Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве сфармаваная ўчастковая камісія з парушэньнем заканадаўства


Зьміцер Салаўёў
Зьміцер Салаўёў

Суд Кастрычніцкага раёну Магілёва выявіў парушэньне ў фармаваньні ўчастковай камісіі № 100. У яе ўключаныя двое прадстаўнікоў раённай арганізацыі грамадзкага аб’яднаньня «Беларускі фонд міру». Факт парушэньня выбарчага заканадаўства быў выяўлены падчас разгляду скаргі рады абласной арганізацыі руху «БНФ Адраджэньне» супраць адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Магілёва.

Нагодай для суду сталася тое, што прадстаўніка апазыцыйнай арганізацыі не запрасілі на паседжаньне па фармаваньні складу ўчастковых камісіяў. 5 сакавіка, рада арганізацыі пісьмова заяўляла пра жаданьне прысутнічаць на паседжаньні. Чыноўнікі канкрэтнай даты тады не назвалі, спаслаліся на тое, што самі ня ведаюць. 9 ж сакавіка паседжаньне адбылося, але без прадстаўніка апазыцыйнай арганізацыі.

Скаргу рады абласной арганізацыі руху «БНФ Адраджэньне» сёньня суд разгляд больш за тры гадзіны. Пасьля таго як выявілася парушэньне, судзьдзя абвясьціла перапынак да заўтра:

Старшыня абласной фронтаўскай арганізацыі Зьміцер Салаўёў: «Яна запатрабавала, каб раённая арганізацыя грамадзкага аб’яднаньня «Беларускі фонд міру» прадставіла суду пратакол вылучэньня сваіх прадстаўнікоў у камісію. Выбарчае заканадаўства забараняе, каб двое прадстаўнікоў адной арганізацыі працавалі ў адной камісіі. Акрамя таго, выявілася, што адміністрацыя Кастрычніцкага раёну наўмысна не ўключала ў камісіі прадстаўнікоў апазыцыйных арганізацыяў. Абмеркаваньня і галасаваньня па кандыдатурах ад апазыцыі не было. Іх вылучана было 15 чалавек. Дзевяць з іх ад руху «БНФ „Адраджэньне“. На паседжаньні чыноўнікі галасавалі за ўжо сфармаваныя камісіі. Прадстаўніца адміністрацыі тлумачыла суду, што ў камісіі выбіралі тых вылучэнцаў, якія маюць досьвед працы ў камісія, акрамя таго глядзелі на характарыстыкі зь месца працы».

Праз суд апазыцыянэры намагаюцца адмяніць пастанову раённай адміністрацыі, якой зацьвярджалі склад участковых камісіяў і патрабуюць сфармаваць іх наноў, але ў прысутнасьці прадстаўнікоў арганізацыяў, якія вылучылі туды сваіх актывістаў.

Скарга рады абласной арганізацыі «БНФ «Адраджэньне» ня першая, якую разглядаюць у судзе за час выбарчай кампаніі ў мясцовыя саветы. 5 лютага апазыцыянэры судзіліся з Магілёўскім гарвыканкамам. Нагодай сталася неўключэньне ў склад гарадзкой тэрытарыяльнай камісіі прадстаўніка апазыцыйнай арганізацыі Сяргея Фаміна. Абласны суд пакінуў тады скаргу апазыцыянэраў без задавальненьня.

Што да ўчастковых камісіяў, то на Магілёўшчыне ўсе яны без прадстаўнікоў апазыцыі. Участковых камісій у рэгіёне 830.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG