Сёньня ў судзе вывучалі матэрыялы справы. У тым ліку быў зачытаны ліст Мікалая Аўтуховіча, які ён напісаў напярэдадні галадоўкі 20 верасьня 2005 году. Аўтуховіч пісаў, што чыноўнікі Ваўкавыску і Гарадзенскай вобласьці яго "загналі ў кут", не даюць весьці бізнэс, незаконна абкладаюць вялікімі штрафамі нібыта за няўплату падаткаў, на яго беспадстаўна завялі крымінальную справу і таму ён вымушаны абвесьціць бестэрміновую галадоўку пратэсту. Сёньня Аўтуховіча пацьвердзіў аўтарства гэтага лісту і сказаў суду, што "і зараз гатовы даказаць сваю невінаватасьць, калі яго не заб'юць".
Таксама Мікалай Аўтуховіч заявіў суду, што ведае чалавека ў праваахоўных структурах, які можа даказаць, што крымінальную справу супроць фірмы "Ніка-транс" завялі на замову зьверху. Паводле Аўтуховіча, яшчэ да 2005 году тагачасны кіраўнік Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Дзяржкантроля Анатоль Грамовіч нібыта даў загад сваім падначаленым завесьці такую справу. "Інакш шукайце сабе іншую працу", -- напісаў Грамовіч, паводле Аўтуховіча, на лісьце ў ДФР Гарадзенскай вобласьці.
Нагадаем, летась былы начальнік ДФР Дзяржкантроля Анатоль Грамовіч быў асуджаны да зьняволеньня – яго прызналі вінаватым па справе аб злоўжываньнях мытнікаў у Берасьці.
Яшчэ адна цікавая падрабязнасьць, якая стала вядомая падчас дасьледаваньня дакумэнтаў справы "аб падрыхтоўцы тэракту". Асноўны "сьведка" ў гэтай справе Аляксандр Ларын быў затрыманы 31 студзеня 2009 году як падазроны ў датычнасьці да выбуху 4 ліпеня 2008 году на праспэкце Пераможцаў. Сувязі з гэтым злачынствам Ларын не прызнаваў, як ад пачатку не прызнаваў і датычнасьць да гранатамёту, які быў знойдзены ў Гародні у 2005 годзе. Прызнацельныя паказаньні ў гэтай справе Аляксандр Ларын пачаў даваць 24 лютага 2009 году.