Прэзыдэнт Беларусі апынуўся ў гэтым сьпісе, між іншым, у кампаніі з кіраўніком Кітаю Ху Цьзіньтао, прэзыдэнтам Ірану Махмудам Ахмадзінэжадам, кіраўніком Кубы Раулем Кастра, прэм’ер-міністрам Расеі Ўладзімерам Пуціным, прэзыдэнтам Чачні Рамзанам Кадыравым.
Сярод арганізацый — ворагаў незалежных СМІ называюцца групоўка баскаў Eta, калюмбійская Farc-Guerilla, радыкальна-ісьлямісцкі "Хамас" і іншыя.
У сваім дакладзе, прысьвечаным Дню свабоды прэсы, “Рэпартэры бязь межаў” падаюць апошнія факты перасьледу свабодных мэдыяў і іх прадстаўнікоў уладамі асобных краінаў насуперак прынятай 3 траўня 1991 году Дэклярацыі аб незалежнай і плюралістычнай прэсе. Толькі сёлета, паведамляюць “Рэпартэры”, у выніку сваёй прафэсійнай дзейнасьці загінулі 9 журналістаў, 170 знаходзяцца за кратамі.
Праваабарончая арганізацыя таксама пратэстуе супраць ператрусаў у журналістаў і намеру ўладаў узламаць паролі да іх электроннай пошты і Skype, што мае месца ў Беларусі. “Рэпартэры” асуджаюць рашэньне міліцыянтаў даць экспэртам доступ да электроннай пошты і Skype-ліставаньня некаторых незалежных беларускіх журналістаў у рамках расьсьледаваньня справы аб абразе генэрала КДБ. Яны называюць гэта сур’ёзным парушэньнем правоў на прафэсійную дзейнасьць і на недатыкальнасьць асабістай прасторы.
"Мы патрабуем неадкладнага вяртаньня абсталяваньня, якое было канфіскаванае ў журналістаў", гаворыцца ў заяве міжнароднай праваабарончай журналісцкай арганізацыі.
На мінулым тыдні абаронцы свабоды прэсы зь іншай арганізацыі, "Freedom House" з Вашынгтону, таксама традыцыйна зьмясьцілі Беларусь сярод краін зь несвабоднай прэсай, даўшы краіне 188 месца ў гэтым рэйтынгу несвабоды, які ахапіў 196 краінаў сьвету.
Паводле "Рэпартэраў бяз межаў", сёлета ў сьвеце загінулі дзевяць журналістаў, а 300 знаходзяцца ў турмах.