Сёньня паўсотні актывістаў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» прыйшлі на Савецкую плошчу да абласнога краязнаўчага музэю, каб згадаць падзею, якая адбылася 12 ліпеня 1918 году. Як сьцьвярджаюць магілёўскія гісторыкі, 92 гады таму ў колішнім будынку акруговага суду 400 прадстаўнікоў магілёўскай грамадзкасьці прызналі вяршэнства ўлады Беларускай Народнай Рэспублікі ў сваім горадзе. Той гістарычны сход пастанавіў утварыць Магілёўскі нацыянальны камітэт. Камітэт узначаліў Міхаіл Кахановіч, які пазьней стаў першым дырэктарам Віленскай Беларускай гімназіі.
Сёньняшнюю грамаду актывістаў ачольваў Уладзімер Някляеў. Ён быў адзіны, хто да будынку музэю прыйшоў з букетам белых і чырвоных ружаў. На акцыі грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» не было лідэраў палітычных арганізацыяў абласнога цэнтру. Не прыйшлі й магілёўскія гісторыкі.
Адбыўся непрацяглы мітынг. На музэйным ганку пра падзею 1918 году апавядаў студэнт Дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Куляшова, жыхар Бабруйску Станіслаў Кавалеўскі. Ён піша дыплёмную працу на тэму «БНР і фармаваньне беларускай нацыянальнай дзяржаўнасьці». З Бабруйску ў Магілёў ён прыехаў толькі дзеля таго, каб расказаць магілёўцам пра падзею 92-гадовай даўніны.
Пасьля Кавалеўскага выступіў Уладзімер Някляеў. Ён пахваліў хлопца за добры выступ і заклікаў прысутных не забывацца на важныя гістарычныя падзеі. Літаратар і лідэр грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» зазначыў, што людзі разумеюць, што адбываецца цяпер у краіне, але пакуль ім не хапае моцы, каб пра гэта сказаць уголас. Скончыў Уладзімер Някляеў кароткую сваю прамову ўскладаньнем кветак пад шыльду памяці магілёўскага краязнаўцы канца 19 і пачатку 20 стагодзьдзя Еўдакіма Раманава.
Пасьля выступу Ўладзімера Някляева акцыя скончылася. Удзельнікі паразыходзіліся. Акцыя прайшла без інцыдэнтаў зь міліцыяй. Яе не было ні на месцы падзеі, ні на плошчы ўвогуле.