Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны Суд стаў на бок Мін’юсту


Старшыня БАЖ Жанна Літвіна ля Вярхоўнага суду.
Старшыня БАЖ Жанна Літвіна ля Вярхоўнага суду.

Вярхоўны суд адхіліў скаргу грамадзкага аб’яднаньня «Беларуская асацыяцыя журналістаў» на папярэджаньне Міністэрства юстыцыі ў поўным аб’ёме. Рашэньне набыло сілу з моманту яго абвяшчэньня.

13 студзеня 2010 года Міністэрства юстыцыі вылучыла адразу некалькі прэтэнзіяў да Беларускай асацыяцыі журналістаў: датычна формы пасьведчаньня сябра журналісцкай суполкі, статусу Цэнтра прававой абароны СМІ і наогул мэтаў і задач БАЖ.

Скарга БАЖу адхіленая, папярэджаньне Міністэрства юстыцыі застаецца ў сіле і абскарджаньню не падлягае. Актуальныя і ўсе пералічаныя ў ім прадпісаньні з боку Мін’юсту. У тым ліку і патрабаваньне цягам месяца сабраць усе выдадзеныя раней пасьведчаньні са словам «прэса» і «забясьпечыць далейшую немагчымасьць карыстаньня імі».

Старшыня БАЖ Жанна Літвіна паведаміла, што зараз трэба прыцягнуць да гэтага ўвагу міжнароднай грамадзкасьці, выклікаць міжнародны рэзананс:

«Я не хачу ні ў якім разе пакрыўдзіць Вярхоўны Суд, але схільная рабіць выснову, што прымалася проста палітычнае рашэньне. БАЖ — гэта арганізацыя зь міжнародным іміджам. Паводле хадайніцтва Парлямэнцкай асамблеі Вэнэцыянская камісія — а гэта кансультацыйны орган Рады Эўропы — будзе разглядаць 4 чэрвеня пытаньне, наколькі гэтае папярэджаньне адпавядае асноўным прынцыпам, стандартам. То бок міжнародны рэзананс гэтага папярэджаньня ўжо ёсьць».

Эдуард Мельнікаў
Сябра Рады БАЖ, выкладчык аддзяленьня журналістыкі ЭГУ Эдуард Мельнікаў перакананы, што і папярэджаньне Мін’юсту, і рашэньне Вярхоўнага Суду маюць выразны палітычны падтэкст:

«Гэта ўскоснае прызнаньне дзейснасьці такой грамадзкай арганізацыі, як Беларуская асацыяцыя журналістаў, у справе данясеньня да насельніцтва Беларусі аб’ектыўнай, неангажаванай інфармацыі. Калі браць супярэчнасьці паміж міжнародным заканадаўствам і нацыянальным, падчас усяго працэсу гэта проста ігнаравалася. Вядома, выкарыстоўваючы пэўныя артыкулы, і вельмі выбарачна, з новага Закону аб СМІ, было вынесена такое рашэньне. Ну, а палітычны падтэкст той, што год нас чакае вельмі нялёгкі, няпросты, і ў гэтых умовах улада хоча хаця б крыху быць спакойная, што нейкія незалежныя журналісты не папсуюць ёй нэрвы ці ня зробяць ёй штосьці яшчэ горшае».

Што тычыцца працы Цэнтру прававой абароны СМІ, кіраўнік гэтага падразьдзяленьня БАЖ доктар юрыдычных навук, прафэсар Міхаіл Пастухоў паведаміў, што цягам месяца трэба прыняць адзін з трох варыянтаў рашэньня:

«Першае: трэба ўнесьці папраўкі ў Статут і прадугледзець, што дзейнічае Цэнтар прававой абароны. Другое: што нам трэба будзе стварыць новую структуру, юрыдычную асобу, якая будзе займацца прававой абаронай журналістаў, з атрыманьнем ліцэнзіі на аказаньне юрыдычных паслугаў. І трэцяе рашэньне — гэта сапраўды ліквідаваць Цэнтар прававой абароны СМІ, і тады юрысты і іншыя сябры БАЖ могуць аказваць адзін аднаму дапамогу і практычна выратоўваць адзін аднаго».

Міхаіл Пастухоў перакананы, што за выкананьнем папярэджаньня Мін’юсту будзе жорсткі кантроль.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG