Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хлопцы бравыя


Добрая фатаграфія – штотыднёвае эсэ пра выбраныя творы беларускага і сусьветнага фотамастацтва.


Гэтай фатаграфіі 165 гадоў. Зрабілі яе вядомыя цяпер на ўвесь сьвет два шатляндзкія фатографы Дэвід Актавіюс Гіл і Робэрт Адамсан. Дата здымкі каля 1845 г. Фатаграфія тады толькі пачынала разьвівацца. Нагадаю, у 1839 г. Луі Жак Мандэ Дагер прадэманстраваў Францускай Акадэміі сваё вынаходніцтва фатаграфічнага працэсу і атрыманьне фатаграфіі. Гэты працэс назвалі дагератыпія. У гэты ж час другі вынаходнік Уільям Генры Фокс Талбот (ангельскі фізык і хімік) паралельна з Дагерам вынайшаў іншы працэс фатаграфіі, які запатэнтаваў у 1841 годзе. Яго назвалі калатыпія альбо неафіцыйна – талбатыпія.

У 1851 годзе вынайшлі трэці працэс, які назвалі мокрым калоідным працэсам. Гэта было блізка да сучаснай фатаграфіі. Ужо ў 1852 г. амаль уся фатаграфія перайшла на мокры калоідны працэс.

Каб нам добра зразумець каштоўнасьць здымка, які я тут паказваю, распавяду трошкі гісторыі.

У ацэнцы тэхнічных магчымасьцяў фатаграфіі ўлічваюцца два асноўныя парамэтры: хімічны працэс і оптыка. Дагератып атрымлівалі наносячы на медную пласьціну пакрыцьцё срэбра, потым апрацоўвалі яе парай ёду. У выніку атрымліваўся мікра-пласт сьвятлоадчувальнага ёдзістага срэбра. На гэтую пласьціну рабілі здымак і апрацоўвалі яе парай ртуці (ртуць падагравалі да 65 С°). Потым замацоўвалі атрыманую выяву звыклым гіпасульфітам натрыя (напачатку гэта рабілі нават у растворы кухоннай солі). Такім чынам адразу атрымлівалі пазытыў (дагератып) і, дарэчы, вельмі добрай якасьці. (Некаторыя экстраваганты і сёньня займаюцца дагератыпіяй. Зразумела таксама, што праца з ртуцьцю вельмі небясьпечная для здароўя).

Калатыпія (талбатыпія) выкарыстоўвае прынцып “нэгатыў-пазытыў”. У выніку з аднаго здымка (нэгатыва) можна было рабіць колькі заўгодна копіяў. Нэгатыў рабілі так. Ліст паперы апрацоўвалі растворам нітратаў срэбра (звычайна ёдзістага срэбра) і кухоннай солі. На гэты ліст рабілі здымак, праяўлялі таксама пры дапамозе нітратаў срэбра) і фіксавалі гіпасульфітам натрыя. Потым папяровы нэгатыў акуналі ў раствор гарачага воску, каб папера набыла празрыстасьць. Нэгатыў гатовы. Зь яго рабілі кантактныя адбіткі таксама на паперы і апрацоўвалі аналягічным чынам.

Мокры калоідны працэс – гэта спосаб атрыманьня нэгатыва на сьвятлоадчувальных калоідных эмульсіях, якія наносіліся на шкло. Калоідную эмульсію фатограф рыхтаваў (варыў) на аснове ёдзістага калія. (Між іншым, “калій-ёд” – гэта тое, што беларусам трэба было ўжываць супраць радыяцыі, каб блякаваць у сваім арганізьме радыёактыўныя ізатопы ёду ў час Чарнобыльскай катастрофы. Прэпарат каштуе вельмі танна, і для арганізму трэба мікраскапічная доза. Але КПСС у Беларусі не дала ўказаньня ратаваць людзей. Усе, у рознай колькасьці, атрымалі ёдзісты ізатопны ўдар).

Потым гэтую эмульсію апрацоўвалі растворам азотнакіслага срэбра. У выніку атрымлівалі ўжо сьвятлоадчувальную калоідную эмульсію зь ёдзістым срэбрам, што ўтварылася пасьля хімічнай рэакцыі.

І вось тут нязручнасьць. Калоідная эмульсія праяўляецца толькі ў мокрым стане. Таму спадар фатограф, зрабіўшы фотапласьцінку, адразу павінен быў на ёй фатаграфаваць. Праяўляў яе солямі жалеза, а фіксаваў цыяністым каліем. (Між іншым, што такое цыяністы калій, калі пан фатограф па памылцы пераблытае яго з каньяком, добра вядома).

Пазьней навучыліся рабіць і праяўляць сухія эмульсіі, і фатаграфія выйшла на шырокую дарогу.

Аднак ніякі працэс не дапаможа, калі ня будзе добрай оптыкі. І вось тут найвялікшае дзіва. Практычна, да канца 1860-х гг. здымалі ў асноўным маноклямі (адналінзавымі аб’ектывамі). Праўда, з 1844 г. ужо існаваў двухлінзавы аб’ектыў тыпу “Пэрыскоп”, і, акрамя таго, некаторыя фатографы камбінавалі свае ахраматычныя аптычныя камбінацыі , але яны не выходзілі за межы “Пэрыскопа”. І манокль, і пэрыскоп дрэнна пакрывалі краі выявы (пэрыскоп, аднак, крыху лепш).

Праўда, вядома, што і такімі аб’ектывамі можна было дасягнуць добрай якасьці. Але тое, што рабілі першыя фатографы на сьвітанку фатаграфіі, ня можа не зьдзіўляць.

Улічым яшчэ, што ёдзістае срэбра мае вельмі малую сьвятлоадчувальнасьць (у 25-50 разоў меншую за бромістае), і фатографы нават на пленэры мусілі рабіць вытрымкі па некалькі мінут.

Таму піктарэалізму быць, як кажуць, і сам Пан Бог казаў. Усе раньнія фатаграфіі – гэта статычныя партрэты, кампазыцыі, пэйзажы, панарамы і прасторы. Прытым у большасьці (як, напрыклад, у Дэвіда Актавіюса Гіла) зробленыя зь вялікім густам, выдумкай і дасканаласьцю.

Я праглядзеў, напэўна, каля сотні ягоных густоўных, добра тэхнічна вырабленых калатыпіяў. І раптам гэтая вось дынамічная, сьвежая і жывая фатаграфія, нібы зьнятая на хаду сучаснай камэрай. Яна нагадвае рэпартажны здымак “на памяць”. Ды што, нагадвае, -- ёсьць. Вачам ня верыцца, што наша калатыпія датуецца 1844-45 гадамі. Гэтым вясёлым джэнтэльмэнам прыходзілася доўга нерухома стаяць. А паглядзіце, якія яны жывыя і рухомыя! У здымку шмат дынамікі.

Як даўно гэта зьнята! Як даўно тое было! Дунін-Марцінкевіч, да прыкладу, тады яшчэ толькі пачынаў пісаць сваю знакамітую “Ідылію”.

Дык што гэта за бравыя ўсьмешлівыя хлопцы са зьнешнім выглядам дэндзі, якіх нібы толькі што дасталі з памыйнай ямы? Яны ў розных капелюшах (адзін нават пад цыліндрам). А портачкі ў спадароў! Яны што, смалу вазілі?

Фатограф (і, дарэчы, добры жывапісец) Дэвід Гіл і ягоны сааўтар Робэрт Адамсон тут дакладныя. Гэта Аляксандар Ротэрфорд, Уільям Рамсэй і Джон Лістан – шатляндзкія рыбакі на фоне свайго рыбацкага баркаса. Яны толькі што прыплылі, а праца ў іх не кабінэтная і нялёгкая, але на бераг вышлі пад цыліндрам.

Па сваёй вобразнай выразнасьці, дынаміцы і жывой характарыстыцы тыпажоў гэта дзівосны здымак для магчымасьцяў таго часу.


Для параўнаньня прапаную паглядзець яшчэ адну калатыпію, зьнятую Гілам і Адамсонам у 1847 годзе. Сілуэт жанчыны сфатаграфаваны ў характэрнай манеры мастакоў-фатографаў на сьвітаньні фатаграфіі. Я ўжо распавядаў пра такі прыём у артыкуле “Таемная паненка”. Згадзіцеся, што тут таксама ёсьць настрой “шчымленьня” і таямніцы. Тут усё прыгожа і цікава: і сілуэт, і адзеньне, і віктарыянская мэбля, і адчуваньне часу і сьвету, цалкам адэкватнага, якога ўжо няма.

Аднак Дэвід Гіл і тут дакладны і абавязковы. Гэта, аказваецца, лэдзі Мэры Гамільтон Кэмпбэл Рутвен, жонка лорда Джэймса Рутвена (што для шатляндцаў, магчыма, важна, а для нас мала што кажа). Сфатаграфаваная яна ва ўзросьце 58 гадоў. Праўда, сьведчаньне, што гэта партрэт невядомай нам менавіта лэдзі Рутвэн выглядае трошкі на жарт. Хочаш вер, хочаш не. Адзіная гарантыя, што на Захадзе ня хлусяць.

(Фатаграфіі ёсьць ў вольным Сеціве на розных старонках).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG