Слухачы выказваюцца наконт адстаўкі мэра Масквы Юрыя Лужкова. Ці можа гэта адстаўка азначаць, што Расея стала на шлях дэмакратычных пераўтварэньняў? Наш слухач зь Менску выказаўся наступным чынам:
«Нарэшце далі па кепцы багачу непатапляльнаму мэру Масквы Юрыю Лужкову. Выдатна было б, калі б прэзыдэнт Мядзьведзеў вызваліў з астрогу Хадаркоўскага і Лебядзева, а туды накіраваў Лужкова і яго ненасытную жонку Батурыну».
Званок слухача камэнтуе навуковец Лявон Баршчэўскі:
«Расейская сыстэма ўлады — гэта такая сыстэма, дзе двум мядзьведзям у адной бярлозе няма месца. Калі такі пэрыяд здараецца, то ён вельмі кароткі. Напрыканцы 90-х і напачатку 2000-х Лужкоў быў патрэбны, бо ён меў падтрымку дастаткова вялікай алігархічна-намэнклятурнай партыі „Айчына — уся Расея“. Тады яны дамовіліся пра мір з групай Пуціна.
Цяпер Лужкоў не патрэбны, і яго адпраўляюць у адстаўку, таму што гэты клан хоча кіраваць усім самастойна.
Ці пасадзяць яго і жонку ў турму? Я сумняваюся, таму што гэта наўрад ці камусьці выгадна. Думаю, што іх пакінуць у спакоі. Папросту Лужкоў сёньня ня мае той палітычнай вагі. За ім няма таго палітычнага руху і капіталу, які быў тады.
Я ня ведаю, ці выпусьцяць Хадаркоўскага. Магчыма, але пра яго ўсе забыліся. Сядзіць, і чаму б яму не сядзець далей?».
Слухачы абмяркоўваюць фільм АНТ, стваральнікі якога нэгатыўна выказваліся пра Ўладзімера Някляева і кампанію «Гавары праўду». Вось выказваньне аднаго са слухачоў:
«Перадвыбарчая гонка ў нас яшчэ не пачалася, а на БТ ужо ўсхваляюць правадыра. А што да Ўладзімера Някляева, які яшчэ нават і не кандыдат у прэзыдэнты, то яго ўжо пачалі абліваць брудам.
Адразу відаць, што для існуючай у нас хунты ён найбольш небясьпечны. Хочацца сказаць таварышам з БТ: «Ну, калі вы ўжо такія аб’ектыўныя, калі ў нас сапраўды дэмакратыя, то трэба даць слова і Ўладзімеру Някляеву. Няма ніякага сумневу, што й у яго ёсьць, што сказаць.
Вядома, Някляеву можна было б падаць у суд на БТ, але, пры нашай сытуацыі гэта немагчыма. Таму заўсёды падчас выбараў ідзе такая ганебная гульня ў адны вароты».
Званок слухача камэнтуе прэсавая сакратарка Ўладзімера Някляева Юлія Дранчук:
«Тое, што гэты фільм паказалі пасьля вельмі маленькай разьбежкі па часе пасьля рэгістрацыі кандыдатаў, мы гэта ўспрынялі так, што сёньняшні ўрад нас прызначыў самым галоўным злом. Адпаведна мы з гонарам лічым, што яны нас лічаць самым галоўным канкурэнтам.
У любым выпадку, нарэшце, дачакаліся згадак пра кампанію „Гавары праўду“ ў такім шырокім фармаце. Улічваючы аўдыторыю беларускага тэлеканалу, будзем лічыць, што рэкляма ёсьць рэклямай».
Слухач сталага ўзросту выказаўся, за каго ён будзе галасаваць:
«Я буду галасаваць за таго кандыдата на прэзыдэнта, які паабяцае вярнуць людзям грошы, якіх пазбавілі ў 1992 годзе».
Заўтра 30 верасьня Нілу Гілевічу споўніцца 79 гадоў. Слухач «Свабоды» віншуе паэта:
«Цудоўная мова, самабытны беларускі народ паспрыялі таму, што Ніл Сымонавіч адбыўся як сапраўдны паэт сваёй Бацькаўшчыны. На маю думку, з усіх сучасьнікаў ніхто так горача не бароніць родную мову як Вы, паважаны Ніл Сымонавіч».
Тэлефон «Свабоды» ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Тэлефануйце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.