Наш слухач Андрэй зь Пінску падзяліўся сваімі ўражаньнямі ад выступу Аляксандра Лукашэнкі перад журналістамі ў Лідзе на «Дажынках»:
«На мінулым тыдні адбыліся дзьве падзеі, якія тычыліся ўсіх. Гэта тое, што загінулі два беларускія лётчыкі ў катастрофе, а другая — „Дажынкі“. Лукашэнка на Дажынках заяўляў, што ў нас усё добра, што мы дабіліся добрых вынікаў.
Але Лукашэнка як галоўнакамандуючы так і не сказаў, чаму здарылася чарговая катастрофа зь беларускім самалётам, чаму загінулі людзі і колькі гэта будзе працягвацца. Можа, наша ўзбраеньне ёсьць сур’ёзнай небясьпекай для нашых вайскоўцаў? Вось што мы хацелі пачуць ад Лукашэнкі. Але пра гэта ён не сказаў ні слова, а толькі пра рост эканомікі і высокія паказчыкі.
Калі б былі сапраўдныя выбары, то за яго б ніколі не прагаласавала такая колькасьць людзей».
Званок слухача камэнтуе палітык, былы вайсковец Мікола Статкевіч:
«Тое, што чалавек, які займае пасаду галоўнакамандуючага, нават не знайшоў добрага слова, каб памянуць лётчыкаў, якія былі вымушаныя загінуць, бо адводзілі самалёт ад жылых будынкаў, гэта, безумоўна, сьведчыць пра ўзровень маральнасьці ўлады ў нашай краіне і пэрсанальна галоўнакамандуючага.
Насьцярожвае той факт, што ў невялікай краіне зь невялікай колькасьцю авіяцыйнай тэхнікі за кароткі пэрыяд гэта ўжо трэцяя катастрофа.
Чаму так здараецца? Па-першае, гэта дарагая тэхніка. Яна можа служыць доўга, але яна патрабуе якаснага абслугоўваньня. А гэта каштуе немалых грошай. А ў нас іх не хапае на войска, бо трэба ж фінансаваць амаль 8 спэцслужбаў».
Жыхарка Наваградку патэлефанавала з абурэньнем:
«Ну я згодная, што грэчку вязуць за мяжу, ва Ўкраіну там і г.д. Дык чаму ж атрымліваюцца такія цэны на малако?! Гэта ж немагчыма, каб літар малака каштаваў 2300! Як магчыма пражыць?! Пэнсія якая ў людзей?! Мая пэнсія, якую я заслужыла на працы, 200 тысяч. Я магу пражыць з трыма дзецьмі і хворымі бацькамі на 200 тысяч?»
Гэты званок камэнтуе палітык, патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнта эканаміст Яраслаў Раманчук:
«Безумоўна, цяжка жыць на нашу пэнсію. Цэны на малочныя прадукты растуць і будуць расьці, таму што Нацыянальны банк друкуе ўсё больш грошай.
Як выжываць? Вельмі проста. Перш за ўсё трэба мець ашчаджаньні ў банку. Па-другое, трэба мець добрую сям’ю, каб яна, калі будуць нейкія праблемы, табе дапамагла. Безумоўна, трэба патрабаваць ад ураду, каб ён даваў грошы пэнсіянэрам, а не на стратныя прадпрыемствы.
Калі ўсё гэта будзе разам, а потым яшчэ й канкурэнцыя тавараў, тады й цэны будуць мінімальныя і даходы будуць максымальна высокія».
Тэлефон «Свабоды» ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Тэлефануйце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.