У выніку скарга адхіленая, папярэджаньне Мін’юсту застаецца ў сіле і абскарджаньню не падлягае. Хоць тэарэтычна застаецца права нагляднай скаргі на імя старшыні Вярхоўнага суду.
Нагадаем, што 13 студзеня 2010 года Міністэрства юстыцыі вылучыла адразу некалькі прэтэнзіяў да Беларускай асацыяцыі журналістаў: датычна формы пасьведчаньня сябра журналісцкай суполкі, статусу Цэнтра прававой абароны СМІ і наогул мэтаў і задач БАЖ.
Слуханьні пачаліся ў сераду, 17 сакавіка. Былі заслуханыя прадстаўнікі абодвух бакоў. У чацьвер суд апытаў сьведку, сябра БАЖ Аляксандра Дзянісава, і заслухаў спрэчкі бакоў.
У пятніцу прадстаўнікі БАЖ і Міністэрства юстыцыі выступілі з рэплікамі, а пракурор А.Скарабагатая прызнала вынесенае арганізацыі пісьмовае папярэджаньне абгрунтаваным па ўсіх пунктах. Судзьдзя Анатоль Церах адклаў рашэньне да панядзелка.
Кіраўніцтва БАЖ пакідае права зьвяртацца па маральную падтрымку да беларускай і міжнароднай грамадзкасьці, паколькі бачыць у рашэньнях Міністэрства юстыцыі і Вярхоўнага суду яскрава палітычны падтэкст.