Фатаграфія, якую я тут паказваю пад умоўным назовам “Начны Манмартр”, – не тыповая для нашай экспазыцыі, але я вырашыў яе ўключыць у паказ, зыходзячы з пэўных разваг. Гэта парыскае дно, начны сьвет Парыжа. Зробленае фота ў 1933 годзе вядомым вэнгерскім фотамастаком Брасаі (Дзьюлам Халашам).
Брасаі жыў у Парыжы, быў чалавекам таленавітым, але схільным да заганнага жыцьця. Тым ня менш, будучы асобай творчай і “сваім” сярод багемы і начных “жыхароў”, ён выкарыстаў сваю прысутнасьць у гэтым асяродзьдзі для фотатворчасьці і неўзабаве выдаў альбом пра начны Парыж, дзе паказаў прастытутак, сутэнэраў, наведнікаў дамоў цярпімасьці, хуліганаў, п’яніц, распутнікаў, бедных актораў, танцорак, усялякую разнашэрстную публіку з начных кавярняў, танцпляцовак, бардэляў і г. д., якую нармальныя людзі звычайна ня бачаць, бо ўся гэтая група людзей жыве і актывізуецца ноччу. Альбом заўважылі, ён стаў папулярным, і Брасаі набыў вядомасьць.
Канцэнтрацыя нечысьці, гэтак жа, як талентаў і мастацтва, увогуле была вельмі характэрнай для Парыжа ХІХ – першай паловы ХХ стагоддзяў. Тут было, аднак, ня тое, што існавала, скажам, у Расеі і што апісваў Дастаеўскі. Расейцы (тыя, што траплялі ў Парыж) часам успрымалі парыскае дно ледзь ні як вышэйшы сьвет. Там ня мазалі нос гарчыцай “половому в трактире”, не напіваліся “до мертвецкого состояния” і не раўлі “рубите дверь по мне”, каб выйсьці на двор.
Трэба сказаць, што Брасаі паказаў сябе ў парыскім альбоме як сур’ёзны мастак. Яго здымкі – гэта творы сацыяльнага пляну, зьнятыя назіральна і тонка, без паталёгіі, без пустой экстравагантнасьці і нездаровага інтарэсу. Яго цікавілі людзі, тыпажы, тыповыя абставіны і карціны.
Фатаграфію “Начны Манмартр” (у розных выданьнях яна называлася па-рознаму) я ўпершыню ўбачыў у 60-х гадах. Яна выклікала ў мяне тады надзвычай гідкае ўражаньне, як нейкая нечалавечая чартаўшчына, як партрэт ведзьмы з мужчынскім тварам, увешанай біжутэрыяй. Партрэт патыхаў нейкай жуткаватай містыкай абсалютна чужога, незнаёмага і незразумелага мне сьвету. З-пад ляпідарнага дамскага капелюша са стужкай, вуальлю, кукардай ды папяровай кветкай, з футры, бранзалетаў, пярсьцёнкаў (і рукі ў асобы, як лапы ў дапатопнага яшчара), з усёй гэтай шматслойнай жаночай дэкарацыі пазірае злым позіркам жорсткі прастакутны мужчынскі твар з драпежным носам і губамі ў нітачку.
Тады я так і не зразумеў, што гэта за істота (у нас такія не вадзіліся). Пазьней я бачыў яшчэ два фотадублі гэтай асобы, зробленыя Брасаі. Параўнаўшы, можна заключыць, што на фатаграфіі ўсё ж жанчына. Гэта не містыфікацыя.
Цяпер, наглядзеўшыся на Захадзе на розных экзатычных людзей у фантастычных “адзеньнях”, я ўспрымаю гэтую фатаграфію спакойна. Тыпаж, вядома, унікальны (і тыповы), вобраз востра выразны. Здаецца, у ім цэлы цёмны сьвет і пекла відаць у ім.
Фота зроблена ў манеры рэальнай фатаграфіі і позірк – у аб’ектыў. Асоба сядзіць адна за столікам у начным кафэ з кілішкам алькаголю (паміж пальцаў цыгарэтка) і назірае, як яе здымаюць (паўтаруся, здымае “свой”). Калі б я здымаў, напрыклад, сацыяльнае кіно з карцінамі гарадзкога закулісься, то, калі ласка, – гатовы вобраз на ролю ўтрымальніцы бардэля (можа, яно так і на самай справе, Брасаі не паведамляў).
