Гэта быў яшчэ адзін цяжкі год для сусьветнага клімату і прыроды: глябальная тэмпэратура вырасла, а экстрэмальныя зьявы надвор’я ўзмацніліся. Тым ня менш сёлета ў галіне клімату адбыліся і некаторыя істотныя прарывы. Пра сем ціхіх перамог, якія маглі застацца незаўважанымі ў 2024 годзе, расказвае ВВС.
Вялікая Брытанія закрыла сваю апошнюю вугальную электрастанцыю
30 верасьня 2024 году турбіны электрастанцыі Ratcliffe-on-Soar у Нотынгемшыры заціхлі, а яе трубы перасталі дыміць. Цяпер яе два гады будуць выводзіць з эксплюатацыі. Няясна, чым стане аб’ект пасьля гэтага, але адна з прапановаў — ператварыць яго ў сховішча акумулятараў. Паколькі краіны сьвету цяпер імкнуцца хутка дэкарбанізаваць сваю эканоміку, многія былыя электрастанцыі на выкапнёвым паліве аказваюцца пэрспэктыўнымі пляцоўкамі для прамысловых акумулятараў.
Закрыцьцё апошняй вугальнай электрастанцыі ў Вялікай Брытаніі — сымбалічны момант, бо менавіта Вялікая Брытанія стала першай краінай у сьвеце, якая пачала выкарыстоўваць вугаль для грамадзкай вытворчасьці электраэнэргіі, а выкапнёвае паліва давала жыцьцёвую сілу прамысловай рэвалюцыі.
Глябальны ўсплёск «зялёнай» энэргіі
Аднаўляльныя крыніцы энэргіі імкліва растуць ва ўсім сьвеце. У ЗША генэрацыя энэргіі з дапамогай ветру дасягнула рэкорду ў красавіку, перавысіўшы выпрацоўку электраэнергіі на вугалі.
Міжнароднае энэргетычнае агенцтва (МЭА) чакае, што да 2030 году глябальныя аднаўляльныя магутнасьці вырастуць у 2,7 раза ў параўнаньні з 2022 годам, што крыху не дацягвае да мэты ААН патроіць магутнасьці да 2030 году. Да канца гэтага дзесяцігодзьдзя аднаўляльныя крыніцы энэргіі павінны будуць пакрываць амаль палову ўсёй электраэнэргіі ў сьвеце.
Ільвіная доля гэтага росту прыпадае ўсяго на адну краіну — Кітай. Паводле прагнозаў МЭА, да 2030 году Кітай будзе вырабляць ня менш за палову сукупнай магутнасьці аднаўляльнай электраэнэргіі ў сьвеце. Фаціх Біроль, выканаўчы дырэктар МЭА, адзначае, што «маштабны рост аднаўляльных крыніц электраэнэргіі» ў сьвеце быў абумоўлены ў асноўным эканамічнымі прычынамі, а не палітыкай урадаў, бо аднаўляльныя крыніцы энэргіі, асабліва сонечныя, — самы танны варыянт электраэнэргіі амаль у кожнай краіне сьвету.
Рэкі, горы, хвалі і кіты атрымалі юрыдычныя правы асобы
Яшчэ ў 2021 годзе ўрад Эквадору вынес знамянальную пастанову, у якой гаварылася, што здабыча карысных выкапняў у лесе Лёс-Сэдрас парушае правы прыроды. У іншай пастанове ўраду Эквадору гаварылася, што забруджваньне парушыла правы ракі Мачангара.
Сёлета была апублікаваная справаздача, у якой гаварылася, што падобныя пастановы сапраўды могуць дапамагчы абараніць экасыстэмы, якія знаходзяцца пад пагрозай зьнікненьня.
І па-за межамі Эквадору шэраг прыродных аб’ектаў і прастораў атрымалі ў 2024 годзе юрыдычныя правы асобы — напрыклад, вяршыні нацыянальнага парку Эгмант у Новай Зэляндыі і частка акіяну ў Бразыліі (а прыбярэжны горад Ліньярэс у Бразыліі прызнаў свае хвалі жывымі істотамі, даўшы ім права на існаваньне, рэгенэрацыю і аднаўленьне).
«Юрыдычныя правы асобы забясьпечваюць разуменьне таго, што прырода і жывыя нечалавечыя істоты павінны разглядацца як суб’екты [у адрозьненьне ад аб’ектаў] — з унутранай каштоўнасьцю і ўласнымі інтарэсамі і патрэбамі», — кажа Жаклін Галант, юрыстка, якая працуе ў галіне зьмены клімату, біяразнастайнасьці і правоў.
Новыя меры абароны акіяну для Азорскіх астравоў
У Паўночнай Атлянтыцы Азорскія астравы абвясьцілі пра стварэньне новай марской ахоўнай зоны. Яна стане найбуйнейшай у рэгіёне, ахопліваючы 30% мора вакол Партугальскага архіпэлягу. Палова з 287 тысяч квадратных кілямэтраў ахоўнай зоны будзе «цалкам абароненая», без рыбалоўства ці іншай здабычы прыродных рэсурсаў, паводле ініцыятывы, якая стаіць за стварэньнем новай ахоўнай зоны. Мяркуецца, што другая палова будзе «высокаабароненай».
У новай ахоўнай зоне, сярод іншага, знаходзяцца 9 гідратэрмальных крыніц, 28 відаў марскіх млекакормячых і 560 відаў рыб.
Mарскія ахоўныя зоны могуць быць вельмі эфэктыўнымі ў абароне біяразнастайнасьці, калі іх абмежаваньні будуць належным чынам выконвацца. У цэлым толькі 2,8% сусьветнага акіяну эфэктыўна абаронена і толькі 8,3% ахоўваецца, паводле справаздачы Bloomberg Philanthropies Ocean Initiative.
Высечка лясоў у Амазоніі дасягнула дзевяцігадовага мінімуму
Паводле зьвестак, апублікаваных бразыльскім Нацыянальным інстытутам касьмічных дасьледаваньняў INPE, высечка лясоў у бразыльскай Амазоніі ўпала ў 2024 годзе да дзевяцігадовага мінімуму, за год скараціўшыся больш як на 30% (па ліпень 2024 году). За год было зьнішчана каля 26 288 кв. км трапічных лясоў, што перавышае плошчу амэрыканскага штату Дэлавэр — хоць гэтая плошча па-ранейшаму вялізная, гэта самыя нізкія гадавыя страты з 2015 году. Гэта адбылося амаль праз 2 гады пасьля таго, як прэзыдэнт Бразыліі Луіз Інасью Лула да Сілва ўступіў на пасаду і паабяцаў пакласьці канец незаконнай высечцы лясоў да 2030 году.
Высечка лясоў скарацілася, нягледзячы на тое, што пажары ў бразыльскай Амазоніі павялічыліся за той жа пэрыяд амаль у 18 разоў пасьля грандыёзнай засухі.
Ахова прыроды сапраўды можа зьмяніць біяразнастайнасьць
Буйны агляд ініцыятываў па ахове прыроды сёлета паказаў, што часьцей за ўсё яны эфэктыўна запавольваюць або спыняюць страту біяразнастайнасьці. Навукоўцы прааналізавалі 665 выпрабаваньняў мераў па захаваньні папуляцыі па ўсім сьвеце, у тым ліку некалькі гістарычных выпрабаваньняў, і выявілі, што далі станоўчы эфэкт у двух з кожных трох выпадкаў.
Адзін з прыкладаў — ініцыятыва «Алтын-Дала» па захаваньні стэпавых экасыстэмаў Казахстану. Ініцыятыва была заснаваная ў 2005 годзе як доўгатэрміновае партнэрства паміж Міністэрствам экалёгіі і прыродных рэсурсаў Казахстану, Казахстанскай асацыяцыяй захаваньня біяразнастайнасьці, міжнароднай арганізацыяй «Fauna & Flora», Франкфурцкім заалягічным таварыствам і Каралеўскім таварыствам аховы птушак, каб супольнымі намаганьнямі аднавіць колькасьць сайгакаў (парнакапытнае млекакормячае з падсямейства сапраўдных антылёпаў) і захаваць цэласнасьць стэпаў Казахстану.
Калі ў 2003 годзе папуляцыя сайгака налічвала ўсяго 20 тысяч, дык сёньня ўжо 2,86 мільёна сайгакаў блукаюць па Залатым стэпе Казахстану, і са статусу «знаходзіцца пад пагрозай зьнікненьня» перайшлі ў статус «амаль пад пагрозай», паводле Міжнароднага саюзу аховы прыроды.
Карэнныя народы прыкладаюць намаганьні па аднаўленьні прыроды
У Каліфорніі дзікая прырода выйграла ад шматгадовых намаганьняў індзейскага племені юрок па аднаўленьні жывёл на племянных тэрыторыях. У 2024 годзе пасьля 100-гадовага перапынку ў басэйне ракі Кламат у Арэгоне заўважылі ласося — гэта адбылося пасьля гістарычнага зносу плацінаў ніжэй па цячэньні на каліфарнійскім адрэзку Кламату. У жніўні прыбралі апошнюю з чатырох плацінаў. Гэты найбуйнейшы праект зносу плацінаў у Амэрыцы быў рэалізаваны пад ціскам эколягаў і плямёнаў.
Чакалася, што ласосю спатрэбяцца месяцы, каб вярнуцца ў вярхоўі ракі, бо яго колькасьць скарацілася праз дрэнны стан ракі, выкліканы плацінай, якая блякавала натуральную плынь вады. Але ў кастрычніку біёлягі заўважылі рыбу ў рэках Арэгона. «Я ня мог паверыць, што іх заўважылі ў Арэгоне. Гэта была неверагодная навіна, ашаламляльная. Калі я пачуў, я падумаў: „Што, ужо?!“. Гэта пераўзышло ўсе чаканьні», — кажа Бары Макові, спэцыяліст па рыбалоўстве, які працуе для племені Юрок.
Таксама посьпех мела інтэнсіўная праграма вяртаньня каліфарнійскіх кондараў. Гэтая птушка, падобная да сьцярвятніка, — сьвятая для племені юрок. Праект вяртаньня яе ў прыроду племя рэалізуе з 2008 году. 4 кастрычніка сёлета племя выпусьціла яшчэ дзьвюх птушак, давёўшы агульную колькасьць каліфарнійскіх кондараў на тэрыторыі племені да 18.
Форум