра размаўляў па-беларуску. Трэба прыбраць кантрактную сыстэму, пэнсіянэрам вярнуць льготы, каб яны маглі карыстацца хаця б прыгарадным транспартам. Трэба, каб прэзыдэнт не гуляў у хакей зь дзецьмі, як гэты наш «хросны бацька».

Тэлефон «Свабоды» ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Тэлефануйце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG