«За мной сачылі, таму я вырашыла ўцякаць позна ўвечары. Ужо было цёмна, я была ў чорным. Я баялася, што ўсё зноў скончыцца затрыманьнем», — Алана Гебрэмарыям, фігурантка «справы студэнтаў» у фільме Свабоды «Скрадзеная маладосьць», расказвае, як вымушаная была, правёўшы 2,5 года ў калёніі, пакінуць Беларусь.
Алане Гебрэмарыям 27 гадоў. Яна скончыла Беларускі дзяржаўны мэдычны ўнівэрсытэт. Увосень 2019 году на парлямэнцкіх выбарах яна была кандыдаткай у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.
12 лістапада 2020-га яе затрымалі па «справе студэнтаў». На той момант Алана была прадстаўніцай Сьвятланы Ціханоўскай па справах моладзі, сябрам асноўнага складу Каардынацыйнай рады, актывісткай «Моладзевага блёку». Дзяўчыне прысудзілі два з паловай гады турмы. Тэрмін яна адбыла цалкам.
Пасьля вызваленьня ёй паставілі забарону на выезд. Дзяўчына жыла ў Менску, стаяла на прафіляктычным уліку ў РУУС — рэгулярна хадзіла туды адзначацца.
Вясной 2023-га супрацоўнікі КДБ затрымалі Алану каля дому і павезьлі на размову.
«Зь іх боку гэта была спроба данесьці, што жыць спакойна я ня буду, ніхто не забудзе ўсё, што я зрабіла. Мне казалі, што я мала адседзела, што так думае ГУБАЗік і хоча пасадзіць мяне на 12 гадоў, а КДБ мяне нібыта ўратаваў і прапанаваў мне выйсьце».
Паралельна на Алану завялі іншыя крымінальныя справы.
«Супрацоўнікі КДБ наўпрост сказалі, што ў мяне ёсьць два варыянты: супрацоўнічаць ці даць інтэрвію розным дзяржаўным каналам, як рабіў Пратасевіч. На што я сказала, што я нічога не раблю, якія да мяне могуць быць пытаньні. Я жыву законапаслухмяна, хаджу на працу. Але іх гэта не пераконвала. Яны казалі: шэсьць месяцаў [пасьля вызваленьня з калёніі — РС] мы табе далі адпачыць, цяпер ізноў пачынаецца дзьвіж, як ты любіш», — кажа Алана.
Алана адмовілася ад гэтай умовы. Яе выпусьцілі і прапанавалі падумаць два дні. Пасьля гэтага ёй сказалі, каб яна зьвязалася зь імі праз пару дзён і дала адказ.
«За мной сачылі, таму я вырашыла ўцякаць позна ўвечары. Ужо было цёмна, я была ў чорным. Я баялася, што ўсё зноў скончыцца затрыманьнем», — кажа Алана.
Алана зьвярнулася ў BySol, і яе эвакуавалі. Спачатку яна пераехала ў Вільню, а потым абрала Польшчу.
Цяпер Алана жыве ў Варшаве і займаецца праваабарончай дзейнасьцю, а таксама моладзевымі пытаньнямі ў межах «Моладзевага Наступу» — фракцыі Каардынацыйнай рады, куды абралі Алану.
Алана — фігурантка справы студэнтаў. Цалкам яе гісторыю глядзіце ў фільме Свабоды «Скрадзеная маладосьць».
Дакумэнтальны праект Свабоды «Скрадзеная маладосьць: справа студэнтаў» — гэта шэсьць гісторый студэнтаў, выпускніцы і выкладчыцы, якія правялі больш за два гады ў турме за тое, што далучыліся да пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе.
Ася Булыбенка, Алана Гебрэмарыям, Марыя Каленік, Ксенія Сырамалот, Ільля Трахтэнбэрг, Вольга Філатчанкава расказваюць сваю гісторыю ад затрыманьня да эвакуацыі і жыцьця на эміграцыі.
Які сьлед пакідае турма на маладосьці, аб чым шкадуюць і аб чым не, як надалужыць скрадзеныя гады — у праекце Свабоды.
Форум