Ваенная контрвыведка Службы бясьпекі Ўкраіны (СБУ) раскрыла маштабную сетку агентаў, якія зьбіралі для ГРУ Расеі зьвесткі аб зьнішчальнікі F-16, паведамляецца ў тэлеграм-канале ведамства.
У выніку апэрацыі затрымалі 12 расейскіх агентаў і іх інфарматараў. Частка зь іх — дэзэртыры, якія самавольна пакінулі падразьдзяленьні Ўзброеных сіл Украіны (УСУ) і былі завэрбаваныя расейскай выведкай, паведамляе СБУ. Паводле ведамства, яны займаліся шпіянажам у пяці рэгіёнах Украіны.
Як паведаміў Офіс генпракурора Ўкраіны, адзін з затрыманых — «па-прарасейску настроены» вайсковец УСУ. Ён зьбіраў і перадаваў Расеі зьвесткі аб дысьлякацыі і перамяшчэньні падразьдзяленьняў і вайсковай тэхнікі УСУ на тэрыторыі Днепрапятроўскай і іншых абласьцей Украіны, а таксама аб месцазнаходжаньні органаў улады і ваеннага кіраваньня для нанясеньня ракетных і авіяцыйных удараў. Для збору інфармацыі ён прыцягнуў яшчэ трох вайскоўцаў УСУ, заявіўшы ім, што працуе на ўкраінскія спэцслужбы.
Да супрацоўніцтва вайсковец, як сьцьвярджаецца, прыцягнуў саўдзельнікаў з Запарожжа, Харкаўскай, Сумскай, Мікалаеўскай і Адэскай абласьцей. У гэтых рэгіёнах яны, у прыватнасьці, спрабавалі ўстанавіць лякацыі сакрэтных вайсковых аэрадромаў, дзе, паводле вэрсіі расейскага боку, маглі знаходзіцца амэрыканскія зьнішчальнікі F-16. Акрамя таго, адным з заданьняў агентаў было выяўленьне адрасоў кампаній, якія ўдзельнічаюць у вытворчасьці сродкаў радыёэлектроннай барацьбы для зьбіваньня расейскіх дронаў.
Вайскоўцаў у залежнасьці ад ролі кожнага абвінавацілі ў дзяржаўнай здрадзе, а таксама ў несанкцыянаваным распаўсюджваньні інфармацыі пра перамяшчэньне, рух або разьмяшчэньне Ўзброеных сіл Украіны.
- Зьнішчальнікі F-16 вырабляюць зь сярэдзіны 70-х гадоў ХХ стагодзьдзя, гэта адзін з самых масавых зьнішчальнікаў чацьвёртага пакаленьня. Ён прызначаны як для перахопу паветраных цэляў, так і для нанясеньня ўдараў па наземных аб’ектах. Ён быў на ўзбраеньні больш як 20 краінаў. Па стане на 2023 год у складзе ВПС розных дзяржаваў знаходзілася больш за 2100 такіх самалётаў.
- Улады Ўкраіны прасілі даць ім зьнішчальнікі заходняй вытворчасьці з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі. У 2023 годзе некалькі краінаў са згоды ЗША прынялі рашэньне перадаць Кіеву такія самалёты.
- У канцы траўня першая група ўкраінскіх пілётаў завяршыла курс навучаньня на зьнішчальніках F-16 у ЗША. Пасьля гэтага пілёты адправіліся ў Эўропу праходзіць дадатковую падрыхтоўку.
- У жніўні прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў пра атрыманьне першых амэрыканскіх зьнішчальнікаў F-16. Агулам Кіеву абяцалі 79 зьнішчальнікаў ад Нідэрляндаў, Даніі, Бэльгіі і Нарвэгіі. ЗША плянуюць паставіць для іх сучасныя ракеты, бомбы і іншыя віды ўзбраеньняў.
Форум