За саветамі пра “буржуазных фатографаў” мала што было вядома. Праўда, пасьля Хрушчова можна было выпісаць часопісы з краін “социалистического лагеря”, і я выпісваў усё, што было магчыма (у тым ліку і па фота). Адзіным жа часопісам у СССР па фатаграфіі было – “Советское фото”. Вось там я неяк убачыў рэпрадукцыю 5х5 гэтай фатаграфіі вядомага амэрыканскага фатографа Энсэла Адамса і камэнтар, што на “на Западе” стала модным здымаць прыроду, якая нагадвае “біблейскія краявіды”. Гэтую лухту я тады прыняў на веру, тым больш, што, сапраўды, у тым краявідзе Адамса з амэрыканскага запаведнага захаду (узьбярэжжа Каліфорніі і тэрыторыі побач) з россыпам камянёў ёсьць адчуваньне чагосьці старажытнага і геалагічнага (нават да антрапалагічнага).
На мой погляд, гэта адна зь лепшых фатаграфіяў Энсэла Адамса. Ён усё жыцьцё здымаў запаведнікі прыроды Амэрыкі (найбольш на захадзе кантынента) па заказу дзяржаўных арганізацыяў. У 20-30-х гадах (ХХ-га стагоддзя) ён выступіў як прыхільнік “натуральнай фатаграфіі”, адкінуўшы яшчэ жывучы тады ў Амэрыцы піктарэалізм.
Адамс здымаў у асноўным на сярэдні фармат, вельмі часта 6х6, што паўплывала на прапорцыі ягоных фота-карцін. Пэйзажы Адамса вызначаліся натуральным клясычным падыходам. Калі сказаць коратка, ягоныя фатаграфіі – гэта адлюстраваньне характэрнасьцяў прыроды плянэты Зямля. “Плянэтарнасьць”, геалагічнасьць, адчуваньне космасу ёсьць у шмат якіх здымках Адамса. Невыпадкова больш сотні ягоных фота ўвайшлі ў калекцыю касьмічнага праекта “Вояджэр” як пасланьне інфармацыі магчымым іншым цывілізацыям (ці будучыні) пра плянэту Зямля.
Бальшыня фатаграфіяў Адамса выраблена прафэсійна дасканала (часам на супэр-узроўні). Фота, якое мы тут умоўна называем “Біблейскі краявід” (згадаўшы своеасаблівую “інфармацыю” з “Савецкага фота”), таксама выдатна зьнятае і аддрукаванае.
Эмацыйнае ўражаньне ствараюць россыпы маўклівых камянёў, якія разьлеглыя аж да падножжа далёкіх гор, вяршыні якіх у аблоках, пранізаных касымі праменьнямі сонца. Сімфонія маўчаньня і халоднага хараства.
Халоднае хараство Адамса абумоўлена, перш за ўсё, характэрнасьцю натуры, якую ён здымаў. Але таксама і ягоным “плянэтарным” падыходам да гэтай натуры. На фатаграфіях Адамса, як правіла, цалкам адсутнічае чалавек (нават сьведчаньні і сьляды чалавечай дзейнасьці). Усе гэтыя якасьці, пра якія мы кажам, адносяцца і да так званага “Біблейскага краявіду”, што тут экспануецца.
Нястомны майстра і падарожнік Энсэл Адамс абхадзіў, аб’езьдзіў і аблазіў горы і даліны велічнага амэрыканскага захаду, запаведныя тэрыторыі прыроды, што пад аховай дзяржавы. Асабліва ўражвае экзатычны Вялікі каньён з чырвонымі фантастычнымі скаламі, гарамі, перасохлымі чырвонымі рэкамі. Праўда, на колер Адамс здымаў мала (а Вялікі каньён, як мне падаецца, трэба здымаць якраз на колер, каб выявіць яго “чырвона-цагельную” экзотыку). Энсэл Адамс быў майстрам клясычнай чорна-белай пэйзажнай фатаграфіі і дасягнуў тут прафэсійнай дасканаласьці і вяршыні.