Па сёньняшніх рэаліях, сацыяльная палітра такога вобразу пашырылася. Ён ужо выйшаў з сутарэньняў, перасяліўся з ночы ў дзень і даўно пампуе “правы чалавека”.
Зазначу яшчэ, што адлюстраваньне ў мастацтве багемы, вуліцы “паддашкаў” і “сутарэньняў” зьявілася найперш у імпрэсіяністаў (Эдгар Дэга, Анры Тулуз-Латрэк і інш.) як рэакцыя на адыход ад акадэмічнага жывапісу (яны пачалі пісаць сваё асяродзьдзе, у якім жылі). Потым гэты падыход падхапіла фатаграфія і літаратура (расейскі пісьменьнік М. Горкі нават п’есу напісаў, якую так і назваў “На дне”).
Паварот мастацтва да маргінальнай па сутнасьці тэмы дна меў свае станоўчыя дасягненьні, калі абапіраўся на гуманізм і сацыяльную пазыцыю мастакоў. Яны зьвярнулі ўвагу грамадзтва на лёсы адрынутых людзей, узбудзілі ў ім пачуцьцё віны і адказнасьці.
Але гэта быў толькі першы крок у разуменьні зачыненай тэмы. Назавём гэта крокам абстрактнай эстэтыкі і абстрактнага гуманізму. Далейшы вопыт паказаў, што і багема, і сацыяльнае дно існуе (і будзе існаваць далей), незалежна ад сацыяльнага ўзроўню грамадзтва, бо зьяўляецца ня толькі сацыяльнай зьявай, але і вынікам сацыяльнага выбару, прадыктаванага схільнасьцямі чалавека. Прытым у багатых краінах (напрыклад, ЗША) схільнасьць зьяўляецца галоўнай прычынай (тут гэта трактуецца як свабода выбару).
Пакінем у баку фальшывасьць такой квазідэмакратычнай тэзы і адзначым істотнае. Асяродзьдзе, адлюстраванае на фатаграфіях Брасаі, было паралельным сьветам людзкіх заганаў і заганных схільнасьцяў. Гэты сьвет жыў па сваіх няпісаных законах, амаль нідзе істотна не перасякаючыся з грамадзтвам у пляне ўплыву і стварэньня сацыяльных праблем. Гэта быў зачынены маргінальны сьвет, і грамадзкая супольнасьць не адчувала значнага дыскамфорту і пагрозы ад яго існаваньня.
Цяпер становішча зьмянілася. І пасьляваенныя грамадзкія мэханізмы, і пазьнейшыя дактрыны дэмакратыі далі магчымасьць маральнаму “дну” выйсьці на паверхню і заявіць пра свае правы. Грамадзтва на Захадзе і ў Амэрыцы сутыкнулася з надзвычай агрэсіўнай і дэмагагічнай зьявай амаральнага і апантана антыхрысьціянскага накірунку.
Гэтая зьява набыла сілу, калі (ізноў жа, скарыстаўшы мэханізмы дэмакратыі) дамаглася ператварэньня чалавечых заганаў у “чалавечыя правы” і, галоўнае, – у рынкавы тавар. Амаральнасьць выгадна прадаецца, яна ўключана ў бізнэс, які робіцца ўплывовай фінансавай і, адпаведна, палітычнай сілай; абсурдна зьмяняюцца законы і самыя юрыдычныя паняцьці; ідзе наступ на мастацтва і сродкі масавай інфармацыі, пранікненьне ў грамадзкія фонды, у сыстэму адукацыі і норавы.
Дэмакратычнае грамадзтва, адчыніўшы скрынку Пандоры, аказалася абсалютна не падрыхтаваным да вынікаў свайго дзеяньня, яно ня ў стане ня тое што змагацца з хваробай і направіць становішча, – яно ня ў стане яшчэ гэта нават асэнсаваць.
На пачатку 2000-х адзін амэрыканскі сэнатар, крытычна ацэньваючы ўнутраную палітыку ЗША, сказаў, што калі Амэрыка загіне, то хіба толькі ад сваёй дэмакратыі. Мне здаецца, што гэта сур’ёзныя словы. Тым больш, што ўвесь заходні сьвет, як выглядае, ужо даўно загуляўся ў начным Манмартры.
(Фатаграфія ўзята з вольнага Сеціва).