Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАЖ абскарджавае папярэджаньні Мін’юсту ў Вярхоўным Судзе


Сёньня ў Вярхоўным судзе пачаўся разгляд скаргі грамадзкага аб’яднаньня «Беларуская асацыяцыя журналістаў» на пісьмовае папярэджаньне Міністэрства юстыцыі ад 13 студзеня.

На судовае паседжаньне прыйшлі сябры БАЖ, кіраўнік Менскага офісу АБСЭ Бэнэдыкт Галер, надзвычайны і паўнамоцны пасол Швэцыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан, праваабаронцы. Справу вядзе судзьдзя Анатоль Церах. Ад Міністэрства юстыцыі афіцыйным прадстаўніком выступае кансультант дэпартамэнту па грамадзкіх аб’яднаньнях, партыях і НДА Аляксандар Харытон. У сераду былі заслуханыя абодва бакі, заўтра — працяг разгляду справы.

Міністэрства юстыцыі выставіла да арганізацыі адразу некалькі прэтэнзіяў. Яны тычацца пасьведчаньня, статусу Цэнтру прававой абароны СМІ, наагул мэтаў і задач грамадзкага аб’яднаньня, інфармацыі, якая разьмяшчаецца на сайце baj.by. БАЖ палічыў гэтыя прэтэнзіі неабгрунтаванымі і зьвярнуўся ў Вярхоўны Суд. 25 лютага адбылася папярэдняя сустрэча бакоў, і вось сёньня — разгляд скаргі.

Расейскі прафэсар, загадчык катэдры прававога рэгуляваньня СМІ Маскоўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Ламаносава, дырэктар Інстытуту праблемаў інфармацыйнага права, рэдактар часопіса «Заканадаўства і практыка мас-мэдыя» Андрэй Рыхтар:

«Тое, што выкладзена ў гэтых прэтэнзіях, да заканадаўства аб СМІ ніякага дачыненьня ня мае, а мае дачыненьне да рознага кшталту патрабаваньняў Мін’юсту — у дадзеным выпадку да БАЖу, заўтра могуць быць да каго заўгодна. Праблема палягае ў тым, што павінен быць выкананы такі даволі важны прынцып правасудзьдзя, як сувымернасьць. Пакараньне павінна быць адпаведным парушэньню».

Згодна зь беларускім заканадаўствам, дзейнасьць БАЖ можа быць прыпынена на тэрмін ад 1 да 6 месяцаў рашэньнем суду. У выпадку невыкананьня прэтэнзіяў Мін’юст можа настойваць і на ліквідацыі грамадзкага аб’яднаньня.

Перад пачаткам паседжаньня судзьдзя папярэдзіў, што рашэньне суду па гэтай справе ня зможа быць абскарджана, і спаслаўся на Грамадзянскі працэсуальны кодэкс. Гэта выклікала пратэст Гары Паганяйлы. Адвакат падкрэсьліў, што згаданая норма ГПК не адпавядае Канстытуцыі і артыкулу 14 ратыфікаванага Беларусьсю «Акту аб грамадзянскіх і палітычных правах», бо гэтыя нарматыўныя акты маюць большую моц, чым нормы ГПК, і гарантуюць кожнаму права на абскарджваньне судовых рашэньняў.

Суд задаволіў хадайніцтва БАЖ аб далучэньні да матэрыялаў справы копіяў сяброўскіх пасьведчаньняў журналісцкіх саюзаў Нямеччыны, Даніі, Расіі, а таксама Міжнароднай фэдэрацыі журналістаў, на якіх ёсьць слова «прэса». Прадстаўнік Міністэрства юстыцыі «ня бачыў сэнсу» ў далучэньні іх да справы, але пракурор Скорабагатая не пярэчыла, і хадайніцтва было задаволена.

У першай палове дня выступілі прадстаўнікі Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна, Андрэй Бастунец, якія выказалі свае заўвагі на прэтэнзіі Мін’юсту, адказалі на пытаньні.

Жанна Літвіна, Андрэй Бастунец
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:03 0:00


Пасьля перапынку суд заслухаў прадстаўніка Міністэрства юстыцыі Аляксандра Харытона. Сваімі ўражаньнямі ад судовага паседжаньня падзяліўся сябра Рады БАЖ, выкладчык ЭГУ Эдуард Мельнікаў:

Яны ўвесь час ігнаруюць, што Беларусь падпісала «Акт аб грамадзянскіх і палітычных правах», і што гэта мае прыярытэт нават над нацыянальным заканадаўствам. Дык вось, згодна з артыкулам 19 гэтага дакумэнту, кожны чалавек мае права зьбіраць любымі даступнымі сродкамі і распаўсюджваць, нягледзячы на дзяржаўныя межы, любую інфармацыю любога кшталту.

Прадстаўнік Мін’юсту Харытон, калі пералічваў, што Цэнтар прававой абароны СМІ абараняў рэдакцыі тады, тады і тады, сказаў літаральна наступнае: «вось які размах набыла супрацьзаконная дзейнасьць БАЖ». Карацей, яны выбіваюць, па-першае, наша права зьбіраць інфармацыю і працаваць як журналістам, па-другое, каб нас пры гэтым абаранялі«.

У чацьвер — працяг судовага паседжаньня. У суд выклікалі ў якасьці сьведкі гарадзенскага журналіста Аляксандра Дзянісава, які прад’явіў пасьведчаньне сябра БАЖ пры падрыхтоўцы матэрыялу на шклозаводзе «Нёман».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG