Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спадарыня Сафея


Добрая фатаграфія – штотыднёвае эсэ пра выбраныя творы беларускага і сусьветнага фотамастацтва.


Ну чым ні каралева спадарыня Сафея (альбо бабуля, баба Сафея, як казалі яе ўнукі)! Гэты выдатны партрэт зьняў на Палесьсі сьветлай памяці Міхась Раманюк. Галоўная яго задача тут была – зьняць народны строй. А атрымаўся і строй, і тыпаж, і прыўкрасны партрэт беларускай жанчыны. І кампазыцыя, і фон, і аксэсуары, і гарманізацыя з фонам зробленыя – бліскуча, па законах фатаграфічнага хараства. Старое часанае сякерай дрэва, дзе не відаць ніводнага цьвіка, кавалак драбіны і збан на слупку, а на перасячэньні лініяў дрэва, якія зыходзяцца ў вугал (якраз там, дзе кампазыцыйна трэба), годна і проста прысела спадарыня Сафея, з усьмешкай прыжмурана ўзіраючыся перад сабой.

Якое годнае, прыгожае яе аблічча і ўся пастава!

У якім стагодзьдзі зьнятая гэтая жанчына? У ХХ-м? А мо’ у ХІХ-м? Няма часовага антуражу, вобраз нібы раствараецца ў традыцыі, якая перажывае час. І толькі знаўца народнага адзеньня па пэўных дэталях падумае – усё ж у ХХ-м.

Міхась Раманюк захапіўся народным адзеньнем, мастацтвам і этнаграфіяй яшчэ студэнтам. Скончыўшы інстытут, стаў выкладчыкам і пачаў (па прыкладу Лявона Баразны) езьдзіць па вёсках, зьбіраць і вывучаць народныя скарбы. Часта выпраўляўся ў экспэдыцыю са сваімі студэнтамі. Справа разгортвалася, і аднойчы ён кажа: “Такое хараство, такое багацьце, такія людзі! Які б гэта мне фотаапарат набыць, каб добра здымаць?”

Я на такія пытаньні адказваў звычайна без энтузіязму. Ведаў я гэтыя патаньні, калі людзі думаюць, што добрыя здымкі зробіць за іх добры фотаапарат. Але кажу: “Дзеля таго, што ты хочаш рабіць, трэба мабільны сярэдні фармат. Лепш люстранка 6х6. У СССР нічога добрага няма. Замежнае недаступна. Можна дастаць хіба “гэдээраўскі” “Пентакон-сікс” пры ўмове, калі валодаеш прыёмамі “даставаньня” на ўзроўні цыркавой эквілібрыстыкі. Бо за мяжу цябе ніхто ня пусьціць”. Сказаў і забыўся.

Мінула, можа, каля года. Сустракаю Раманюка з “Пентаконам” на шыі. Але ня гэта мяне зьдзівіла (хаця на тыя часы зьдзіўляцца было чаму). Раманюк паказаў мне свае фатаграфіі людзей з экспэдыцыі. Уражаны, я перагледзеў усё і пытаю:
– Хто гэта здымаў?
– Я здымаў.
– Ты?
– Я.
– Слухай, – кажу, – ты маеш безумоўны фатаграфічны талент. Займіся фатаграфіяй. І хоць пачытай што-небудзь пра фатаграфію. Разьвівай дар Божы!

Раманюк спэцыяльна займацца творчай фатаграфіяй ня стаў, выкарыстоўваў яе толькі для прыкладных этнаграфічных мэтаў, але тут скарыстаў свой “дар Божы” напоўніцу. Ягоныя здымкі людзей у народных строях надзвычай прыгожыя, якасныя, адлюстроўваюць хараство і годнасьць нашага народу. Міхась Раманюк не аднойчы паказваў мне архіўныя фота (з пачатку ХХ стагодзьдзя) людзей у строях. “Паглядзі, якія прыгожыя ўсе людзі, якая годнасьць у абліччах, якая шляхетная пастава!” – казаў у захапленьні.

“Вось тое ж і яно, – кажу, – і заўваж, у этнаграфічнай фатаграфіі, там, дзе зьнятыя найперш людзі ў касьцюмах, а не касьцюм на людзях, там адчуваеш, што гэта народ.”

Адметнасьць Раманюка як этнаграфічнага фатографа якраз у тым і была, што, здымаючы адзеньне, ён стварыў цэлую галерэю народных тыпажоў, вобразаў (такіх, як спадарыня Сафея), людзей прыгожых зьнешне і ўнутрана, і замілаваньне яго гэтым народам відаць на ягоных здымках.

Фота зьмешчана ў вольным Сеціве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG