Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паплечнікі Віктара Бабарыкі адрэагавалі на ягоны выхад з рэжыму інкамунікада: «Жывы!»


 Віктар Бабарыка ў калёніі №1 Наваполацку
Віктар Бабарыка ў калёніі №1 Наваполацку

Палітычныя хаўрусьнікі Віктара Бабарыкі пазытыўна адрэагавалі на ягоныя фота і відэа з наваполацкай калёніі.

У тэлеграм-канале Віктара Бабарыкі, які працягваюць весьці ягоныя паплечнікі, адразу пасьля зьяўленьня фота і відэа з палітвязьнем апублікавалі пост, які назвалі: «„Я вас усіх люблю“ — Віктар Бабарыка жывы!»

«Мы вельмі радыя бачыць гэтыя фота з калёніі № 1 у Наваполацку і чуць голас Віктара.

Пакутліва доўгія больш за 630 дзён у нас не было навін аб ім. Віктар знаходзіўся ў рэжыме інкамунікада з красавіка 2023 году пасьля паведамленьняў аб яго шпіталізацыі са шматлікімі траўмамі.

І вось нарэшце родныя атрымаюць ад яго ліст, убачаць яго ўсё такую ж добрую ўсьмешку і пачуюць: „Я вас люблю“.

Мы хочам верыць, што гэта першы крок да таго, што камунікацыя зь Віктарам будзе аднаўляцца. Спадзяёмся, 2025-ы будзе працягваць прыносіць як мага больш добрых навін і зьмен да лепшага».


Іван Краўцоў са штабу Віктара Бабарыкі расказаў @dw_belarus, як каманда адрэагавала на зьяўленьне гэтага відэа:

«Перш за ўсё я вельмі рады бачыць Віктара, таму што, нагадаю, два гады ён знаходзіўся ў рэжыме інкамунікада, гэта значыць не было ніякай афіцыйнай інфармацыі аб тым, што зь ім адбываецца, як ён выглядае. Не дапускалі адвакатаў, не дапускалі сваякоў на спатканьні», званкоў ад яго таксама не было. Чалавек ужо больш за чатыры гады знаходзіцца ў турме. Большую частку гэтага тэрміну ён правёў у камэры, гэта значыць не ў калёніі, не ў атрадзе, а ў ізаляцыі. Тое, што ён так выглядае, — гэта вялікае дасягненьне яго сілы волі і вытрымкі«, — сказаў Іван Краўцоў.

Ён не адказаў адкрыта на пытаньне, ці ведала каманда Бабарыкі аб прыезьдзе да яго Рамана Пратасевіча і ці можна чакаць памілаваньня.

«Я думаю, мы ад гэтага яшчэ даволі далёка знаходзімся», — лічыць Іван Краўцоў. У яго таксама «няма інфармацыі» пра тое, ці пісаў Бабарыка прашэньне аб памілаваньні.

«Хутчэй, ён не напісаў прашэньня аб памілаваньні. Я ня думаю, што пра гэта магла ісьці размова ў бягучай сытуацыі. Ды і ў прынцыпе, ведаючы Віктара Дзьмітрыевіча, я не думаю, што гэта той чалавек, які гатовы разьвітвацца са сваімі перакананьнямі».

Палітвязень Віктар Бабарыка запісаў зварот да сваіх родных, урывак зь яго апублікаваў праўладны блогер Раман Пратасевіч.

Паводле «Вясны», з 5 лютага 2023 году Віктара Бабарыку трымалі ў рэжыме інкамунікада. Была інфармацыя пра ягоную тэрміновую шпіталізацыю ў красавіку 2023 году.

На фота і відэа відаць, як Віктар Бабарыка нешта піша на паперы. Пратасевіч патлумачыў, што прывёз Віктару Бабарыку ў Наваполацкую калёнію № 1 лісты ад родных і забраў ад яго ліст у адказ і запісаў ягоны відэазварот да сваякоў на волю.

На фота і відэа відаць, што на Бабарыку жоўтая бірка «схільнага да эстрэмісцкіх дзеяньняў». Відаць таксама, што ён моцна схуднеў.

  • Паводле «Вясны», з 5 лютага 2023 году Віктар Бабарыка ўтрымліваўся ў рэжыме інкамунікада.
  • Ён адбывае пакараньне ў калёніі № 1 Наваполацку.

Ціханоўская зноў заклікала да спыненьня ўсіх палітычных рэпрэсій

«Неймаверным шчасьцем» назвала Сьвятлана Ціханоўская магчымасьць убачыць палітвязьня Віктара Бабарыку, які доўгі час утрымліваўся ў рэжыме інкамунікада.

«Але жудасна разумець: рэжым выкарыстоўвае людзей, якія не павінны былі апынуцца за кратамі, для маніпуляцый», — прыводзіць словы палітыка яе прэс-служба.

Па словах Ціханоўскай, з-за адсутнасьці якіх-небудзь вестак родныя вязьняў ня могуць «нармальна жыць»:

«Калі так балюча на волі, страшна ўявіць, што адчуваюць яны там, за кратамі».

Кожны дзень у зьняволеньні, падкрэсьліла яна, — гэта «страта цэлага жыцьця, якое адбываецца на волі».

«Мой муж (палітвязень Сяргей Ціханоўскі) ня бачыць, якімі дарослымі ўжо сталі дзеці Карней і Агнія. Сыны Паліны Шарэнда-Панасюк растуць без цеплыні мамінай любові. Ігар Лосік ужо 4,5 года ня бачыць дачку Паўліну... Жыцьцё спыняецца ў цэлых сем’ях, бо рэжым ахвяруе людзьмі дзеля ўлады».

«Убачыць тых, хто знаходзіўся ў інкамунікада — вялізнае палягчэньне. Але разам з гэтым мы ня можам забываць: за кратамі несправядліва застаюцца больш за 1.200 палітвязьняў», — дадала яна.

Ціханоўская мяркуе, што спыненьне рэжыму інкамунікада — гэта «першы крок да таго, каб спыніць той жах, які зараз адбываецца ў краіне».

Наступным крокам, на яе думку, павінна стаць «вызваленьне тых, хто апынуўся за кратамі з-за сваіх поглядаў», а таксама «спыненьне ўсіх палітычных рэпрэсій супраць беларусаў».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG