Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У працэсе над Аўтуховічам згадалі пра менскі выбух 4 ліпеня 2008 году


Ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч, абвінавачаны ў падрыхтоўцы да тэракту, заявіў на працэсе ў Вярхоўным судзе, што мае крыніцу ў праваахоўных органах, якая пацьвердзіць, што перасьлед ягонай фірмы «Ніка-транс» быў арганізаваны незаконна.

Сёньня на працэсе над Мікалаем Аўтуховічам ды іншымі вывучалі матэрыялы справы. У тым ліку быў зачытаны ліст Мікалая Аўтуховіча, які той у 2005 годзе адрасаваў старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму Саўчанку і старшыні Ваўкавыскага райвыканкаму Савельеву. Аўтуховіч пісаў, што чыноўнікі падатковых органаў не даюць весьці бізнэс, незаконна абклалі вялікімі штрафамі, ініцыявалі незаконны крымінальны перасьлед. Саўчанка і Савельеў, паводле Аўтуховіча, ведаюць пра свавольства чыноўнікаў, але яго не спынілі. Вытрымку зь ліста Аўтуховіча зачытаў пракурор Сафараў.

Сафараў (чытае ліст Аўтуховіча): «Катэгарычна пратэстую супроць беззаконьня карумпаваных чыноўнікаў, якія зьвязаныя змовай, і абвяшчаю, што на знак пратэсту пачынаю з 20 верасьня галадоўку. Я патрабую пераправеркі ўсіх актаў і рашэньняў судоў, каб былі разблякаваныя ўсе рахункі фірмы „Ніка-транс“, забароненае адчужэньне маёмасьці фірмы і маёй асабістай, каб людзям далі магчымасьць спакойна працаваць. Губляць мне няма чаго, мяне загналі ў кут, мне засталося дзейнічаць гэтак, як падказвае сумленьне. Злачынцы мусяць ведаць, што за іх злачынствы іх чакае пакараньне».

(Зьвяртаецца да Аўтуховіча) «Скажыце, Мікалай Мікалаевіч, гэта ваш ліст? Каму вы яго накіравалі?»

Аўтуховіч: «Так, ліст мой, накіраваў яго Савельеву і Саўчанку, як там пазначана».

Далей Аўтуховіч распавёў пра сваё змаганьне ў судах. Як прэзыдыюм Вышэйшага гаспадарчага суду спачатку адмяніў ранейшыя рашэньні адносна фірмы «Ніка-транс» і адправіў справу на перагляд, але ў выніку нічога не зьмянілася:

«Атрымалася гэтак, што новы суд адбыўся ўжо безь мяне. Я ўжо сядзеў у турме, на суд мяне ня вывезьлі. А новы суд нават не разглядзеў тыя пытаньні, якія ставіў старшыня Вышэйшага гаспадарчага суду.
Вось гэтак і атрымалася, што рашэньне засталося, хаця ў ім нічога законнага няма і я гэта дакажу, калі, канечне, не заб’юць.
Ён проста пацьвердзіў былое рашэньне. Вось гэтак і атрымалася, што рашэньне засталося, хаця ў ім нічога законнага няма і я гэта дакажу, калі, канечне, не заб’юць».

Таксама Мікалай Аўтуховіч паведаміў суду, што ведае чалавека ў праваахоўных структурах, які можа даказаць, што крымінальную справу супраць фірмы «Ніка-транс» завялі на замову зьверху. Паводле Аўтуховіча, яшчэ да 2005 году тагачасны кіраўнік Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Дзяржкантролю Анатоль Грамовіч нібыта даў загад сваім падначаленым завесьці такую справу. «Інакш шукайце сабе іншую працу», — напісаў Грамовіч, паводле Аўтуховіча, на лісьце ў ДФР Гарадзенскай вобласьці.

Яшчэ адна цікавая акалічнасьць стала вядомая падчас дасьледаваньня дакумэнтаў справы. Аляксандар Ларын, на чыіх прызнаньнях у асноўным грунтуецца абвінавачаньне Аўтуховіча і Асіпенкі ў падрыхтоўцы тэракту, быў затрыманы 31 студзеня 2009 году як падазроны ў датычнасьці да выбуху 4 ліпеня 2008 году на праспэкце Пераможцаў. Сувязі з гэтым злачынствам Ларын не прызнаваў, як адпачатку не прызнаваў і датычнасьць да гранатамёта, які быў знойдзены ў Гародні ў 2005 годзе. Але амаль праз месяц, 24 лютага, Ларын прызнаў на допыце, што нібыта рыхтаваў на замову Аўтуховіча замах на Саўчанку.

Назіральнік за працэсам Сяргей Хаджанкоў, які 10 гадоў адбыў у лягерах за антысавецкую барацьбу, гэтак пракамэнтаваў тое, што Ларын потым прызнаў сваю віну:

«Відаць, усё ж нейкі ціск на яго аказалі. Магчыма яму пагражалі. Было ж сказана, што яго затрымалі па справе 4 ліпеня. Дык, можа, яму сказалі, што мы цябе абвінавацім па поўнай праграме і дакажам, што гэта ты ўзарваў бомбу 4 ліпеня, але тады табе расстрэл. Альбо бяры на сябе меншае. Такая зьдзелка, на мой погляд, магла быць».

Працэс працягнецца 7 красавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG